ГА «Белая Русь» мае намер разгледзець пытанне аб стварэнні партыі на з’ездзе
Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўнік гэтага грамадскага аб’яднання Аляксандр Радзькоў.
Аляксандр Радзькоў адзначыў, што пры стварэнні ГА «Белая Русь» не выключалася перспектыва пераходу грамадскай арганізацыі ў партыю. «Калі будавалі грамадскае аб’яднанне, то прадугледжвалі, што з цягам часу, калі будзем гатовы для партыі, трэба прымаць такое рашэнне», — сказаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Паводле яго слоў, у ГА «Белая Русь» аб’ядналіся людзі, якія пазітыўна настроены на развіццё краіны. Пры гэтым ён адзначыў, што «Белую Русь» пабудавалі па партыйнаму прынцыпу (пярвічныя, раённыя і абласныя арганізацыі, узносы). Але жыццё патрабуе ад грамадскага аб’яднання наступнага кроку, перакананы Аляксандр Радзькоў. «Мы да гэтага (пераходу ў партыю.) рыхтуемся. Час настане, мы пойдзем на такі крок. Але для гэтага павінны быць гатовыя», — сказаў кіраўнік грамадскага аб’яднання.
Цяпер актыў аб’яднання абмяркоўвае гатоўнасць «Белай Русі» перарасці ў партыю, вызначае час правядзення з’езду. «Мы хочам дакладна вызначыць час, калі пойдзем на з’езд. Але, вядома, на з’езд пойдзем», — падкрэсліў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Каментары