Здарэнні9797

Аўтакатастрофа: загінула Таццяна Сапач, Сяргей Дубавец паранены

Апошні раз яна з’явілася ў «Нашай Ніве» подпісам пад зваротам з патрабаваннем вызваліць Някляева.

Сяргей Дубавец і Таццяна Сапач трапілі ў аўтакатастрофу. Аварыя здарылася на тэрыторыі Літвы, пад Алітусам уначы на 28 снежня. Сям’я вярталася ад дачкі, якая нядаўна нарадзіла ім унучку.

Сяргей Дубавец трапіў у шпіталь, яго жонка Тацяна загінула. Паводле папярэдніх звестак, машыну занесла на лёдзе. Было гэта 27 снежня поначы, каля 21-й.

Сяргей Дубавец адмовіўся заставацца ў шпіталі, вярнуўся дамоў.

Развітанне з журналісткай Таццянай Сапач пройдзе ў сераду, 29 снежня, у Вільні. Пачнецца а 14-й, у 5 зале па вул. Аланду, 22.

***

Сяргей Дубавец — журналіст, першы рэдактар адноўленай «Нашай Нівы». Таццяна Дубавец (літаратурны псеўданім — Сапач) была ягонай жонкай. Яна вядомая як паэтка, журналістка.

Яна нарадзілася 26 жніўня 1962 году ў вёсцы Маркава (Маладэчанскі раён). На бацькаўшчыне ў яе засталіся сваякі.

Яна была рэдактаркай і аўтаркай праграмы «Віленскі сшытак» на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі (з 1991). Разам з Дубаўцом яны супрацоўнічалі з радыё «Свабода».

У 1992 годзе выйшаў яе зборнік паэзіі «Восень». У 2008 — «Няхай не пакіне нас восень». Тоненькі сшытак «Восень» зрабіў Таццяну ўлюбёнкай аматараў паэзіі. Яе вершы ператварыліся ў песні гурту «Новае неба».

Ад часу паступлення ва ўніверсітэт Таццяна Сапач далучылася за руху за незалежнасць. Была ўдзельніцай першых падпольных незалежніцкіх студэнцкіх гурткоў. Там і пазнаёмілася з Сяргеем. Гэта была гісторыя вялікага кахання на фоне вялікай гісторыі. Разам яны пераехалі ў Вільню, каб аднавіць віленскі беларускі асяродак. Сапач была адной з аўтарак эпахальнай «Нашай Нівы» пачатку 90-х.

Апошні раз яна з’явілася ў «Нашай Ніве» подпісам пад зваротам з патрабаваннем вызваліць Някляева.

* * *

Тацяна Сапач

Калі ўдача цябе пакіне,
і жана дарагая, і дочкі,
за гарой застанецца Вільня,
за гарою прачнешся аднойчы
у пакоі, між мяккіх цацак,
і вясёлых, з карункамі, кніжак.
Нешта можа заўжды заставацца
для жывых. І для іншых.

Адзінота

О, гэта ноч! Стамляюцца мяняцца
сляпыя вочы вечных святлафораў.
І аціхаюць шолахі шалёных
з апаленымі крыламі мятлух,
і ўладны над дарогай павадыр
няшчаснага вандроўніка-нябогі
са смехам і шкадобаю камечыць ручнік,
што звязваў рухі іхных рук…
О, гэта ноч! І заміраюць шэпты
шчаслівых і зняможаных каханкаў,
і прачынаецца і тут гасцюе сон.

І зараз мне няма куды спяшацца —
падлічаны учора страты ловаў,
і меч яшчэ не высах ад крыві,
і значыць, можна жыць цяпер спакойна.
Да часу! Будзе дзень, і будзе дзея,
і той, хто быў сляпы, відушчым стане,
і будзе наш нябога ўладаром…
А толькі мне няма куды
і ўжо даўно няма куды ісці —
там
нехта ёсць,
і я яго баюся.

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да спачуванняў Сяргею Дубаўцу і ўсёй сям’і. Гора Ваша нязмернае.

Каментары97

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?3

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?

Усе навіны →
Усе навіны

У Пакістане вызвалілі 150 з 450 закладнікаў захопленага цягніка

Аляксей Протас аформіў сёмы беларускі хет-трык у НХЛ1

Майстра манікюра судзяць за палітыку. Ёй пагражае да трох гадоў калоніі2

У Зяленскага паведамілі, калі пачнуць абмеркаванне дэталяў пра спыненне агню

Дактароў, што лячылі Марадону перад смерцю, будуць судзіць. Ім пагражае да 25 гадоў турмы

Што за расійскі серыял «Аўтсорс», пра які ўсе гавораць? У ім паказваюць, як «часам не да законаў»13

Актыўнае сэксуальнае жыццё вельмі часта пачынаюць дастаткова рана, у 11-12 гадоў. Праўда, тут ёсць адно вялікае «але»1

Ці абавязаны пакупнік плаціць, калі разбіў тавар у краме?2

NED аднаўляе фінансаванне праектаў ва ўсім свеце7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?3

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць