Архіў

Дыскаграфія

№ 2 (211), 8 — 15 студзеня 2001 г.


Дыскаграфія

 

“REFLECTION”. Група “The Ravens”. “Ковчег”, 15400. (р) 2000.

Магчыма, калі б той альбом пісаўся на ладна абсталяванай студыі ды пры ўдзеле вушэй прад’юсэра-прафэсіянала, канчатковы вынік быў бы куды больш пераканальны і, галоўнае, выразны. На жаль, менавіта тэхнічная якасьць выдадзенай музыкі і не дазваляе ляпаць крылцамі ў захапленьні ад таго, што зрабілі “Груганы” ў хатняй, трэба думаць, студыі.

Пакіньма тэхнічны бок у спакоі і зьвернемся да боку творчага. Ну, ня ведаю. Здавалася, гадоў з трыццаць таму, на хвалі ўздыму беларускага біг-біту, англійская мова песень здавалася цалкам абгрунтаваная. Тады верылася, што праз год-другі нашыя прарвуцца на Захад і побач зь якімі там “Бягучымі камянюкамі” пачнуць рабіць кар’еру. Міналі гады... Маладыя, што пачыналі сьпяваць па-англійску, упарта біліся ілбамі: мы, маўляў, працуем на ангельскай, бо спадзяемся зрабіць кар’еру ў Эўропе. Не, калі блюз ці джаз — пліз! Але калі ўласны рок — сэнкс! Спасіба, вас ня ждуць! Што праўда, сяму-таму ўдалося і там пайграць. Во Віця Смольскі да гэтага часу зь неслабой нямецкай групай працуе. Але ў масе сваёй нашая англійская ў Эўропе — што нашая беларуская ў Маскве. Сто гадоў патрэбная!

Праўда, тыя ж “Равэнсы” апошнім часам, як чутно было, пачынаюць і іншымі мовамі авалодваць патроху. На гэтым альбоме нават “Купалінку” прадстаўляюць. “Прадстаўляюць”, мабыць, найбольш адпаведнае таму дзейству слова. Ня ведаю, якія мэты ставіліся, але атрымалася нешта загадкава-няўцямнае. За такое за часамі камуністаў адпраўлялі ў фальклёрныя экспедыцыі куды пад Магадан. Ды вось што найбольш паказальнае: гэтая песьня — адзіная хіба ў альбоме, якая пазначаная выразнай мэлёдыяй і таму запамінаецца. Іх, мэлёдыяў, “Крумкачам” якраз і не стае найбольш, бо на аснове мэлёдыяў не такія ўжо складаныя песьні і маглі б “зайграць” як мае быць. На жаль...

Праграма, безумоўна, значна выйграла, калі б музыкі ўвесь час знаходзіліся б пад прыглядам якога спрактыкаванага чалавека. Але ці то малавата ў нас такіх, ці то “Крумкачы” занадта ганарыстыя, але жывуць і працуюць яны самастойна, маючы неблагі, зрэшты, патэнцыял.

Рэфлексійны слухач

 

“TRY ČARAPACHI”. Група “N.R.M.”. “Bulba-Records”, CD BR 003. (p) 2000.

Пра новыя выданьні такіх культавых калектываў прынята пісаць зь піетэтам ды прыдыханьнем. А вось мяне тая рок-н-рольная канцэптуальнасьць дастала ўжо! Мне б музыкі болей замест рок-н-ролу. А то чую на кожным кроку такія дыялёгі. Пытаньне: “Як бы вы самі назвалі музыку, якую выконваеце?”. Адказ: “Ну, гэта такі рок-н-рол у цэлым...” Так звычайна гавораць тыя, хто ня ў стане ствараць музыку. А ўсялякую брыдоціну лягчэй за ўсё назваць рок-н-ролам. Маўляў, на тэрмін усё і сьпішацца.

Гэта я, вядома, не пра хлопцаў з “N.R.M.”, якія, як заўсёды, стварылі праграму яркую, зьмястоўную, грунтоўную, зрабіўшы вялікі ўкладак і ўнёсак у сучаснае беларускае музычнае мастацтва. “Бульба-Рэкардз”, якая трымае бацьвіньне па ветры, стыражавала той альбом, няблага, трэба думаць, на тым падзарабіўшы. Хоць я буду шчыра зьдзіўлены, калі ягоны наклад дасягне, скажам, тысячаў ста штук. Далібог, не дасягне!

Варта спыніцца на пытаньні: чаму? “N.R.M.” — гэта каманда дасьціпных, разумных, сымпатычных людзей. І я разумею, што іронія — гэта часам ці не адзіны сродак як-небудзь супрацьстаяць паскуднай у цэлым рэчаіснасьці. Асабліва тады, калі з задуманага атрымліваецца далёка ня ўсё. Сьцёб — таксама пэўная зброя ва ўмелых руках. Сьцёб разам з іроніяй — сумесь, па моцнасьці роўная кактэйлю Молатава. “Манго-Манго” і “Мотаргед” у адной шклянцы. Але, як вядома з працаў патолягаанатамаў, пастаяннае ўжываньне моцных напояў прыводзіць да алькагалізму. Пазьней ці раней.

Алькагалізм — той стан, калі табе здаецца: усё, што ні робіш, — гэта клясна! Дасканала! Геніяльна!

Мне здаецца, што Лявон Вольскі з дружбакамі “Бураціны” перабралі шмат і даўно. Бо чым ёсьць альбом “Тры чарапахі”? Шмат у чым — сьцёбам, час ад часу нават пуставатым, як тыя “пракладкі” бяз творчых крылцаў паміж песьнямі. Яны нібыта надаюць цэламу той самай канцэптуальнасьці, ліха на яе! Рэшта ж амаль уся — суцэльная папса! Папса, пабудаваная на зьнявечаным гучаньні нармалёвых гітар, на зайграных рытмічных зьбіўках, на мэлёдыях, дзякуючы якім “N.R.M.”, як і спадзяваліся, прабілася ў кліпавую прастору. Брыдота тыя кліпы! І тое, што на тэлебачаньні кліпамана Вечара ператварылі ў супэрпаглынальніка тлушчу, — абсалютна правільна! А то ён ранкам, маўляў, сьвядомы: кліп для “N.R.M.” мантуе — а вечарам ужо такі правільны-правільны: тлушч пляжыць.

Тлушчам тым, здаецца, ці ня ўсе песьні пазаплылі. “Бамжы”, напрыклад: нібыта злая-злая песьня, актуальная да самага рыльца! Папса! Ці “Мэнтальнасьць”. Гіт, блін, знаходка для Азаронка! У словы песьні “Дастала” — ня веру! Бо сьцёб скрозь. “Катлет-матлет” выбіваецца з цэлага. І за кошт чаго? Вой, як арыгінальна! Арабскі матыўчык у прыпеве. Знаходцы той столькі ж гадоў, як і Памідораву, які тутака азэрбайджанскага араба агучвае. А “Тры чарапахі”, я чуў, зьбіраюцца наагул зрабіць пераможцам у тэлеконкурсе “Песьня загарніце з сабой”. Дажыліся, рокеры!

Таму найлепшы твор альбому — трэк №20, які называецца коратка і выразна: “P.S.”. Гэты высокамастацкі безнадзейны храп гаворыць пра зьмест альбому выразьней за ўсё. Можна нават і альбом увесь ня слухаць, а толькі трэк №20: і ўся карціна перад вачыма!

Бо яшчэ раз паўтару: аднойчы збочыўшы на выратавальны, здавалася б, сьцёб і такую зручненькую іронію, потым больш нічога сур’ёзнага, шырокага грамадзянскага гучаньня, ня зробіш, як ні напінайся. Ні ўкладку ня будзе больш, ні ўнёску. Хоць катуй, хоць ратуй.

Слухач у панцыры 


Каментары

Цяпер чытаюць

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет12

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

Усе навіны →
Усе навіны

66‑гадовую гамяльчанку асудзілі па чатырох палітычных артыкулах і адправілі ў калонію за каментары ў тэлеграме6

У Наварасійску ад удару беспілотнікаў загарэўся нафтаналіўны тэрмінал 2

Чаму нараджальнасць падае значна больш імкліва, чым чакалася? Аналіз даных выявіў нечаканую прычыну61

Ртутны тэрмометр прабыў у целе жанчыны восем гадоў. Неймаверная гісторыя ва Украіне1

Месі стаў футбалістам-мільярдэрам — як Раналду

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі6

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет12

Расіяне масіравана атакавалі Кіеў і вобласць, у тым ліку «Арэшнікам» і дзясяткамі ракет

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць