Андрэй Расінскі. Кадры

Найлепшая беларуская камэдыя зь Лявонам Вольскім. Не прапусьціце!

Вадэвільная камэдыя Аляксандра Канановіча пра недарэку-жаніха, якога пафарбавалі ў зялёны. У якасьці музычнага атракцыёну — «Мама дарагая!» Лявона Вольскага. Дыплёмны 20-хвілінны фільм маладога рэжысэра — гэта найлепшая беларуская камэдыя — бадзёрая, жывая й гарадзкая.


Колер каханьня

Аляксандар Канановіч: Я ведаю, у чым беларускі кайф

Колер каханьня

Беларусь, 2005, каляровы, 20 хв.

Рэжысэр: Аляксандар Канановіч

Жанр: Эксцэнтрычны вадэвіль-камэдыя

Адзнака: 8 (з10)

Зялёны, Вольскі і п’яўказаводчык

Натхнёны юнак Леанард (Пётар Юрчанкоў-мал.) імчыцца на фаэтоне да нявесты, прызнаецца ў каханьні, абдымаецца — суцэльная ідылія на тле краявідаў расейскага нечарназем’я. Але сьледам зьяўляюцца насаты і вусаты Лявон Вольскі на чале аркестрыка «Крамбамбуля» ды кандыдат у цесьці, шчодры й шчыры п’яўказаводчык (Аляксандар Бяспалы).

Але сапраўдныя непрыемнасьці для Леанарда пачынаюцца ў горадзе. Крыж на ягоным вясельным гарнітуры «ставіць» паветраная цыркавая карова-ўцякачка. Потым будуць юрлівая гараджанка (Алеся Пухавая), што прапануе адмыць касьцюмчык і пафарбаваць яго ў зялёны колер, зьяўленьне мужа-раганосца (Ігар Кашэўскі), пасьля якога пазелянее і скура недарэкі-героя, юрлівая палеская знахарка…

Урэшце пераможа сапраўднае каханьне стойкай нявесты (Юлія Кадушкевіч), што здольнае вярнуць шчасьце «іншаколернаму».

Аголеным па вуліцах

У фільме няма аніводнай слабой ці прахадной ролі, нават эпізадычныя пэрсанажы запамінаюцца. А сапраўдным падарункам можна лічыць фільм для выканаўцаў галоўных роляў П.Юрчанкова-мал. і Ю.Кадушкевіч.

Юрчанкову далёка не заўжды шанцавала з рэжысэрамі і сцэнарыстамі, а тут ён абсалютна на сваім месцы. Ягоны Леанард — легкадумны, пуставаты, але пацешны й сымпатычны. Актору мужна прыйшлося шмат гадзін цярпець наяўнасьць на сабе грыму, бегаць па горадзе ў афарбавана-аголеным выглядзе. «Калі б я ведаў, на што пагадзіўся!» — скардзіўся ён.

Нявесьце (Юліі Кадушкевіч) у фільме прыйшлося нават падаць з каня. У апошняй сцэне, калі гераіня абдымае свайго жаніха, яе тонкія падрапаныя рукі выклікаюць спачуваньне.

Прыдумана Пташуком

«Колер каханьня» — гэта ўдалы дэбют дзьвюх кінашкол. Канановіч — рэжысэр, выгадаваны Акадэміяй мастацтваў. Апэратар Аляксей Арсенцьеў — выпускнік расейскага ВГІКу. Арсенцьеў — ня проста таленавіты апэратар. Прасьветленыя кадры — насычаныя каляровай эксцэнтрыкай, кадры рухомыя, імпэтныя і трапяткія, як закаханае сэрца, — і кадры індыгава-цёмныя, забабонныя, са сьмешна-злавесным водбліскам вогнішча — усё гэта ня проста ягоныя творы. У апэратара сьвежы позірк — і ён раскрывае нам тое, да чаго наша вока ўжо прызвычаілася.

Беларускі горад быццам і ўключаны ў расейскую прастору, але й разломвае яе, ён своеасаблівы, і каляровая эксцэнтрыка падкрэсьлівае гэтую адметнасьць і асаблівасьць.

Сцэнар камэдыі прыдуманы Міхаілам Пташуком пры ўдзеле Аляксея Дударава, паводле малавядомага апавяданьня Някрасава. Гісторыю адкапаў Пташук, і камэдыя «Колер каханьня» сталася яскраваю і насычанай беларускаю кветкай з вынаходлівай і трапнай стракатасьцю.

Так, жоўтую прэсу ў горадзе прадае гарласты хлопчык-мурынчык (крыкі па-беларуску), калярытная жонка-пэрсіянка ў бліскучым выкананьні Тацяны Жданавай дабівае мужа (і гледача) кароннай фразай «А ў нас у Пэрсіі…», а легкадумны Леанард пнецца «культурна» размаўляць па-расейску. Гэты інтэрнацыянал вольна пачувае сябе на фальварку п’яўказаводчыка — і на гарадзкім бруку.

Эксцэнтрыка гораду

Раней падобны нястрыманы й эксцэнтрычны бурлеск дазваляўся ў беларускай культуры толькі на вясковыя тэмы і зь селянінам-героем — тут вам і «Тарас на Парнасе», і «Лявоніха на арбіце». «Колер каханьня» цалкам адыходзіць ад камэдыйнага рэваншу вёскі. Гэта падкрэсьлена гарадзкая гісторыя.

Такая гісторыя заснаваная на гарадзкім фальклёры, кроў і плоць якога — жоўтыя газэты, пагалоскі, плёткі, цыркавыя прадстаўленьні і крымінальны крадзеж дзявочых шапак, а дадатковы культурны фон — прычасаны панскі фальварак (праўда, захоплены «новым беларусам»-п’яўказаводчыкам).

Пляткаркі на ганку — не вясковыя бабы, а высокаадукаваныя пані, якія з годнасьцю вярзуць ахінею. Апэратар надзвычай трапна скарыстаў захаваныя старыя куточкі Менску: амаль непазнавальнае Траецкае прадмесьце, ратуша і Лошыца сталіся удалай сыравінай для вобразаў мясьцін XIX ст. А вытанчаны фаэтон пазычылі ў Дудутках.

Са зьяўленьнем «Колеру каханьня» ў беларускай эксцэнтрыцы канчаткова адбыўся каперніканскі пераварот. Замест абавязковага лайна — жоўтая прэса, замест мудрага тутэйшага селяніна, «прыроднага», ад зямлі (і замкнёнага на гэтай зямлі!) — легкадумны дурань-авантурнік без каранёў і адкрытая да ўсяго гарадзкая шматкультурнасьць.

Эксцэнтрыка-рамантычная, нястрымная і ашаламляльная, камэдыя Аляксандра Канановіча «Колер каханьня», паказаная на Дзень сьвятога Валянціна, — ёсьць сапраўднай сьмехавой бомбай. Шкада што караценькая, усяго 20 хвілінаў.

Хочацца глядзець яшчэ. І радавацца, што зьявілася ў нас такое кіно.

Усе фільмы

АЛЯКСАНДАР КАНАНОВІЧ: Я ВЕДАЮ, У ЧЫМ БЕЛАРУСКІ КАЙФ

У Маскве думалі: прыехаў бедны студэнт зь Беларусі, шукаць грошай. А высьветлілася, што бюджэт нашых дыплёмных работ у пяць разоў большы за іхні. Аляксандар Канановіч адказвае на пытаньні «Нашай нівы».

— Як так здарылася, Аляксандар, што вы сталі кінарэжысэрам?

— Я вучыўся ў пэдагагічным унівэрсытэце — і мы хадзілі натоўпам да сябра, Славы Добіна, глядзець кіно. Глядзелі і глядзелі — а потым падумалі: рэжысэрам… прыкольна… А са мной на курсе вучыўся Амар Гайдук, сын дакумэнталіста Станіслава Гайдука. Ён і кажа: «А цяпер Пташук курс набірае…» Я пайшоў на падрыхтоўчы, паступіў потым… Чаму, што, як — кіно глядзелі.

— І як да кінакамэдыі дайшлі?

— Дзякуючы Пташуку. Ён нас дакладна скіраваў на жанравае кіно. Глядзеў, да чаго мы схільныя. Ад «таркоўшчыны» рукі адбіў адразу. Як ён казаў — «экран пакажа». Нават калі яшчэ толькі думаеш пра кіно, калі сцэнару няма, трэба помніць: будзе экран і будзе глядач у залі. Для гледача здымаць.

Я трапіў пад раздачу камэдыі…

— «Колер каханьня» — двайны дэбют: ваш і выпускніка расейскага Інстытуту кінэматаграфіі Аляксея Арсенцьева. Гэта зьвязана зь фінансаваньнем ад расейскага інстытуту?

— Была забаўная сытуацыя, калі я там быў. На мяне глядзелі, думаючы: маўляў, прыехаў бедны студэнт зь Беларусі, шукаць грошай. А высьветлілася, што бюджэт нашых дыплёмных работ у пяць разоў большы за іхні.

У нас не рыхтавалі кінаапэратараў. Я спытаў у знаёмай дзяўчынкі, якая паступіла ў Інстытут кінэматаграфіі ў Расеі, пра кінаапэратараў-выпускнікоў. Папрасіў адабраць найлепшых. Найлепшым быў Аляксей. А паколькі ў самім расейскім інстытуце бракавала апэратараў, а Аляксей зьехаў на мой фільм, то некалькі іхніх студэнтаў засталіся без дыплёмных работ.

— Ваш фільм — гэта нястрыманая эксцэнтрыка, рамантычная буфанада. А як наконт сацыяльных момантаў?

— Хацелася дадаць у фільм «сацыялкі». Але ж… дваццаці хвілін вельмі мала. Калі б сорак хвілін ці хаця б паўгадзіны, каб растлумачыць, што адбываецца… Закладзена нешта яшчэ ў сцэне — глядач не рэагуе, хаця я ведаю, што павінен: проста не пасьпявае, таму што няма дадатковага часу для асэнсаваньня, высокая насычанасьць падзеямі. Дарэчы, у поўным сцэнары сацыяльны момант быў — адносіны Беларусі й Расеі. Мы вельмі моцна скандэнсавалі фільм.

— І эксцэнтрыка…

— Я не здымаю эксцэнтрыкі. Эксцэнтрыка — гэта гэгі, гэта Гайдай. Я не валодаю гэгамі. Наша эксцэнтрыка вымушаная — праз спрэсаваньне. Паглядзіце самі — у фільме амаль кожная сцэна пачынаецца зь дзеяньня. Гэта ненармальна: мусіць быць завязка, разьвіцьцё, кульмінацыя, разьвязка — а мы завязкі выкінулі. Калі б быў поўны мэтраж, то гэта была б трагікамэдыя. Гэта ж ня проста так — чалавек зялёны, блакітны, гэта ўсё вобразы.

— А наколькі вы абапіраліся на беларускія традыцыі, на клясычныя камэдыі «Хто сьмяецца апошнім», «Паўлінка»?

— Гэта ж старыя творы, а цяпер пануе постмадэрнізм, зьмешваньне ўсяго з усім.

— Як вам працавалася зь Лявонам Вольскім?

— Вельмі лёгка., нечакана лёгка. Яны прыходзілі на запіс — і ставілі мяне перад фактам той музыкі, якую яны граюць. А мы ўжо разьбіраліся, куды гэтую музыку ставіць. Зь Лявонам мы размаўлялі, куды гэта паставіць, — ён глядзеў матэрыял, казаў: так і так; прыходзіў да нас на мантажныя прагляды — я яму расказваў, дзе, што, як. Мэта — выклікаць у гледача пэўны стан. Музыка, тэкст, відэа — усё павінна працаваць на гледача. І Лявон усё зрабіў на 300 адсоткаў.

— Складваецца адчуваньне, што вы бераце «клясычную» расейскую ідылію — і падрываеце яе знутры, «па-партызанску», неўтаймоўнай беларускай эксцэнтрыкай…

— Я б не сказаў, што гэта партызанскія моманты. Мы ж на скрыжаваньні Азіі і Эўропы.

— Але ж мы ў Эўропе…

— У любым выпадку на скрыжаваньні — за што я люблю краіну. Я жыву тут. Наша краіна — мэдыюм паміж Усходам і Захадам. І ў гэтым наш кайф.

— Ёсьць сьмех розны: сьмех злы, сьмех выкрывальніцкі, сьмех зьнішчальны, сьмех добры. А які ваш сьмех?

— Я за ўсьмешку. Давайце ўсьміхацца ўсе разам. Сьмех ня злы — давайце проста ўсьміхацца. Мая звышмэта, каб глядач, сыходзячы, усьміхаўся.

Гутарыў Андрэй Расінскі. Надрукавана ў “Нашай ніве” 2005-08

Усе рэжысэры

Каментары

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Усе навіны →
Усе навіны

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі Беларусі: Тое, што адбываецца ў Сірыі, гэта параза Расіі5

Смешны выпадак у «Мінск-Свет»: нейкі маладзён сцягнуў калядны вянок, але разлічыўся за гэта 10 рублямі

За год машына страціла амаль палову цаны. Уласнікі электрамабіляў скардзяцца, што іх машыны імкліва таннеюць8

Лосік схуднеў, Пачобут трымае марку, Аляксандраў выязджае на пазітыве. Што з палітзняволенымі журналістамі з ПК-12

Лукашэнка: Беларусы нічым не адрозніваюцца ад людзей, якія нарадзіліся ў Пскове ці Ленінградзе23

Беларуска запісала тыкток пра вяртанне сына са школы — і сабрала 7 мільёнаў праглядаў5

У Маскве забілі канструктара крылатых ракет26

Беларускія дэмакратычныя сілы правядуць з'езд у Варшаве ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі5

Былы юрыст штаба Бабарыкі купіў на аўкцыёне працу Марка Шагала2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы1

Хтосьці стварыў фальшывы сайт КДБ і цішком збіраў даносы

Галоўнае
Усе навіны →