Архіў

Нешта аднаго аберагае, а іншага адразу губіць

№ 21 (230), 21 траўня 2001 г.


 Нешта аднаго аберагае, а  іншага адразу губіць

Гэта фрагмэнты ўспамінаў, якія я запісала ад сваёй бабулі — Лідзіі Бязручкі (Саўцінай). Нарадзілася яна 25 сакавіка 1918 г. у Гомелі. Ейны бацька працаваў на чыгунцы кандуктарам. Цяпер бабуля жыве ў Воршы на вуліцы Караткевіча і вельмі сумуе за родным Гомелем. Кожны дзень згадвае яго. Я запісала бабуліны ўспаміны пра даваенны Гомель. Потым была вайна, выхад з акружэньня, шлях пешкі з Заходняй Украіны, турма. Бабуля ня любіць згадваць пра гэта. Перад яе вачыма паўстае даваенны Гомель.

 

Мы жылі ў Залінейным раёне. І цяпер наш дом з чырвонай цэглы стаіць на вул.Ватуціна. Усе мае сёстры былі старэйшыя за мяне. Паміж усімі была вялікая розьніца ў гадох. Сястра Поля старэйшая за мяне на 18 год. Я была самая меншая, апошняя. А ўсе ўжо дарослыя, замуж павыходзілі.

Амаль штодзень хадзілі ў парк, мінаючы невялікія каталіцкія могілкі зь вельмі старымі магіламі, прыгожымі помнікамі й скляпамі. Пасьля могілкі пачалі разбураць, мы бачылі — ляжалі на ходніках косткі. Пасьля косткі згрэблі, як сьмецьце, і прыбралі. Можа нехта і забраў парэшткі сваіх пахаваных сваякоў... Калі было каму забіраць. І цяпер, калі я думаю пра Гомель, часам згадваю гэтыя маленькія могілкі, згадваю, як косткі ляцелі на дарогу. І кожны раз узьнікае непрыемнае адчуваньне. Так усё добрае пра Гомель узгадваецца зь дзяцінства, толькі вось гэта пячэ...

 

Драўляны цырк

Гэтае месца вызвалялі для цырку. Зрабілі падмурак проста на магілах. Будынак быў драўляны, зь вялікім купалам. На гастролі прыяжджалі цыркавыя трупы зь іншых гарадоў — у Гомелі сваёй не было. І амаль штогод у цырку здаралася трагедыя. То нехта з артыстаў сарвецца з трапэцыі, то яшчэ што... Цыркачоў хавалі на гомельскіх могілках на Савецкай (там, дзе цяпер будуецца новы касьцёл). Я нават асобныя магілы памятаю. Крыжоў тады ня ставілі — збольшага “тумбачкі”. Магілы былі направа ад уваходу (з боку вуліцы Кірава), там былі яшчэ лётчыкі пахаваныя — стаялі прапэлеры на магілах. Шмат магілаў лётчыкаў было. Там побач пахаваная і мая маці — памерла ў вайну, і сяброўка мая Поля. Немцы для сваіх адмысловыя могілкі зрабілі — у парку зьлева. Італійцаў, немцаў, усіх вайскоўцаў там хавалі.

А драўляны гомельскі цырк згарэў падчас вайны. Я ня памятаю, што цяпер на гэтым месцы.

 

Руйнаваньні

Да вайны Гомель прыгожы быў. Аднак савецкая ўлада ўсё нішчыла. Я дагэтуль дзіўлюся, як яны палацу Паскевіча не зруйнавалі. І цэрквы такія прыгожыя былі, і каля парку вялікі касьцёл — усё зьнесьлі. Каму гэта перашкаджала? Як яшчэ парк захаваўся! Аднак і там шмат дрэваў рэдкіх загінула. І людзей шмат крыўдзілі. Не было такой інтэлігентнай сям’і, каб нехта ня быў сасланы.

Тату нашага, сталага чалавека, і таго затрымалі на тры дні. Ягоных вясковых сваякоў раскулачвалі, а адзін некуды ўцёк. Тату трымалі, думалі, што ён ведае, дзе сваяк. Час быў вельмі страшны, усе баяліся. Нават Стафан наш, муж маёй старэйшай сястры Паліны. Хто ён быў? Бугальтар. А таксама баяўся, што прыйдуць і забяруць.

Цэрквы зачынілі, разбурылі, і мая мама хадзіла ў маленькую драўляную цэркаўку на вул.Палескай — у нас у Залінейным раёне. Перасьледавалі рэлігію, але людзі ўсё адно верылі ў Бога. Такія, як мы, камсамольцы, можа й не, але старэйшыя людзі — верылі. Вялікдзень у нашай сям’і сьвяткавалі. Колькі жыла мая маці — пякла булкі, у яе адмысловыя формы былі. Яйкі абавязкова фарбавалі, тата на кірмаш хадзіў па цяляціну. Нават у тыя цяжкія часы на кірмашы цяляціна была.

 

Сырэны па Леніну

Маім бацькам вельмі не падабалася савецкая ўлада. Маці казала пра Леніна: “Гэта прыйшоў сатана”. Так яно й было. То таго, глядзіш, выслалі, то таго.

Я памятаю дзень, калі памёр Ленін. Мне было пяць гадоў. Я выйшла на ганак адна. Хто быў дома, ня памятаю. І раптам загулі сырэны. Каля нас былі паравозна-рамонтныя майстэрні — адтуль такія страшныя гудкі пайшлі. Я вельмі напалохалася, памятаю дагэтуль, як я зьлякалася.

 

Маркіз дэ Сад

У нас дома было шмат дарэвалюцыйных кніг, яны належалі маім сёстрам. Я любіла чытаць позна ўвечары, калі бацькі ўжо спалі. Узьлезу з нагамі на стол і чытаю. Страшна было, здавалася, што пад сталом нешта ёсьць. Чытаю Гогаля “Вій”, і страх бярэ. Гэты вялікі стол і цяпер ёсьць у Гомелі. Была ў нас кніга маркіза дэ Сада. Я ўзяла яе аднойчы ў школу, хацела сяброўкам паказаць. А настаўніца заўважыла, была непрыемная гісторыя...

 

Сястра

У дзяцінстве мяне сястра Воля апранала — яна сама шыла, перашывала. Яшчэ яна сьпявала ў хоры, які ў часе вайны трапіў пад акупацыю ў Харкаве. Пасьля Воля апынулася ў Амэрыцы і там працавала на радыё — сьпявала. Там зусім іншае жыцьцё было. Я аднойчы павіншавала яе з 9 траўня, а яна мяне спытала ў наступным лісьце: “Ліда, з чым гэта ты мяне павіншавала?” І ўсе даваенныя здымкі, якія ёсьць у нас, гэта Воля даслала з Амэрыкі ўжо ў 70-я. На адвароце адной карткі: “Лідачка, не крыўдуй, што я вяртаю здымкі. Калі буду кепска сябе адчуваць, я іх усе спалю, а ў цябе ёсьць дзеткі, якія будуць памятаць маму і тату”.

 

Тыфус з-за сьнежкі

Мая сяброўка Паліна памерла ў юнацтве — зьела брудную сьнежку, калі мы коўзаліся на каньках. У парку быў каток вялікі, перад Палацам. Сяброўкі Паліна і Маруся зьелі сьнежкі й захварэлі на брушны тыфус. Паліна памерла, Маруся засталася жывая, перахварэла. А Паліна — адзіная дачка ў бацькоў была. Яны жылі вельмі добра, багата. Ейны бацька працаваў на КВЖД. Ён з Далёкага Ўсходу прывозіў такія рэчы, якіх у нас ніхто ня бачыў. Тады ж у продажы не было нічога. А Паліна заўсёды была прыгожа апранутая па тых часах. Давала і сяброўкам насіць свае рэчы. Добрая была. Гадзіньнік у яе быў вельмі прыгожы, яна дала яго часова хлопцу. Потым Паліна памерла, а гадзіньнік у яго так і застаўся. Цяпер, можа быць, і ўратавалі б яе, а тады лекаў такіх не было. Не было антыбіётыкаў. Не лячылі людзей амаль.

 

Самалёт

Мы ўсе, дзяўчаты, паступалі ў мэдыцынскі тэхнікум, вучыцца на фэльчараў. Пасьля сканчэньня я працавала ў порце. Былі ў Гомелі параходы, што хадзілі ў Кіеў. Вялікія, вы такіх і ня бачылі — двухпавярховыя. А пасьля мяне перавялі на дэбаркадэр каля парку. З гэтага дэбаркадэру я аднойчы глядзела на маленькі двухмясцовы самалёт. Ён лётаў, насіўся, круціўся. Над самай маёй галавой. Я падумала: “Зараз зваліцца!” Ён раз — і на ваду зваліўся.

 

“Знак пашаны”

Зь Пятром мы пазнаёміліся ў кіно імя Калініна. Там ён мяне заўважыў. Іхная вайсковая частка стаяла ў Лешчанцы. Пятро ўжо тады меў ордэн “Знак пашаны”, атрыманы ў 1936 г. на вучэньнях войскаў Заходняга фронту. Ордэн яму ўручаў маршал Конеў.

Тады ордэн меў вялікае значэньне, усе зьвярталі ўвагу. Дый сам Пятро быў відны. Пасьля мы сустракаліся на танцах, у клюбе імя Леніна. Потым ён пачаў заходзіць да нас дамоў. Мама мая вельмі незадаволеная была, не прыйшоўся ён ёй да душы. А пасьля я за яго замуж выйшла.

 

Першая дачка Нона

Маленькая была. Памерла ад дызэнтырыі ў часе эпідэміі. Была б большая крыху, мо й уратавалі б. Я, яшчэ калі ня замужам была, бачыла сон: з нашага дому выносяць зусім маленькую дзяўчынку ў труне: хаваюць...

 

Баявы афіцэр

Яму ўвесь час хацелася ваяваць. Толькі трапіць на фронт, як зь ім абавязкова нешта здарыцца. На Фінскай вайне перабіла ногі: стаяў у танку, высунуўшыся зь люка. Увесь экіпаж загінуў, а яго выкінула. У Фінскую вайну шмат параненых было. У Ленінградзе ўсім месца не ставала, развозілі па гарадах. Так ён трапіў у Сярдобск. Пасьля 39-га іхны дывізіён стаяў у Заходняй Украіне — у замку Сапегі. Прыгожы замак. Я гуляла ў валейбол з маладымі афіцэрамі. Да нас прыходзіў праваслаўны сьвятар, сымпатычны такі, мы сябравалі гаварылі доўга. Вайна засьпела мяне ў Гомелі. Прыехала ў Гомель — і абвясьцілі: вайна. Я ўвечары села ў цягнік і паехала ва Ўкраіну, у вайсковую частку, у мэдсанбат.

 

Акружэньне

Вельмі кепска пачалася вайна — усе былі ў акружэньні. Не пасьпееш з аднаго акружэньня выйсьці, трапляеш у другое, трэцяе.

Пасьля так акружылі пад Роўна, што мы ўжо выходзілі, хто як мог. Я ішла з адной доктаркай з Чарнігава. Па дарогах рухаліся калёны немцаў, не зважалі ні на кога. Адборныя часткі! Тады шмат было прыгожых мужчын — і сярод нашых, і сярод немцаў, — найлепшыя пасьля загінулі, параненыя. Мы немцаў па дарозе пазьбягалі, баяліся, ня ведалі, што яны зоймуць усю тэрыторыю, думалі, што ўцячэм ад іх. Спачатку ішлі на Кіеў, а Кіеў ужо быў акружаны, але яго не здавалі. Мы пайшлі на Гомель. Прыйшлі, а там ужо немцы таксама. Яны вельмі хутка рухаліся, не пасьпееш азірнуцца, а места ўжо занятае.

 

Уваравічы

Пры немцах мы не маглі жыць ў Гомелі. Пятро выйшаў з акружэньня пад чужым украінскім прозьвішчам Яўстратчанка. У Гомелі яго кожны мог пазнаць і выдаць. Таму мы жылі ў мястэчку Ўваравічы.

Там давялося і хлеб сеяць, і карову трымаць, каб неяк жыць. Пеця працаваў у тамтэйшай краме і падтрымліваў сувязь з партызанамі. Пасьля быў вымушаны наагул сысьці ў партызаны. А я не пасьпела.

 

Гомельская турма

Маіх бацькоў узялі ў закладнікі, каб мяне забраць. Я ня стала хавацца, прыйшла — немцы іх адпусьцілі, а мяне арыштавалі й пасадзілі ў гомельскую турму. Яна была на скрыжаваньні Савецкай з Рагачоўскай. Сядзела я там колькі месяцаў, пакуль не падышлі савецкія войскі. Са мной забралі дактароў — Ніну з Уваравічаў і Вольгу Стафанаўну. Яны ня мелі ніякага дачыненьня да партызанаў. Іхныя сваякі-паліцаі палічылі, што ў іх ёсьць золата, дый пасадзілі іх нізавошта, каб яго забраць. А галоўны паліцыянт ва Ўваравічах пасадзіў цэлую сям’ю — мужа, жонку, дзяўчынку 18 гадоў і хлопчыка, — што хацелі, тое і рабілі.

 

Парашутыстка

Да нас у камеру пасадзілі адну дзяўчынку... Яе высадзілі расейцы — з парашутам. Відаць, нехта яе выдаў. У камэры яна ўвесь час маўчала, нічога пра сябе не расказвала. Доўга парашутыстку не трымалі — павялі і расстралялі. З намі яшчэ разьбіраліся, марудзілі, а яе — адразу. Такая была слаўная — ціхая, бялявая...

 

Савецкія войскі

Вельмі нечакана падышлі да Гомеля савецкія войскі. Пра нас забыліся, ахова разьбеглася са страху. Людзі нам адамкнулі, выпусьцілі нас, і мы разышліся па хатах. Я прыйшла дамоў, там была мама... Працаваць я вярнулася да воднікаў на дэбаркадэр. Пятро пайшоў у войска. У Польшчы яго параніў снайпэр — выбіў вока. Пятро быў вайсковым камэндантам Магілёва, пакуль не дэмабілізавалі й не паслалі на працу ў Воршу. Жылі мы на Ленінскай каля ваенторгу. Ваенторг разабралі летась, а ў гэтым разьбяруць і дом, дзе мы спачатку жылі. Як мне тут не падабалася!..

У нас быў аўчар шэры, узялі шчанюка ад сабакі-мінёра. Вельмі добры быў сабака. Яго скралі. Каля ваенторгу заўсёды машыны вялікія вайсковыя спыняліся — вось і зьвезьлі сабаку.

 

Лёс

У мяне ў маладосьці нічога добрага не было. Не пасьпееш уладкавацца, як абвязкова нешта здарыцца. Неспакойна было. Відаць, у кожнага чалавека ёсьць лёс — вось так табе трэба, так табе і будзе. І гэтага не абыдзеш. Можа, ёсьць людзі больш настойлівыя, з моцнай воляй, яны могуць нешта зьмяняць. Аднак усё адно ёсьць тое, што чалавеку суджана. Чаму адного чалавека забіваюць, а ты побач — і жывы застаешся? Адзін падае, а другі ідзе — гэта ў адным і тым самым шэрагу. Каму што... Некаму дадзена, як мне, дажыць да старасьці. А іншаму памерці ад гадкай хваробы маладым.

Запісала Паліна Сьцепаненка


Каментары

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава20

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскіх дыпламатаў затрымалі ў брытанскім парламенце3

Гэтыя прадукты могуць знізіць рызыку развіцця раку тоўстай кішкі — самага распаўсюджанага ў Беларусі1

«Чаму пад выглядам трохпакаёвых кватэр сталі прадаваць двухпакаёвыя?» Блогерка крытыкуе рынак нерухомасці9

За ўдзел у пратэстах судзяць выкладчыцу Універсітэта фізкультуры3

Падлічылі медыянны заробак. Роўна палова беларусаў атрымлівае на рукі менш за $4545

Трамп прызначыў зорных спецпасланнікаў у Галівудзе. Сярод іх Мэл Гібсан12

Следчыя змаглі знайсці забойцу мытніка, цела якога знайшлі ў Гомелі ў 2002 годзе6

Палітзняволенага Юрася Зянковіча здымалі, падобна, у гатэлі «Еўропа»5

У Грузіі за паўтара года сем грамадзян Беларусі скончылі жыццё самагубствам7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава20

Ва Украіне загінула 24-гадовая беларуская добраахвотніца Марыя Зайцава

Галоўнае
Усе навіны →