Генеральны сакратар Рады Еўропы Турб’ёрн Ягланд, выступаючы сёння ў Осла на канферэнцыі па Беларусі заявіў, што Еўропа «ніколі не зможа прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і сысці ад улады самастойна».

«Мы маем дачыненне з класічным дыктатарам. Усе дыктатары маюць галоўны прыярытэт — выжыванне. Кожную раніцу яны думаюць толькі пра тое, як яны могуць застацца ва ўладзе. Мы ніколі не зможам прымусіць Лукашэнку рэфармавацца і сысці ад улады самастойна. Гэта важны зыходны пункт для нас. Еўропа і міжнародная супольнасць спрабавалі ўжываць розныя стратэгіі ў дачыненьні да Мінска, але нічога не дапамагала з прычыны гэтага прынцыпу выжывальнасці».

Спадар Ягланд таксама сказаў, што неабходна дакладна «ўсведамляць тое гістарычнае мінулае, якое было ў Беларусі, і імкнуцца да сумеснай міжнароднай стратэгіі, уключаючы ўдзел Расіі ў супольных намаганнях».

«Лукашэнка карыстаецца адносінамі паміж Захадам і Усходам. Адзін год ён гуляе ў камандзе Еўропы, на наступны год пераходзіць у каманду Расіі, спрабуючы атрымаць для сябе максімальную выгаду. І Еўропа не дамаглася нічога, і ў міжнароднай супольнасці не было адзінай пазіцыі», — сказаў еўрапейскі палітык.

Генеральны сакратар Рады Еўропы не верыць у эканамічныя санкцыі супраць Беларусі: «Гэта будзе мець адмоўныя наступствы для насельніцтва і адштурхне беларусаў ад Еўропы. Беларусь вельмі цесна звязаная з Расіяй, і мы не зможам прымусіць Расею ўжыць санкцыі ў адносінах да Мінска».

Тым не менш, палітык лічыць, што насельніцтву ўжо надакучыў гэты рэжым, яны хочуць дэмакратыі і пераменаў.

Турб’ёрн Ягланд прапанаваў свой план дзеянняў у адносінах да Беларусі. Ён мае на ўвазе супольную палітыку, адзіную палітыку Еўропы з прыцягненнем да гэтага Расіі. «Кіраўніцтву Расеі таксама надакучае Лукашэнкі», — сказаў еўрапейскі палітык.

«Мы павінны інтэнсіфікаваць падтрымку грамадзянскай супольнасці, у тым ліку і праз суседнія дзяржавы. Мы не павінны забываць ролю царквы ў Беларусі. Гэта моцны фактар ​​і яго трэба браць пад увагу», — заявіў Ягланд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?