Архіў

Лені Фішэр: «Шкада, што я ня ведаю беларускай мовы»

№ 10 (131) 1999 г.


Лені Фішэр:

«Шкада, што я ня ведаю беларускай мовы»

 

Лені Фішэр з 1993 па 1997 год была прэзыдэнтам Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. У той час яна наведвала Беларусь, спрабуючы засьцерагчы краіну ад спаўзаньня ў тупік самавольства. Сёньня яна ўжо пакінула пасаду, хоць застаецца Ганаровым старшынёй Асамблеі, і па-ранейшаму падоўгу працуе ў Страсбургу, і па-ранейшаму цікавіцца і займаецца Беларусяй. Толькі гутарыць зь ёю цяпер нашмат цікавей — яна больш не зьвязаная неабходнасьцю хавацца за дыпляматычную безаблічнасьць афіцыйнай пазыцыі.

«НН»: Вы ня раз наведвалі Беларусь. З чым асацыюецца ў Вас наша краіна?

Л.Ф.: З Чарнобылем. Я добра помню наведваньне рэактара. Зь людзьмі, якія жывуць пад Чарнобылем, небагата жывуць, але не клянуць сваёй долі, а проста ціха мараць пра трохі лепшае, дастойнае жыцьцё, проста жыцьцё бяз нэндзы. Са стаўленьнем гэтых шчырых і простых людзей да Чарнобыля.

«НН»: З Чарнобылем і толькі?

Л.Ф.: Вы маеце на ўвазе, што Чарнобыль ва Ўкраіне? Я мала дзе ў Вас была. Жыцьцё палітыка праходзіць за шклом: машынаў, палацаў, самалётаў.

 

«НН»: А беларуская культура?

Л.Ф.: На жаль, я зусім ня ведаю беларускай культуры, зусім. Адзінае што: мне калісьці прэзэнтавалі кніжачку вашага паэта, Разанава, у перакладзе на нямецкую. Якраз перад паездкай да вас. Езьдзіла мірыць (сьмяецца). Спрабавала пераканаць абодва бакі зрабіць крокі насустрач. Нічога мне, на жаль, не ўдалося. Ну, я суцяшаю сябе тым, што і расейскім міратворцам гэта не ўдалося, а значыць, што тады гэтага ня змог бы зрабіць ніхто. Палітыку няма калі чытаць увогуле.

Мяне вельмі ўразіла пад час паездкі ў Беларусь, у чарнобыльскія раёны, што людзі, вашы прыстойныя, адкрытыя людзі, ня лічаць багацьця галоўнай мэтай і шчасьцем. У гэтым ваша адрозьненьне ад жыхароў іншай Эўропы. Думаю, у вашай культуры гэта павінна знаходзіць свой адбітак. Я не сустракалася ні з кім з вашых дзеячаў культуры. Адзіныя, з кім я мела спатканьне, гэта з дэлегацыяй жанчынаў, беларускіх хрысьціянскіх дэмакратак, тут аднойчы ў Страсбургу. Перадайце ім маё сардэчнае прывітаньне. Шкада, што я ня ведаю беларускай мовы, каб гэта зрабіць.

 

«НН»: Вы былі маленькай дзяўчынкай, калі скончылася другая сусьветная вайна. Яна для Вас нешта азначае цяпер?

Л.Ф.: Як і для кожнага немца, кожнага хрысьціяніна. Але я скажу і іншае. Цяпер афіцыйная сэрбская прапаганда ўвесь час імкнецца падкрэсьліваць і абуджаць цяжкі, балючы ўспамін пра другую сусьветную вайну. Падкрэсьліваючы мінулую ахвярнасьць свайго народу, яна як бы апраўдвае ягонае права патрабаваць асаблівага стаўленьня да сябе сёньня, права мець выключнае становішча. Гэта прапагандысцкія міты. Толькі зламысныя прапагандысты могуць вышукваць у гісторыі такія факты, каб падаваць сябе ахвярамі, разьвіваць у сваіх народаў пачуцьцё пакрыўджанасьці. Яны шукаюць замежнага ворага.

 

«НН»: Па-Вашаму, Эўропа можа зрабіць нешта, каб супрацьстаяць гэтай прапагандзе?

Л.Ф.: Ёй немагчыма супрацьстаяць. Гэта нешта, што зьяўляецца час ад часу, а пасьля зьнікае, як шум на сонцы.

Цяпер у нас на Захадзе было шмат спрэчак наконт таго, ці трэ было наносіць удар па сэрбскім тэлецэнтры. Я бачыла сэрбскую прапаганду, я разумею, што гэта такое. Аднак ведаеце, ня ўвесь сэрбскі народ глядзеў гэтую прапаганду. Цяпер ёсьць спадарожнікавае тэлебачаньне. Так што, хто хацеў, глядзеў Мілошавіча, а хто хацеў — не глядзеў.

Міты не разбурыш вось так, бомбавымі ўдарамі. Міты закладзеныя глыбока ў сьвядомасьці людзей. Злыя міты стануць зьнікаць тады, калі людзям захочацца ведаць нашмат больш, чым ім кажа прапаганда.

 

«НН»: Сапраўды, можна сказаць, што Заходняя Эўропа і такія краіны, як Беларусь, сёньня жывуць у розным часе: для вас другая сусьветная вайна належыць далёкай гісторыі, у нашай сьвядомасьці яна тут, побач, на кожным кроку. Магчыма, адным з захадаў, здольных зьмяніць такі стан, мог бы стаць больш актыўны дыялёг паміж хрысьціянамі, каталікамі і пратэстантамі Захаду і праваслаўнымі Ўсходу.

Л.Ф.: Так, але ў такім дыялёгу абавязкова мусяць браць удзел і мусульмане. Чаму вы забываецеся пра мусульман? Яны — неад’емная частка эўрапейскай цывілізацыі, і зь іх удзелам, як і з удзелам жыдоў, выпрацавалася паняцьце эўрапейскай талеранцыі.

 

«НН»: Як Рада Эўропы ставіцца да прэзыдэнцкіх выбараў 16 траўня?

Л.Ф.: Я не магу выступаць ад імя Рады Эўропы, я цяпер усяго толькі ганаровы прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі. Асабіста я так скажу: такія падзеі могуць паказаць волю і сьвядомасьць таго грамадзтва, у якім яны адбываюцца. Так як выбары ў Косаве ў свой час засьведчылі волю і сьвядомасьць грамадзтва косаўскага. У той жа час, я лічу, патрэбная вялікая асьцярожнасьць, бо баюся, любы промах можа мець цяжкія наступствы для дасягненьня згоды ў грамадзтве.

 

«НН» Па-Вашаму, усе бакі ў беларускім канфлікце хочуць дасягнуць гэтай згоды?

Л.Ф.: Я не зусім упэўненая. Але нельга адмаўляцца ад ініцыятываў, у прыватнасьці, ініцыятываў Нямеччыны й нашага пасла Горста Вінкельмана. Яны могуць даць плён. У аддаленай пэрспэктыве.

 

«НН»: Што б Вы пажадалі дэмакратычным сілам Беларусі?

Л.Ф.: Вялікіх посьпехаў (сьмяецца). Цярпеньня. Адвагі супрацьстаяць любой прапагандзе.

Прэзыдэнт Лукашэнка — добры аратар, але ў яго няма добрых дарадцаў-прафэсіяналаў, сьмелых дарадцаў, а ня тых лісьліўцаў, што баяцца казаць праўду ў вочы прэзыдэнту, якой бы цяжкай гэтая праўда ні была. Мала быць добрым аратарам. Больш таго, цяжка пісаць прамовы добраму аратару — я шмат гаварыла зь людзьмі зь ягонага атачэньня — ён не зважае на падрыхтаваны тэкст, і імправізацыя заводзіць яго далёка. Цяпер, калі я больш не займаю афіцыйных пасадаў, я магу сказаць шчыра. Я ня ўпэўненая, што Беларусь на добрай дарозе з такім прэзыдэнтам, як Лукашэнка, як і Сэрбія — зь Мілошавічам. Я сустракалася з вашым прэзыдэнтам, а таксама двойчы мела вельмі цяжкія перамовы зь Мілошавічам. Я ведаю, што гэта за людзі. Я гаварыла з расейскімі палітыкамі і сказала ім наўпрост: навошта вам браць на борт Мілошавіча і Лукашэнку? The union with Milosevic and Lukasenka is not what Russia deserves. Russia deserves too much more, сказала я ім. Расея заслугоўвае нашмат лепшай долі, чым такі саюз.

Гутарыў Андрэй Дынько


Каментары

Цяпер чытаюць

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Усе навіны →
Усе навіны

Адміністрацыя Трампа збіраецца адклікаць 200 тысяч турыстычных віз у тых, хто прыехаў па іх у краіну і папрасіў прытулак4

Беларусы прывезлі з Капенгагена «крыж каралевы Сафіі». Гісторыкі называюць яго біжутэрыяй за 4000 еўра14

У Купалаўскім тэатры расійскія рэжысёры правядуць творчую лабараторыю, у якой абяруць спектакль для рэпертуару12

Каб захаваць першы радок у сусветным тэнісе, Арыне Сабаленцы трэба толькі перамагаць на US Open11

ЗША зноў не далучыліся да сумеснай заявы з асуджэннем Расіі ў ААН10

Расія знішчыла склад Чырвонага Крыжа ў Херсоне

Расійская спявачка Вікторыя Дайнека мала таго што пракацілася з канцэртамі па акупаваных тэрыторыях, дык яшчэ і пастраляла19

Статкевіч: Зараз толькі фармальная незалежнасць пакуль ратуе нас ад наўпроставага ўцягвання ў расійска-ўкраінскую вайну13

Завяршыць рамонт моста цераз Свіслач у Мінску плануюць да пачатку верасня

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды1

Стала вядомая асоба рабочага «Беларуськалія», які загінуў пры абрушэнні горнай пароды

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць