Усяго патроху2525

Гісторыя: з'ехаць у Маскву на $6000, траціць $3000 на жыццё, але стрыгчыся ў Мінску

Як жывецца тым, хто з’ехаў з краіны «па доўгі рубель»?

Ці апраўдаліся іх чаканні і ці ёсць сэнс пакідаць радзіму ў пошуках лепшага шчасця? Не сакрэт, што большасць беларусаў выбіраюць маскоўскі кірунак у пошуках светлай долі. Будаўнікі, мэнэджары, праграмісты, інжынеры — Масква, як чорная дзірка, паглынае ўсіх, абменьваючы вялікія магчымасці на нягоды мегаполіса, але і высокія зарплаты. Сёння аповед ад Канстанціна з месячным заробкам да $6000. Ён працуе кансалтынгавым спецыялістам у нафтагазавай сферы.

«Я з тых беларусаў, што вырашылі папрацаваць па-за сінявокай, а менавіта ў Маскве. Паехаў я туды не ўсляпую — была канкрэтная прапанова аб працы, якую я прыняў. І вось ужо паўтара года як пакінуў родны край. Праз пару месяцаў пасля майго адбыцця да мяне далучылася жонка. Першы год свайго жыцця тут яна не працавала. Не тое каб не магла знайсці працу — з гэтым тут праблем няма, — проста захацела паспрабаваць сябе ў ролі хатняй гаспадыні, ну, а я не стаў пярэчыць. Вось пра гэты перыяд і пойдзе мой аповед. Спадзяюся, ён спатрэбіцца тым, хто толькі плануе такія перамены ў сваім жыцці.

Трата № 1 — кватэра. Мы здымаем аднапакаёўку за 5 хвілін хады ад метро. Не цэнтр, вядома, але і не самая ўскраіна. Дом дастаткова новы, кватэра немаленькая, кансьерж унізе, відэаназіранне. Каштуе гэтая радасць $1000 у месяц плюс $10–15 за святло і ваду. Адразу парада: лепш трохі пераплаціць за кватэру, але зняць яе бліжэй да месца працы. Масква не Мінск, і тут пры няўдалым размяшчэнні жылля можна папросту марнаваць па некалькі гадзін у дзень на дарогу да працы і столькі ж — назад. Яно вам трэба?

Трата № 2 — тэлекамунікацыі. Інтэрнэт — $17 за 20-мегабітны анлім. Сотавая сувязь з рэгулярнымі званкамі родным і сябрам у Мінск выходзіць каля $30 у месяц на мяне і на жонку. Разам — прыкладна $50.

Трата № 3 — ежа. Прыкладна раз на тыдзень-паўтара мы закупляемся ў „Ашане“ мясам, рыбай і морапрадуктамі, крупамі, макаронамі, усякімі смачнасцямі і чым-небудзь у свой бар. На гэта сыходзіць даляраў 60–120. Але тут трэба мець на ўвазе, што купляем мы ўсё, на што вока ўпадзе, у тым ліку і нятанныя далікатэсы. Часам у гэтую суму ўключаюцца і гаспадарчыя тавары: пральны парашок, мыйныя сродкі і г.д. Акрамя гэтага мы рэгулярна купляем у крамах каля дома тавары штодзённай патрэбы: ваду (вада з-пад крана непрыдатная для піцця), малако, кефір, гародніну, зноў жа, смачнасці розныя. На гэта сыходзіць яшчэ каля $200 у месяц. Разам на паходы па ежу ў месяц траціцца каля $500.

Трата № 4 — адзенне. На вопратку мы трацім даляраў 150–200 у месяц. Не тое каб так усё было трэба, але калі заходзіш у краму, а там зніжкі па 30–50% на добрыя рэчы, цяжка ўтрымацца і не паддацца шопінгавай ліхаманцы.

Трата № 5 — забавы. Самая прыемная частка выдаткаў. Вельмі вялікую ролю тут грае даступнасць інфраструктуры. Побач з домам шмат рэстаранаў, бараў, за пяць хвілінаў хады — пяцізальны 3D-кінатэатр. Такім чынам, на рэстараны мы трацім каля $250 у месяц — пару разоў схадзіць, пару разоў замовіць ежу дадому. Бары: схадзіць з сябрамі ў пятніцу папіць піва — аснова светапогляду офіснага планктону! На гэта траціцца даляраў 200. Канцэрты: раз на месяц стабільна кудысьці выбіраемся. Цікавыя гурты выступаюць у сталіцы рэгулярна. Уваходныя квіткі плюс папіць піва, кактэйляў на канцэрце — каля $200. Кіно: адно наведванне на дваіх — $20. У месяц разы два выбіраемся, разам $40. Музеі: каля $30 на дваіх у сярэднім — раз у месяц. У суме на забавы траціцца $720 у месяц. Ого! Сам здзіўлены.

Трата № 6 — каты (у нас іх два). Корм, вітаміны, цацкі, напаўняльнік — у сярэднім даляраў 20 у месяц.

Трата № 7 — паездкі дадому. Раз на месяц выбіраемся да родных і сяброў на гістарычную радзіму ў Мінск. Звычайна ездзім плацкартам (не настолькі ў купэ лепш, наколькі даражэй). На квіткі сыходзіць на дваіх каля $200. Ну і кінуць сабе грошай на беларускія тэлефоны, схадзіць з сябрамі куды-небудзь, пакінуць грошай бацькам — яшчэ недзе столькі ж. Акрамя таго, стрыгчыся мы таксама стараемся ў Мінску — надта ж цэны ў Маскве кусаюцца. Яшчэ даляраў 50 (з улікам фарбы для жонкі). Разам паездка ў Мінск — $450.

Трата № 8 — транспарт. Праязны на метро на 60 паездак каштуе $40. На месяц яго прыкладна і хапае. Маршрутка каштуе прыкладна $0,8. Такім чынам, калі на працу трэба яшчэ ад метро пад’язджаць на маршрутцы, у месяц на яе траціцца $0,8×40 = $32. Разам на транспарт сыходзіць прыкладна $70.

Трата № 9 — касметыка для жонкі. Тут я, калі шчыра, губляюся. Жонка ў мяне касметыкай не злоўжывае, але на тым, чым карыстаецца, не эканоміць. Штомесячны выдатак тут ацаніць цяжкавата, але ў цэлым, я думаю, даляраў 70 на месяц прыпадае.

Усе астатнія грошы назапашваюцца на дэпазіце. На адпачынак асобна не адкладаем — адной месячнай зарплаты ў прынцыпе хопіць, каб з’ездзіць куды захочацца.

Разам на цалкам сабе сытае і насычанае жыццё ў Маскве траціцца каля $3100.

Відавочна, што калі задацца мэтай эканоміць, то гэтую суму можна значна паменшыць. Аднак пры гэтым нельга забываць, што Масква (у адрозненне ад Мінска) прапануе шырокія магчымасці выдаткаваць свае грошы, і ўліванне ў свет нястрымнага спажывання матэрыяльных даброт адбываецца лёгка і незаўважна. А да добрага хутка прывыкаеш».

Каментары25

Цяпер чытаюць

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты28

Грамадствадапоўнена28

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Усе навіны →
Усе навіны

На перамовах у Абу-Дабі прадстаўнікі Пуціна зноў патрабуюць ад Украіны аддаць увесь Данбас6

Ціханоўская возьме ўдзел ва ўрачыстасцях з нагоды гадавіны паўстання 1863 года1

Улады Ірана назвалі жахлівую лічбу забітых на пратэстах13

Кіроўцам больш не будзе патрэбна вазіць з сабой пацвярджэнне праходжання тэхагляду

Томас Венцлава: «Літва і Беларусь ніколі не варагавалі. Гэта рэдкі выпадак для адносін двух народаў»10

Анархіст Дзядок выказаўся супраць дазволу на аборты. Але лічыць, што заканадаўчая забарона нічога не дасць50

«Ваш маскоўскі гаспадар сто гадоў не пратрымаецца». Міністр замежных спраў Украіны рэзка адказаў Орбану8

Беларусы будуць плаціць падатак за сувеніры з мерапрыемстваў6

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў22

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты28

Грамадствадапоўнена28

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць