Меркаванні44

Апраўданне тутэйшасці

Ці жыхары Віленшчыны ўрэшце прызнаюцца, што яны беларусы? Гутарка з Тацянай Дубавец.

Аўтарка перадачаў Літоўскага ТВ для беларусаў Літвы «Віленскі сшытак» Тацяна Дубавец зняла фільм «Тут, пад самаю Вільняю, або З жыцця тутэйшых». Ці жыхары Віленшчыны ўрэшце прызнаюцца, што яны беларусы? Гутарка з аўтаркай фільма.

Сімпатычны дамарослы дзядзька-паэт, якія піша злабадзёнкі на мяшанцы беларускай, польскай і расійскай, бойкія бабулькі, якія з гумарам каментуюць сваю беларускую польскасць, і дзяды, якія даюць дасціпныя каментары, сочачы па тэлевізіі за візітам Пуціна ў іх «Польску».

У кадры — жыхары беларуска-літоўскага памежжа, якія — гэтак ужо павярнулася — жывуць па той бок мяжы. Пераскокваючы часам на крэсавую пальшчызну, часам — на прыстойную беларускую і ніколі — на літоўскую, падвіленскія тутэйшыя нязмушана апавядаюць пра сябе і тое, хто яны такія.

Па словах Тацяны Дубавец, яна старалася зрабіць нейтральны фільм, аднак атрымаўся твор з ясным мэсіджам: «тутэйшы — не заўсёды кепска, і пасля куламесы і безупыннай змены ўладаў у ХХ ст. варта пакінуць таго тутэйшага ў спакоі».

«Наша Ніва»: У фільме гучыць выдатная фраза, прамоўленая вяскоўцам Мар'янам Адамойцем вёскі Чуранцы Салечніцкага раёна «Так, мы, вядома беларусы, але пазапісаныя палякамі». Можа, і праўда лепей ужо пакінуць беларусаў Віленшчыны ў спакоі?

Тацяна Дубавец: Але хто вырашае, пакінуць, не пакінуць?.. Літва лічыць іх літоўцамі па факце іхнага літоўскага грамадзянства. Палякам, па вялікім рахунку, гэтыя людзі патрэбныя адно ў часе выбараў. А Беларусь пра іх папросту неведае, таму й не бярэ пад увагу ў любых сваіх раскладах: палітычных, эканамічных ці культурных. Іх і так пакінулі ў спакоі, дзякуй Богу. Таму і стала магчымым гэтае самавызначэнне: беларусы, хоць і запісаныя палякамі.

«НН»: Што ўсё ж прымушае жыхароў Віленшчыны прызнацца, што яны беларусы? На Беласточчыне ў беларускую тоеснасць свой унёсак зрабіла праваслаўная рэлігія, а што гуртуе беларусаў Віленшчыны?

ТД: Беларусаў Віленшчыны нішто не гуртуе. Тут няма школы па-беларуску, установаў культуры па-беларуску, царквы па-беларуску. А беларусамі яны сябе называюць якраз таму, што іх «пакінулі ў спакоі», а значыць, яны атрымалі права і жаданне да самавызначэння. Ніхто ім не тыцкае: «ты паляк» ці «ты літовец». І чалавек разважае: я нейкі, можа, няправільны паляк, бо палякі з Польшчы, як прыязджалі, дык не разумелі, што я кажу... Не літовец — дык пэўна ж, не літовец, хоць і пашпарт літоўскі маю: па-літоўску не размаўляю, не пішу, не чытаю. Я тут жыву, то хай буду «тутэйшы». Мова мая найбольш да беларускай падобная. То, як спытаюць, магу сказаць, што беларус. А магу нічога не казаць. А найлепш, каб не пыталіся.

«НН»: Ва ўрочышчы Свіраны, на радзіме Багушэвіча, усталявалі помнік «беларускаму дудару». З гэтай нагоды ў тамтэйшых жыхароў настрой такі, маўляў, прыехалі з Вільні, усталявалі помнік і паехалі сабе, а нам тут заставацца. Як варта весці і ці варта ўвогуле весці беларускую працу ў краі, які належыць Літоўскай Рэспубліцы, а людзі маюць поцяг да паляччыны і запісваюцца палякамі?

ТД: Так, Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Віленскага краю, якім кіраваў Юры Гіль, зрабіла шмат: усталявалі памятную дошку на адной з хатаў, размешчанай найбольш блізка да таго месца, дзе колісь быў двор Багушэвічаў, скульптуру Мадонны, гранітную памятную табліцу з датай хрышчэння Францішка Багушэвіча ў касцёле суседняй вёскі Рукойні. У блізкай да Свіранаў вёсцы Савічуны цэнтральная вуліца названая імем Багушэвіча, а ў бібліятэцы ёсць цэлы беларускі аддзел… Праўда, гэтага аказалася зусім недастаткова, каб пераканаць тутэйшых людзей у тым, што яны да ўсяго гэтага маюць непасрэднае дачыненне. Так і ўспрымаюцца і помнік, і шыльда, і вуліца як прыкметы віленскага беларускага культурнага жыцця. Калі б мясцовы, тутэйшы чалавек, сам «адкрыў» Багушэвіча для сваіх — магчыма, стаўленне было б зусім інакшае, а так — нехта прыехаў, прывёз, паставіў, назваў... А ці трэба весці беларускую працу — вядома, трэба. Інакш адкуль тут з’явіцца той мясцовы патрыёт-краязнаўца, які абвесціць тутэйшым, што і Багушэвіч — тутэйшы?

«НН»: Цяпер у Беларусі беларусамі замежжа заняліся на дзяржаўным узроўні: у 2011 хочуць правесці фэст беларусаў замежжа, на поўныя застаўкі распрацоўваецца закон, які будзе рэгуляваць адносіны паміж метраполіяй і беларускай дыяспарай, у службовых колах пагаворваюць пра стварэнне беларускіх культурных цэнтраў за мяжой. Як беларускай дзяржаве варта паводзіцца з жыхарамі Віленшчыны? Якія, на Вашу думку, канкрэтныя захады варта зрабіць беларускай дзяржаве ў гэтай справе?

ТД: Беларускай дзяржаве варта паводзіць сябе з «тутэйшымі» карэктна. Не тыцкаць: вы беларусы!.. Ім ужо хто толькі не тыцкаў, яны стаміліся ад дабрадзеяў, якія імкнуцца накінуць ім адзіна правільную нацыянальнасць. Іх па-ранейшаму варта «пакінуць у спакоі». І — выяўляць клопат, ведаючы патрэбы. Ёсць патрэба ў беларускай школе, дык паклапаціцеся, каб у Віленскім краі яна была і нармальна функцыянавала; хочуць тут вучыць беларускія песні — забяспечце стаўку кіраўніка спеўнага гурту; кажуць тутэйшыя, што варта праводзіць багушэвічаўскія чытанні — будзь ласкавая, беларуская дзяржава, падтрымай, паўдзельнічай. Словам, насамперш трэба даведацца пра патрэбы тутэйшых, а яшчэ раней — даведацца, што тутэйшыя ўвогуле ёсць.

«НН»: Фільм «Тут, пад самаю Вільняю, або З жыцця тутэйшых» зняты год таму, але грамада ў Беларусі яго дагэтуль не пабачыла. Ці зацікавіліся фільмам дзяржаўныя беларускія тэлеканалы або «Белсат»?

ТД: Фільм здымаўся, не ведаючы, што ён фільм. І паводзіцца ён не як фільм, а як прыватная справа прыватнага чалавека, які нешта захацеў зрабіць і зрабіў. Прыватны чалавек не ўмее дачыняцца з тэлеканаламі, таму фільм быў паказаны не грамадзе, а тым людзям, якім цікавае беларуска-літоўскае памежжа і тутэйшасць як з’ява: у Гародні, у Вільні, цяпер у Мінску. Калі б якісьці з тэлеканалаў захацеў паказаць падвіленскіх тутэйшых у сваім эфіры, было б нядрэнна. Мой кантакны мэйл: [email protected].

Каментары4

Цяпер чытаюць

Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку. Яна цудам выжыла9

Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку. Яна цудам выжыла

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус здаваў на правы 75 разоў. Але здаў жа!3

У Польшчы затрымалі беларуса, які гуляў каля чыгункі

Каля 20 вызваленых палітвязняў едзе праз Польшчу ў Літву2

З’явілася відэа моманту выбуху ў Гомелі на вуліцы Косарава5

У Смалявічах навагоднюю ёлку паставілі проста на праезнай частцы7

На польска-беларускай мяжы беларускім скаўтам перадалі Бэтлеемскі агонь міру ФОТЫ1

Беларуса, абвінавачанага ў падрывах цягнікоў на БАМе, асудзілі ў Расіі на 22 гады1

Бутан выдзеліць 10 тысяч біткойнаў на развіццё футурыстычнага «Горада ўсвядомленасці»

«З нас смяяліся ва ўсім свеце. Яны больш не смяюцца». Трамп выступіў са зваротам да нацыі. Пра што гаварыў?21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку. Яна цудам выжыла9

Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку. Яна цудам выжыла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць