Архіў

Барыс Тумар. Перамога над ідыятызмам

№ 16 (225), 16 — 23 красавіка 2001 г.


 Перамога над ідыятызмам

Калі апазыцыя не праявіць самастойнасьці, Лукашэнка выйграе выбары з разгромнай перавагай

Улады злавілі чэскага шпіёна... Мяркуючы з рэпартажу БТ, ён спаў на голым матрацы не па месцы рэгістрацыі. Аднак гэта, напэўна, яшчэ не вянец ідыятызму сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі. Яшчэ ж усё лета наперадзе, а мо й восень... За адны апошнія тыдні ўжо было ўсякага. Лідэры апазыцыі на судзе па-рэнэгацку даказвалі, што яны не былі арганізатарамі Дня Волі. КНГ АБСЭ абвінаваціла апазыцыю ў падрыхтоўцы байкоту выбараў. Лукашэнка запатрабаваў давесьці заробак да 100 даляраў, а апазыцыя спрабавала даказаць, што ён псыхічна хворы. Лукашэнкаўскі парлямэнт ратыфікаваў антыканстытуцыйнае пагадненьне аб адзінай валюце — абы атрымаць пару дзясяткаў мільёнаў даляраў крэдыту. Моладзевыя арганізацыі змарнавалі сілы на бязглуздыя штодзённыя пэрформансы, недастойныя, зьняважлівыя для тых, на каго яны разьлічаныя. Такое ўражаньне, што ў апазыцыі перасталі «адчуваць» свой народ.

Здаровы розум пачуваецца сярод гэтае мітусьні сіратою, якую Бог любіць, толькі долі не дае.

Лукашэнка хоча выйграць выбары з разгромнай перавагай, каб ніхто не паставіў пад сумненьне правамоцнасьці ягонай улады ўсе наступныя пяць год. Таму ён не задавальняецца ўтрыманьнем статус-кво, а хоча падчас кампаніі ўзмацніць кантроль над краінай. Ягоны штаб мае ясны сцэнар працы з апазыцыяй. Ён хоча выставіць проці Лукашэнкі самага адыёзнага кандыдата (у Расеі такім быў Зюганаў, ва Ўкраіне — Сіманенка). Апроч таго, калі Лукашэнка адчуе нават мінімальную небясьпеку, зьявіцца кандыдат ад «трэцяй сілы», які мае адцягнуць частку незадаволеных галасоў і падтрымаць Лукашэнку ў другім туры, калі будзе патрэбна (у Расеі такімі былі Лебедзь і Тулееў, ва Ўкраіне — Марчук). Такая псэўдаапазыцыя, лічы, ужо створаная намаганьнямі маларазборлівых незалежных СМІ. Застаецца толькі пэрсаніфікаваць яе ў кандыдата Сініцына, Казуліна ці Пашкевіча. Лукашэнкаўская сыстэма ўлады дзейнічае вельмі зладжана зь дзяржаўнымі СМІ, якія ўтвараюць какафонію і робяць прамоцыю самым маразматычным выбрыкам апанэнтаў.

Ніколі дэмакратычная апазыцыя не выглядала такою дэзарыентаванаю, як у 2001 г. Такога разброду не было ні ў 1998-м, ні ў 1999-м, ні ў 2000-м. У дэпрэсіі ёсьць аб’ектыўныя гістарычныя прычыны, але добра пастаралася і КНГ АБСЭ сваімі інтрыгамі і імкненьнем дыктаваць правілы гульні. Ну, і засталася фактычна зусім без уласных СМІ. Домаш, зьвязаўшыся з дэмакратамі, ад гэтага моцна церпіць.

Дый усе іншыя ўдзельнікі выбарчае гонкі пакуль або змагаюцца супраць, або надчэкваюць. Тым часам да выбараў застаецца сама болей пяць месяцаў. Дэфіцыт стваральных ідэяў запаўняецца інтрыгамі і домысламі, пошукам кампрамату, угодамі з сумленьнем і грамадзянскім абавязкам. Таму іншы раз здаецца, што, як бы ні скончыліся сёлетнія выбары, беларушчына — а значыць, і Беларусь — выйдуць зь іх са стратамі. І ад такіх думак хочацца, каб пяць засталых какафанічных месяцаў як найхутчэй скончыліся.

У пошуках паратунку міжволі зьвяртаешся да сэрбскага досьведу. Не, не да тактыкі сэрбскай апазыцыі, якой не скапіюеш з-за адсутнасьці незалежных СМІ, дэмакратычных муніцыпалітэтаў, свабодных унівэрсытэтаў і, самае галоўнае, сфармаванае нацыі. Да сьветапогляду пераможнае сэрбскае дэмакратыі: Каштуніца ў часе кампаніі даказаў і сваю адданасьць нацыянальнай сэрбскай традыцыі, і сваю незалежнасьць ад югаслаўскіх Вікаў ды Драшкавічаў. Народны плебісцыт толькі ўхваліў гэта.

Карэнная праблема беларускіх дэмакратычных палітычных сілаў — у іх беднасьці, а значыць, залежнасьці, імкненьні апярэдзіць жаданьні любых выпадковых ці невыпадковых спонсараў і капіяваць, капіяваць, капіяваць. Вырашыць гэтую праблему незалежнае беларускае грамадзтва можа толькі адным спосабам — трэба самім фінансаваць сваіх палітыкаў, болей ахвяраваць грошай на іхную дзейнасьць. Тады палітыкі ня будуць сьлепа несьці дары на ахвярнік бога-Пуціна ці бога-Шарпа, і ў іх хуценька адновіцца і «пачуцьце ўласнага народу», і «пачуцьце ўласнае рэальнасьці», і самастойнасьць.

Калі апазыцыя не пераадолее комплексу грантасоса, нашы спадзяваньні зноў скончацца на ўлётках, якім ніхто ня верыць, і трыюмфальнай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам за тыдзень да выбараў. А год увойдзе ў гісторыю як «ідыёцкі».

Барыс Тумар


Каментары

Цяпер чытаюць

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю15

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна з 2014 года дала грамадзянства 52 беларускім добраахвотнікам5

Мінадукацыі замест абавязковага рэестра рэпетытараў створыць іх «вітрыну»2

У Непале пасля разбуральнага апоўзня зніклі сотні турыстаў, дзясяткі загінулых2

У Еўропе спрабавалі падарваць чацвёрты за месяц вайсковы завод

Пакуль УСУ наносяць удары па НПЗ, Расія атакуе ўкраінскія АЗС. Якія наступствы гэтых атак?2

«У нас яны вельмі салодкія». Беларуска пахвалілася ўраджаем гіганцкіх кавуноў1

70‑гадовую пенсіянерку асудзілі на 15 гадоў за данаты на УСУ. Пасля прысуду яна заспявала «Рідна мати моя»27

Беларуская дызайнерка стварыла модную сукенку для індыйскай мадэлі. А ў Індыі вырашылі, што тая проста абгарнулася ў сцяг1

Колькі Крэмль плаціць прапагандыстам і ваенкарам, якія агітуюць людзей за вайну11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю15

Краіна Буга. Праехаліся ад Валадавы да Супрасля ў пошуках страчанага раю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць