Паўсюль могуць чакаць судовыя позвы, кажа дачка Някляева.
Прывід крымінальнага пераследу з гэтага часу будзе наведваць кожнага беларускага чыноўніка, які пакідае межы Беларусі. Заўсёды і ўсюды…
Прэцэдэнт створаны —у любой цывілізаванай краіне свету чыноўнікаў і спецслужбістаў, падазраваных у катаваннях уласных грамадзян, можа чакаць судовая позва. Як гэта сталася з неўязным у краіны ЕС міністрам унутраных справаў Анатолем Куляшовым, які падчас знаходжання ў Францыі 17–20 студзеня апынуўся пад пагрозай арышту.
Францыя не адрэагавала на позву. Але Францыя ніколі і не асуджала беларускі рэжым за рэпрэсіі супраць уласнага народа. Але ж ёсць і іншыя краіны, для якіх правы чалавека — вярхоўны закон.
Ініцыятыва Free Belarus Now, заснавальнікамі якой выступілі беларусы — сваякі беларускіх палітыкаў, якія падвяргаюцца катаванням, ініцыявала судовую позву супраць Анатоля Куляшова.
Пра гэта «Беларускі партызан» пагутарыў з Евай Някляевай, дачкой былога кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева.
— Ева, Вы датычныя да позвы аб затрыманні міністра ўнутраных справаў Куляшова?
— Гэта ўсё тая ж позва, якую падрыхтавала кампанія Free Belarus Now сумесна з юрыдычнай фірмай McCue&Partners. Брытанская фірма падрыхтавала партфоліа доказаў і апублікавала яго ў адкрытым доступе. Такім чынам, любы юрыст у любой краіне можа скарыстацца гэтым партфоліа і падаць позву. Гэта значыць, што куды б Куляшоў з кампаніяй цяпер ні паехалі, іх паўсюль могуць чакаць судовыя позвы.
Спадзяюся, што іншыя ўрады будуць на іх рэагаваць хутчэй, чым французскі.
— Але Францыя адмовілася арыштоўваць Куляшова. Ці ёсць шанцы, што іншыя краіны Еўропы інакш адрэагуюць на позвы аб катаваннях?
— Заўважым, што Францыя не адмовілася арыштаваць Куляшова — судовыя ўлады проста не адрэагавалі на позву. Заўважым, што
Францыя наогул ніяк не рэагавала на сітуацыю ў Беларусі.Калі іншыя краіны Еўрасаюза, такія як Германія, Польшча, Швецыя — актыўна выступалі супраць рэжыму, то Францыя заставалася ўвесь час убаку ад адкрытай крытыкі.
Мне здаецца, гэта паўплывала на тое, што судовыя ўлады не адрэагавалі.
— Гэтая позва — папярэджанне ўсім беларускім чыноўнікам, якія маюць дачыненне да катаванняў беларусаў? Папярэджанне, што за беззаконне давядзецца адказваць — калі не ў цяперашняй Беларусі, то ў цывілізаваных краінах? Ці мэты былі іншыя? І ці будзе Free Belarus Now ініцыяваць падобныя позвы ў іншых краінах?
— Канчатковая задача гэтай справы, вядома, каб вінаватыя панеслі пакаранне.Free Belarus Now вітае ўзнікненне падобных позваў у любых іншых краінах.
Гэта першы выпадак у міжнароднай юрыдычнай практыцы, калі справа вядзецца такім чынам. Так што будзем сачыць за развіццём падзей.
— Якія чыноўнікі фігуруюць у сабраным ініцыятывай партфоліа? Ці, дакладней, колькі іх?
— Узятыя паказанні ў дзясяткаў пацярпелых ад дзеянняў рэжыму.Можна было б узяць і ў сотні, але для судовай позвы такога аб’ёму было цалкам дастаткова.
У партфоліа сабраныя сведчанні беларусаў, якіх незаконна арыштоўвалі і катавалі, спрабавалі запалохаць або выбіць паказанні.
— Хто з лукашэнкаўцаў мае шанцы быць прыцягнутым да крымінальнай адказнасці на падставе сабраных матэрыялаў?
— На гэтае пытанне дакладна адказаць не магу, тут у юрыстаў трэба ўдакладняць. Планавалася стварыць партфоліа, па якім можна выстаўляць абвінавачанні супраць самога Аляксандра Лукашэнкі і супрацоўнікаў яго апарата, непасрэдна звязаных з незаконным выкарыстаннем гвалту.
Даведка. 18 студзеня юрысты Free Belarus Now паведамілі міністру юстыцыі Францыі, што прыезд Куляшова парушае забарону на ўезд ЕС. Яны заклікалі арыштаваць міністра за парушэнне палажэнняў Канвенцыі ААН супраць катаванняў.
У верасні 2011 года брытанская фірма McCue&Partners LLP абвясціла, што падрыхтаваны спецыяльны дакумент. У ім ёсць падмацаваныя фактамі абвінавачанні супраць Аляксандра Лукашэнкі, кіраўніка МУС Анатоля Куляшова і старшыні КДБ Вадзіма Зайцава. Чыноўнікаў, сярод іншага, абвінавачваюць у катаваннях
Як гаворыцца ў падрыхтаваным McCue&Partners LLP
Катаванні, разам з генацыдам, злачынствамі супраць чалавечнасці і некаторымі іншымі злачынствамі, у міжнародным праве лічацца асабліва сур’ёзнымі. Незалежна ад месца іх ажыццяўлення і грамадзянства асобаў універсальная юрысдыкцыя азначае кампетэнцыю любой дзяржавы прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Францыя не адрэагавала на судовую позву.
-
Бяляцкі ў тэксце для New York Times: Свет не павінен спісваць Беларусь як краіну, якая канчаткова адышла ў сферу ўплыву Расіі
-
Гурневіч адказаў Чаховічу: Я не пачуў ад Севярынца заклікаў ненавідзець
-
Чаховіч адказаў Севярынцу: Гамафобія — прадукт лагернага мыслення homo sovieticus, а не хрысціянская каштоўнасць
Каментары