Усяго патроху2323

Егіпет краечкам

Мора, каралы, перамены. Егіпет пасля рэвалюцыі — піша Наталка Бабіна.

«Чаго вы да мяне звяртаецеся па валюту, каб паехаць ў Егіпет? Гэта вышэй даху, вышэй нахабства».

А. Лукашэнка, у абурэнні, на нарадзе 27 мая.

Каго падтрымаць еўрам

Ясна, што ні ў якога Лукашэнкі мы нічога не прасілі — грошы на летнюю вандроўку збіралі гадамі, а зарабляюцца яны ў нашай сям’і, як і ва многіх беларускіх сем’ях, не дзякуючы існаванню Лукашэнкі, а, хутчэй, насуперак яму. Што ж да таго, куды паехаць летам — то вырашылі падтрымаць сваім рублём (дакладней, еўра) гераічны егіпецкі народ — тым больш што ў Афрыку хацелася даўно, і кожны з нашай сям’і меў там свае зацікаўленні: нехта марыў ступіць на плошчу Тахрыр, нехта хацеў прайсці шляхамі фараонаў, а нехта — сцяжынкамі Бармалея.
Таму з канцавой мэтай вандроўкі вызначыліся хутка.

Аказалася, што на шляху ў Афрыку наша сям’я падтрымае еўра і гераічны ўкраінскі народ у той форме, што паляціць у Хургаду самалётам «Украінскіх авіяліній» — гэта на 60% танней, чым з Мінска «Белавія». А паколькі нас пяцёра — то эканомія выявілася досыць значнай. Трэба сказаць, што беларусаў у аэрапорце Барыспаль было шмат. Вобразна кажучы, на плошчу Тахрыр яны дабіраліся праз майдан Незалежнасці.

Самалёт амаль цалкам гаманіў па-ўкраінску.

Маёй суседкай аказалася кіеўская пенсіянерка авантурнага характару, якая ляцела ў Хургаду… на дачу, набытую на беразе Чырвонага мора некалькі год таму.
Цяпер гэтая дачніца жыве на дзве краіны. «Жыву як каралева, — пахвалялася яна. — Нават па рэстаранах хаджу. І ўсё — за 200 даляраў у месяц. Каб так жыць у Кіеве, мне спатрэбілася б 2000».

Успамінаю «П’яўку»

Пад такія размовы знізу наперадзе ў сінечы Міжземнага мора вымаляваўся, як на карце ў атласе, бераг Афрыкі, з выразнай дэльтай Ніла, з трыма пірамідамі Гізы, з месяцовым пейзажам пустыні — і неўзабаве мы селі ў аэрапорце былога рыбацкага пасёлка Хургада.

Афрыканская спякота ўспрымаецца зусім не так, як наша, дзякуючы таму, што паветра вельмі сухое і ўвесь час вее моцны вецер з пустыні.

Іхнія 40 градусаў адпаведныя па ўспрыманні нашым трыццаці. Але ўсім, хто прыязджае ў Афрыку ўпершыню, трэба быць гатовымі да сустрэчы з невядомай нам афрыканскай мікрафлорай,
да таго, што называецца акліматызацыяй і адаптацыяй. Вельмі часта яна праходзіць у досыць цяжкай форме — тэмпература, расстройства жывата… Калі на другі дзень па прыбыцці ў Сафагу чацвёра з пяці маіх сямейнікаў зваліліся з такімі сімптомамі, я была амаль у паніцы. Сустрэтыя суайчыннікі супакоілі: «Вы першы раз у Афрыцы? Ну тады гэта нармальна. Пратрывайце дзень, усё наладзіцца». І праўда — за дзень усё прайшло. Праўда, на экскурсіях я сустракалася з людзьмі, якім «не прайшло», і яны траплялі пад кропельніцу… Пра гэта чамусьці не папярэджваюць у турыстычных кампаніях.

Увогуле, першыя ўражанні ад Афрыкі да спалоху нагадалі апакаліптычныя апісанні з «П’яўкі» Юрыя Станкевіча: гарачыня, як у апраметнай, бясплодныя пяскі на сотні кіламетраў, гурбы смецця абапал дарог… Але людзі тут жывуць — і людзі вельмі цікавыя.

Leave, leave, Mubarak!

Егіпцяне ганарацца сваёй рэвалюцыяй і тым, што скінулі Мубарака.
Пра апошняга ўсе — ад заможных, што адпачывалі ў гатэлі, да не вельмі заможных, што падмяталі там дарожкі — адгукаліся з нянавісцю.

«Мубарак 30 год душыў мары, надзеі і амбіцыі егіпцян», — прыпячатаў Мухамед Ахмед, студэнт-юрыст, старэйшы сын у вялікай егіпецкай сям’і (бацька, дзве жонкі і шасцёра дзяцей), з якім мае дзеці закарашыліся ў гатэльным більярдзе.

«Мубарак leave — і слава Алаху! — прыпячатаў гандляр майкамі. — Але, мадам, цішоткі з такім надпісам не маю. Дый навошта вам яна? Ён жа ўжо leave!»

І сапраўды, навошта, — думаю я сабе. Замоўлю я лепш сабе па вяртанні кашульку з больш актуальным надпісам, напрыклад: «Міністэрства інфармацыі не папугай. Яно свінтус грандыёзус!!!».

Па пятніцах егіпцяне зноў збіраюцца на плошчы Тахрыр — каб дамагчыся суда над Мубаракам. Прабачэння яму, мусіць, не будзе.

…Перад паездкай натыкнулася на выказванне аднаго з найлепшых егіпецкіх пісьменнікаў:

«За два месяцы да рэвалюцыі я быў на прыёме ў палацы прэзідэнта Мубарака з нагоды ўручэння прэмій. Я пабываў на прыёме ў цара: лізаблюды і падхалімы вакол, гнілая раскоша карупцыі, і нічога наперадзе. Я вярнуўся адтуль прыгнечаным. Мёртвая атмасфера з таго прыёму, здавалася, забівае ўсю краіну. Але я памыляўся. Мая краіна жыве!»

Праз тысячагоддзі

Чым жыве Егіпет, мне стала трошкі зразумела з размовы з Абду. Абду, адвучыўшыся 7 год на адваката, працуе ў турагенцтве. Ён — нубіец, родам з Асуана.

— Мы — не арабы, — тлумачыць нам Абду. — У нас, нубійцаў, свая мова. Мы не маем пісьменнасці, але мусім перадаваць мову дзецям, як перадалі яе нам продкі з часоў фараонаў, якія захапілі нубійскую пустыню. Мова фараонаў загінула, а наша — жыве. У мяне будуць дзеці, у майго брата ёсць дзеці — мы перадамо ім нашу мову. О, наша мова выдатная! Вось прыязджайце да нас у Асуан у кастрычніку — тады ў нас не душна, тады ў нас час святаў. Нубійцы танцуюць, спяваюць. Белыя адзежы, белыя зубы, чорная скура — гэта прыгожа!

У мяне 10 імёнаў — маё імя, майго бацькі, дзеда, прадзеда і так далей. У майго сына будзе 11, а ў ўнука — 12 імёнаў. Мы помнім мінулае.

…У крамцы прыпраў і алеяў, якую трымаюць Абду з братам, Поля запісала на камеру іхнія спевы на мове нубійцаў, а таксама атрымала боб какавы ў падарунак і добрую зніжку на бедуінскі чай.

Турыстычныя радасці

Турыстычная галіна ў Егіпце будуецца на наяўнасці Чырвонага мора — чыстага, цёплага, як кампот, поўнага каралаў і рыб.

Другая турыстычная радасць у Егіпце — сістэма «ўсё ўключана», па якой працуюць тамтэйшыя атэлі.

Азначае гэта, што без перапынку на працягу сутак турыстаў кормяць і пояць — еш і пі, хоць расперажыся — і ненавязліва забаўляюць. Мне цяжка ўявіць такое ў беларускіх дамах адпачынку, цана ў якіх супастаўная з коштам пуцёўкі ў Егіпет...

Але, ідучы ў рэстаране гатэля паўз бясконцыя рады вытанчаных страваў з самых свежых прадуктаў, мне цяжка пазбыцца ўражання, што гэткае свята ўжывання — нешта неправільнае, калі побач, літаральна за некалькі тысяч кіламетраў, людзі пакутуюць з голаду…

Што да зніжак — то турыстам ў Егіпце варта таргавацца. Тое нямногае, што можна прывезці з Егіпта, турыстам прапануюць заведама утрыдорага. А ўвогуле, калі меркаваць па цэнах на прадукты і па сцэнах жыцця егіпецкіх гарадкоў, можна зрабіць выснову, што па ўзроўні развіцця Егіпет прыкладна роўны Беларусі.

Хлапчына-прыбіральшчык, раўналетак маёй Полі, кажа: «Не, я ніколі не змагу паляцець у Беларусь, гэта вельмі дорага, я ніколі не зараблю столькі грошай…» І ў Беларусі ведаю шмат людзей, якія таксама ніколі не заробяць столькі грошай, каб злётаць у Егіпет.

І гэта выклікае злосць на несправядлівасць.

Зміцер выходзіць з сябе

А ў майго мужа, які клапатліва распрацоўваў план вандроўкі і насалоджваўся кожнай хвілінай свайго ўдалага выбару, злосць выклікаюць спробы асобных дзеячаў турбізнэсу трымаць нас за лахоў.

Першы раз ён выйшаў з сябе, калі расейскамоўная гід у Карнакскім храме замест таго каб правесці экскурсію, прадавала турыстам срэбра. «Калі вы не правядзеце зараз паўнавартасную экскурсію, — заявіў Зміцер, стаічна выслухаўшы лекцыю пра лекавыя вартасці срэбных картушоў, а потым — прапанову пагуляць па храме самастойна, — то я напішу скаргу ў Ваша міністэрства па турызме».

Гід здзівілася, але экскурсію усё ж правяла.

(У Карнакскім храме я доўга насілася вакол выявы скарабея, які выконвае жаданні. Два з маіх жаданняў былі прыватнымі, а адно — грамадска значным (раскрываць не буду, каб не сурочыць, але, думаю, усе здагадваюцца, якім менавіта).

Другі раз Зміцер выйшаў з сябе ў аэрапорце, на зваротным шляху. Рэгістратар, атрымаўшы пяць нашых пашпартоў, за магчымасць нам ляцець побач, у адным радзе, запатрабаваў даляр.

— Вы дасце нам квіткі побач без аніякага бакшышу, інакш будзеце мець скандал!

На гэты выгук побач матэрыялізаваўся супрацоўнік службы бяспекі аэрапорта.

— Хто вымагаў з вас даляр, сэр? Гэта вельмі важна! Калі ласка, пакажыце, хто патрабаваў з вас грошы?

— Ніхто не патрабаваў з нас грошы, — цвёрда сказала я, атрымаўшы квіткі. — Гэта прыкрае непаразуменне.

Квіткі нам выдалі ў казырны першы рад.

«Сярод пяскоў Егіпецкай зямлі…»

Дачка ж прывезла з Егіпта пясок — да помніка таму, хто… Памятаеце?

Сярод пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ужо колькі тысяч год стаіць магіла:
У гаршчку насення жменю там знайшлі…

Вось сімвал твой, забыты краю родны:
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
Наперад рынецца, маўляў, крыніца…

Пясок цяпер ляжыць на пастаменце помніка Багдановічу ў Мінску.

* * *

Ганарар за публікацыю хацела б перадаць сям’і Мікіты Ліхавіда.

* * *

Сафага, у якой мы адпачывалі, знаходзіцца непадалёк ад больш раскручанай Хургады. Курорты гэтага раёна лічацца больш дэмакратычнымі за арыстакратычны Шарм-эль-Шэйх. Чырвонае мора вельмі цёплае. Адпачываць на ім можна цэлы год. Улетку тэмпература паветра трымаецца каля 35—40 градусаў, вада — 28—30 градусаў. Узімку вада халаднее да 18—20 градусаў, паветра — да 20—25-ці. Толькі ад сакавіка да сярэдзіны мая здараюцца пясчаныя буры (хамсін), астатні час у Егіпце адпачываць камфортна.

Каментары23

Цяпер чытаюць

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?

Усе навіны →
Усе навіны

Блогер-канспіролаг Вірус знайшоў новую працу6

Як пераўтвараюць пляцоўку каля Палаца спорту — рэканструююць зону фантана, зробяць міні-кафэ ФОТЫ1

Падлеткі стаяць у чарзе, каб зрабіць фота ля пад’езда на Нямізе — што там адбылося?5

«Прайшло роўна 15 хвілін». Беларус пад міжнароднай абаронай расказаў, як аформіў маме польскую візу без пасярэднікаў

25‑гадовая іспанка два гады змагалася за права на эўтаназію пасля групавога згвалтавання і інваліднасці. І ўрэшце перамагла15

У Нідэрландах, верагодна, знайшлі парэшткі д’Артаньяна. Што вядома

Найлепшая рэклама амерыканскай авіяцыі. Як амерыканскі знішчальнік ухіліўся ад іранскай ракеты ВІДЭА2

Ізраільскім ударам забіты камандуючы вайскова-марскімі сіламі КВІР2

Былога вядучага «Белсата» затрымалі ў Польшчы за наркотыкі11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць