Віктар Шніп
Сабачыя гісторыі
Адзін сабака працаваў вартаўніком на сьвінафэрме. Граждан сьвіньням, якія добра елі, уручаў чырвоныя сьцяжкі і пісаў пра іх вершыкі ў насьценгазэту «Чырвоная сьвінаматка».
Адзін сабака зайшоў да Граждана і папрасіў папіць. А Граждан яму і кажа: «Я — геній сэксуальнай рэвалюцыі і аўтографы без чаргі даю толькі членам прафсаюзаў і вэтэранам камінтэрну!»
Да аднаго сабакі зь вёскі прыехаў Граждан. Навёз бульбы, буракоў, сала і ўсякай халеры цэлы мех. Зьбегліся суседзі, каб падзівіцца. А Граждан і не спалохаўся: «А мой дзед быў Міколкам-паравозам!»
Адзін сабака падарыў Граждану энцыкляпэдыю. Граждан начамі гартаў яе і плакаў: «Гэта ж трэба! Пра Маацзэдуна напісалі. Пра Кімэрсэна. А пра мяне — ні слова!»
Адзін сабака чытаў лекцыі ва ўнівэрсытэце. Граждан атрымоўваў Ленінскую стыпэндыю і сустракаўся са студэнткай з Цэнтральнай Афрыканскай Рэспублікі.
Адзін сабака еў семачкі. Убачыў гэта Граждан і сказаў: «Почём опиум для народа?»
Аднаго сабаку адправілі паслом у Казахстан. А Граждан хадзіў у гастраном і лаяўся з прадаўшчыцай, якая ў мінулым годзе без чаргі прадала сабаку кіляграм лівэркі.
«Іудушка! Скарпіён! Амністыі ня будзе!» — крычаў Граждан усьлед аднаму сабаку, якога на грузавой машыне ў труне везьлі ў крэматорый.
Адзін сабака часта выступаў перад Гражданамі. І ўжо Гражданы толькі і слухалі яго. Але знайшоўся мудры Граждан, які сказаў: «Я ўчора не працаваў, ня еў і ня спаў і зразумеў — немцы і іх прыхвасьні праз мой труп на Маскву ня пройдуць!»
Адзін сабака нікога не любіў. Граждан любіў Маньку і ў іх былі дзеці ад Пушкіна і ката ў ботах.
Адзін сабака пакупаўся ў возеры і прастыў. Даведаўся пра гэта Граждан і сказаў: «Ня трэба было купацца без трусоў!»
Граждан паслаў аднаму сабаку віншавальную паштоўку. Сабака нічога не адказаў. І Граждан прыйшоў на пошту і сказаў: «Гаспада, вы плоха работаеце. З-за вас я і камунізм ня выплачу ў жызьнь!»
У аднаго сабакі сапсаваўся ўнітаз. Выклікаў сабака сантэхніка. Але, як заўсёды, прыйшоў Граждан з напарнікам. Перад працай сабака даў ім паесьці і выпіць. Граждан наеўся, напіўся і сказаў: «А цяпер — танцы!..»
Адзін сабака выступаў са сцэны зь лекцыяй пра шкоду алькаголя. Граждан расчуліўся і дастаў з сумкі балалайку і засьпяваў на чыстай ангельскай мове пра тое, што ён ужо пяць сутак нічога ня еў.
З-за аднаго сабакі Граждан пабіўся з суседам. Сусед таксама быў Гражданом, і сабаку давялося за свой кошт арганізоўваць пахаваньне.
Адзін сабака быў у сьвяточным застольлі. Граждан падліваў гарэлку ў келіхі і лічыў, колькі хто вып’е.
Адзін сабака купіў банан. Убачыў гэта Граждан і закрычаў: «Не хадзіце, дзеці, у Афрыку гуляць!»
Ішоў адзін сабака. А Граждан яму і кажа: «Цю-цю-цю-цю-цю...»
Ад Гражданоў
Адзін сабака слухаў Касю. А Граждан — Зэмфіру. Прыйшоў ён да сабакі й кажа: «Что за позор ты слушаешь?» А ранкам павесіўся.
Адзін Граждан запісаўся ў РНЕ. Прыйшоў да сабакі й кажа: «Ну, кто из нас исконно русский?»
Адзін сабака лаяўся матам. А Граждан стаяў побач з шыльдачкай: «Наш ответ Западу».
Адзін сабака працаваў у хляву. Любіў ён казаць: «За ўсё жыцьцё пабачыў я шмат Гражданоў...»
Адзін сабака быў самагубцам, а Граждан — камуністам. І жылі яны доўга і шчасьліва...
Юрась Петухоў, Гомель
***
Адзін Граждан стварыў для сабак маладзёвую арганізацыю. І назваў яе «сукіны дзеці».
Адзін сабака трымаў зарок маўчаньня. А Граждан, чмякаючы, хАваў сабакава сьнеданьне.
Аляксей Чайнікаў
Каментары