Культура

Арфэй правінцыі

Скобла, як падаецца, знаўца ўсяго пра ўсіх беларускіх паэтаў, як тое і належыць укладальніку анталёгіяў, сказаў мне: «Твой Голуб — аднакашнік Разанава». Голасны выклік «Ня можа быць!» быў задушаны намаганьнем волі, пасьля чаго яго замяніла маё — былога гарадзенца — паўпакрыўджанае пытаньне, адрасаванае самому сабе: «Зрэшты, а чаму і ня можа быць?»

Скобла, як падаецца, знаўца ўсяго пра ўсіх беларускіх паэтаў, як тое і належыць укладальніку анталёгіяў, сказаў мне: «Твой Голуб — аднакашнік Разанава». Голасны выклік «Ня можа быць!» быў задушаны намаганьнем волі, пасьля чаго яго замяніла маё — былога гарадзенца — паўпакрыўджанае пытаньне, адрасаванае самому сабе: «Зрэшты, а чаму і ня можа быць?»

    Сьпявала капэля

    Крынічна,

    крыштальна

    і ясна.

    І роўных ня мела

    У поўдзень — на полі,

    у поўнач — ля прасьніц.

    Ды гэтага мала:

    Ля зорак капэля сьпявала!

    Гучала капэля…

    Ды нечаму сьціхла заўчасна,

    Ці помач тады не пасьпела,

    Ці лёс у жанчын пакручасты?

У «Балядзе Берштаўскай капэлі» Голуб надзвычай ляканічны ў выбары выяўленчых сродкаў. Прадмет, абраны паэтам, вызначае і вобразную сыстэму. У балядзе — гаворка пра лёс сельскай пэнсіянэрскай капэлі, што сьпявала старыя сялянскія песьні. Такіх сьпеўных, вэтэранскіх калектываў у Беларусі мноства. Іншы раз яны — апошняе, што напаўняе жыцьцё старых творчым сэнсам. Бо каб ня было штотыднёвых рэпэтыцыяў, яны б сустракаліся толькі на паховінах. А так — паховіны перамяжаюцца з канцэртамі, горыч стратаў зьмяняецца радасьцю сустрэчаў. Да тае пары, покуль не сыходзяць апошнія.

    Дык дзе ж ты, капэля?

    Хай радасьцю сум твой засьвеціць,

    Дзе бэзам прасторам кіпела.

    Ды падаюць словы на вецер…

    Маўчаньне стаіць акапэльна.

    Сьмяртэльна.

Акапэльнае маўчаньне, роўнае сьмерці, — вобраз агромністай сілы. Кожны, хто хоць аднойчы ў жыцьці чуў хоравыя сьпевы — прыкладам, у храме, — памятае тую цішу, што наступае ў момант змаўканьня мэлёдыі. І тое, што вясковы хор успрымаецца паэтам як хор храмавы, пераносіць трагедыю невялічкай — вымерлай, замоўклай назаўжды! — беларускай вёскі ў разрад усясьветнай трагедыі. Бо сьмерць вэтэранскага сьпеўнага калектыву для сапраўднага паэта — гэта штосьці кшталту прадвесьця будучай — мажлівай! — сьмерці цэлага народу. Гэтак баляда становіцца грознай засьцярогай.

Мяне ўразіла гэта баляда. Раптам я падумаў аб тым, што мая дарагая цешча сьпявае ў такім — вэтэранскім — хоры. І за адзінаццаць гадоў я аніводнага разу ня быў на іхным канцэрце.

Калі такое ўзгадваеш пасьля вершаў, значыцца паэт — сапраўдны.

    Пад наглядам сядзіб

    І вільготных вяргіняў

    Дзед ля лазьні сядзіць,

    Як тутэйшы Вэргілі.

Прачытаеш — і ўзгадваеш, што тутсама, у Горадні, недаацэнены ўладамі і народам Аляксей Карпюк напісаў раман «Карані», дзе з эпічным спакоем, кшталту Вэргіліевай «Энэіды», распавёў пра пагібель старэчы Лаўрэна, занядбанага ўласнымі дзецьмі (ня Лір Шэксьпіра, але нападоб таго). Ці ўжо пра Дантэ ўзгадваеш, пера-перакладзеным Уладзімерам Скарынкіным (праз мову-пасярэдніцу, здаецца, з геніяльнага перакладу Лазінскага — бо які ж ідыёт падрыхтуе пераклад-падрадоўнік для «перакладніка», што не валодае італьянскай мовай?), — там Вэргілі ладзіць экскурсію для паэта па нетрах пекла. Можа, пра гэту паэтычную біяграфію Вэргілія ўзгадвае Голуб, для якога правінцыйнае жыцьцё — накшталт існаваньня жывога чалавека ў пекле? Праўда, мы памятаем, што акрамя Дантэ ў Пекле пабываў і вярнуўся адтуль жывым Арфэй. Таксама паэт.

Правінцыя, што становіцца для шматлікіх паэтаў другім вірам, для Голуба — натуральны жыцьцёвы асяродак. Можа, таму што насамрэч Горадня — куды меншая правінцыя, чым Менск. Менск проста вельмі вялікі ды сталічны. Але адымеце ад яго сталічную функцыю, і счэзьне ўсялякая аўра, як і належыць гораду, пазбаўленаму адчувальнай гістарычнай міталёгіі.

    У дастапомнай брамы лёс

    З паданьняў, занядбаных зьдзекам,

    Пазбыўся сьпеваў і калёс,

    А памятка сядзіць у дзеўках.

    Дзе балем цешыўся палац

    І бушавала жарсьцяў безьліч,

    Дарэмна сьлёзкай паліваць

    Нябыт азызлы і аблезлы?

    Падмурак: каецца рагоз.

    Алеі знак: уздых кунегі.

    Няма і духу пітных доз,

    Што вус замочвалі Сапегам.

Голуб нібыта працягвае тую лінію, да якой належала і Ларыса Геніюш, каторая ласкава называла яго ў сваіх лістах «Галубком». Вялікім паэтам, незапатрабаваным нацыяй, позна выпадае прыждаць прызнаньня. Геніюш — пасьля сьмерці. Але тут, вядома, прычынай быў яе трагічны лёс, жыцьцё, што загнала яе ў Зэльву. Голуб чакае прызнаньня пакорліва, не прэтэндуючы, не спрабуючы ўварвацца ў сталічную паэтычную тусоўку. І ягоныя браты па пяры, што добра — лепей ад чытачоў — ведаюць яму цану, маўкліва цешацца з таго, што ён працягвае жыць там, ня ў Менску, ня робячы канкурэнцыі натоўпу ахвотнікаў атрымаць прэмію ад уладаў ці апазыцыі.

Але ж мог бы!

    Зара шматкроп’е сухара

    Зіме ня крошыць на спадніцу,

    А ў дым закручвае зара

    Ядловец з пахам паляндвіцы.

    Абліскавічаны нажом,

    Ня церпіць стол пакутнай пусткі.

    І лезе прагна на ражон

    Гурок, прыкметна, што распусьнік.

    Ня ўзмах сыгнальнага сьцяжка

    Для бульбы вызначыў напрамак:

    Гастрылі вока спадцішка

    На бульбу ў корабе і краме…

    …Зацьмяць кілбасы бляск калёс

    У апраменьні ўласным бляскам.

    Не апанурыцца на знос

    Шана калёсам і кілбасам!

    На лугавіне ручніка

    І бацька бохан, сын акраец

    Здалёк віну паражняка

    Штрафною мерай пакараюць.

Голубаў «Мясаед» — кшталту «Рыбнай лаўкі» маладога Забалоцкага. Той самы бляск вобразаў, рубэнсаўскія фарбы, неверагодная насычанасьць паэтычнай тканіны, якую немажліва абарваць — нават цытату для рэцэнзіі цяжка выбраць, — вырваць. Але ж лёс Забалоцкага — рэпрэсаванага, няшчаснага, які перакладаў «Слова пра паход Ігаравы» ў бытнасьць сваю качагарам у правінцыйнай кацельні — аніяк не супадае зь лёсам Юркі Голуба, што не прайшоў ні церазь якое-кольвек дысыдэнцтва. Няўжо пачуцьце паэтычнай незапатрабаванасьці падмяняе трагедыю рэальнага жыцьця?

    Ня думаў, не гадаў:

    Закон — заўжды як дышла.

    Ня выйшла галадаць,

    Сьпяваць затое — выйшла.

    І расшчапляўся сьвет

    Жадной на грукат клямкай.

    Як боскі запавет —

    Цягні латынь за лямку.

Але пачуцьце трагедыі народу ў Голуба сапраўднае, не прыдуманае.

    Я ня зьведаў калымскіх мук

    З абцугамі,

    даносам,

    крэчам.

    Толькі посах з уласных мук

    Перад мукамі тымі кленчыць…

    Нам зь нявер’я паўстаць у рост,

    З душаў злосна аддзёршы ветах,

    Каб на полі айчынным рос

    Колас праўды, як промень веку.

Голуб знаходзіць зернейка, здатнае прарасьці ў колас праўды, у паэзіі. Нездарма праходзяць ляйтматывамі скрозь тканіну яго паэзіі — паўтаруся, шчыльную тканіну, на цытаты не разьдзерці — чужыя ніткі: Багдановіча, Янішчыц, Геніюш. Ён нібыта параўноўвае сваіх сучасьнікаў з папярэднікамі — і не на карысьць сучасьнікаў.

    А з бляскам сабе макіяж

    Наводзіла пані эпоха.

    Кідаліся сэрцы ў Ля-Манш,

    Клінок не залежваўся ў похвах.

    Калі ж са здрабнелай шчакі

    Сплылі неўзабаве румяны,

    Ніхто да старэчай рукі

    Ня кінуўся ў міг безымянны.

    Чапляецца думка адна,

    Праверыцца, пэўна, па часе:

    Ня з тога выпадку, аднак,

    І мор на герояў пачаўся?

Гэты палянізм, натуральны для гарадзенца, «бляск», для Голуба — яшчэ адна прыступка ўсходцаў, што выводзяць з правінцыйнасьці ў іншы паэтычны сьвет. Як Ля-Манш у яго вершах нагадвае пра Байрана і Экзюпэры, пра сьпевакоў вялікіх эпох, так Лазенкі нагадаюць яму пра вялікую польскую паэзію, пра легендарныя часіны Станіслава-Аўгуста, пра музыку Шапэна, пра вершы Норвіда. Голуб — паэт вялікай культуры, ня вычытанай, але засвоенай, не наўмысна падкрэсьленай, але пранізьлівай. Ён, вядома, награшыў, паспрабаваўшы ўсе верагодныя і неверагодныя паэтычныя формы, ад санэтаў да трыялетаў, але пры гэтым так і не спадобіўся Соф’і Шах, якая напорыста пляце вянок за вянком санэтаў, хоць ты яе ў кнігу рэкордаў Гінэса занось. Голуб ня схільны да экспэрымэнтаў дзеля экспэрымэнтаў, да гульбішчаў на аркушы паперы. Можа, таму што ён не забыўся ўрокаў Вэргілія ды Арфэя і памятае: у пекле будзённасьці — не да пагулюшак.

І толькі тады, калі паэт ператварае будзённасьць — не адрываючыся, не зьлятаючы ад яе ўвышыню, але пачуўшы мэлёдыю вышэйшых сфэраў у сьпевах сельскай капэлі — будзённасьць становіцца Жыцьцём.

Каментары

Цяпер чытаюць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба13

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Усе навіны →
Усе навіны

З 1 сакавіка ГЦ Green City уводзіць платную начную стаянку

Адной з галоўных цэляў першай хвалі ўдараў па Іране былі лідары ісламскай рэспублікі7

У нядзелю чакаецца да +15. Надвор'е на першыя дні вясны1

Трамп: Калі мы скончым, вазьміце ўладу над сваім урадам. Ён будзе вашым14

Шпакоўскі: Жадаем Ірану мужнасці і стойкасці57

Ізраіль і ЗША рыхтуюцца да шматдзённага канфлікту з Іранам

Як асвоілася Святлана Ціханоўская ў Варшаве і ці ўжо пайшла на бокс? Распыталі11

ЗША і Ізраіль наносяць масіраваныя ракетныя ўдары па Іране60

Цэны на какава-бабы абваліліся. Але ці патаннее шакалад?7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба13

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць