Адным з самых адчайных беларускіх палітыкаў у апошні час сябе зарэкамэндавала Валянціна Палевікова. У 2001-м, кіруючы Партыяй жанчын «Надзея», Палевікова ўваходзіць у штаб кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка. Вынікам гэтага стаўся выкід «кампрамату» супраць яе і ціск на жаночую партыю. В.Палевікова вырашае аб’яднаць «Надзею» з сацыял-дэмакратамі.
У жніўні 2002-га яна была абраная старшынькай Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, але яе так і не ўдалося зарэгістраваць. У той жа час улады паспрыялі таму, каб Партыя жанчын «Надзея» працягвала існаваць, толькі ўжо без Палевіковай. Цяпер на парадку дня стаіць пытаньне пра ўваходжаньне АСДП у склад Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады. Такое рашэньне было прынятае на нарадзе кіраўніцтва партыяў 13 студзеня. Валянціна Палевікова, ураджэнка Любаншчыны, без сумневу, будзе адным зь лідэраў новае ўзбуйненае партыі і — чаму не? — кандыдаткаю ў прэзыдэнты ад яе. В.Палевікова — у рэдакцыі «НН».
«НН»: Чаму АСДП вырашыла ўвайсьці ў склад БСДГ С.Шушкевіча?
В.П.: Гэта не «ўваходжаньне». Гэта далейшае аб’яднаньне. Рэжым дыктуе нам свае ўмовы. І мы мусім адказваць. Кіраўнікі АСДП і БСДГ сустракаліся 13 студзеня і гутарылі пра далейшыя нашыя крокі. У сакавіку пройдзе зьезд БСДГ, на якім будуць унесеныя зьмены і дапаўненьні ў статут. Партыя, хутчэй за ўсё, будзе звацца «Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада». Гэта будзе натуральнае аб’яднаньне, якое мы пачалі ўжо на рэгіянальным узроўні.
«НН»: Чаму Вы выбралі менавіта сацыял-дэмакратычную партыю?
В.П.: Сацыял-дэмакратычныя ідэі абароны правоў працоўных, падтрымкі малазабясьпечаных людзей мне найбліжэйшыя. Я шмат гадоў працавала ў прафсаюзах, і гэта паўплывала на мой выбар.
«НН»: Ці ня варта было ўсё ж захаваць Партыю жанчын «Надзея», а не ісьці на аб’яднаньне з сацыял-дэмакратамі? У Вашай партыі быў досыць вялікі рэйтынг.
В.П.: Так, у нас быў і ёсьць самы высокі рэйтынг сярод палітычных партый краіны. Але рашэньне было прынятае ўзважанае. «Надзея» шмат зрабіла, каб рашучыя, моцныя духам жанчыны прыйшлі ў палітыку. Але, каб стаць мацнейшымі, трэба было яднацца. Мы вырашылі захаваць «Надзею» ў сацыял-дэмакратычнай партыі як аднайменную фракцыю. Аднак улада спалохалася гэтага яднаньня і вельмі брудна абышлася з жаночай палітычнай сілай. Я пэўная, што людзей, якія гэта зрабілі, будзе мучыць сумленьне. Толькі ў нашай краіне могуць скрасьці партыю, толькі ў нашай краіне могуць правесьці партыйны зьезд, на якім амаль не было сяброў партыі.
Ня веру ў трэцюю сілу
«НН»: Сёньня гавораць пра магчымае зьяўленьне ў Беларусі «трэцяй сілы». Ці верыце Вы ў гэта?
В.П.: Ніхто ня супраць, каб яна зьявілася. Яшчэ пасьля прэзыдэнцкіх выбараў было чуваць, што «ня тая апазыцыя», што патрэбны «новыя лідэры». Але гэта сьмешна. Дзе возьмеш такую актыўную сілу? Мо нехта прызначыць гэтую апазыцыю, гэтых людзей? Яны ці ёсьць, ці іх няма. Што гэта за актыўныя людзі, актыўныя сілы, «трэція», «чацьвертыя», якія сядзяць дзесьці «ў падпольлі» — чакаюць, калі надыдзе час «вынырнуць»? Я ня веру ў «трэцюю сілу».
Не хацелася б, каб мы зноў наступілі на тыя ж граблі. У апазыцыйныя партыі прыходзіць шмат новых людзей, паступова зьяўляюцца новыя лідэры. Але годзе шукаць нейкіх лідэраў, якія ня спраўдзілі надзеяў, нейкія сілы, якія спрабуюць працаваць па-старому. А нам проста трэба новая стратэгія і тактыка.
«НН»: Нейкі каардынацыйны цэнтар апазыцыі, кааліцыя?
В.П.: Пасьля таго як міжнародная супольнасьць памякчэла што да афіцыйнага Менску, нам як ніколі трэба думаць пра стварэньне такой кааліцыі. Вельмі балюча, што ўжо загубленыя колішнія чатыры ўмовы для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, прынятыя АБСЭ. Эўрапейскае чынавенства можна зразумець. У кожнай краіне мноства сваіх праблемаў. І шмат каму хацелася б заплюшчыць вочы на тое, што робіцца ў Беларусі.
Мяне трывожыць, што ўлада фактычна фарміруе так званую «канструктыўную апазыцыю» і мае намер падставіць яе для «супрацоўніцтва» зь міжнароднымі структурамі ды магчымых перамоваў з АБСЭ. Застаецца толькі спадзявацца, што ў эўрапейскіх структурах, акрамя так званых прагматыкаў, ёсьць і сумленныя людзі.
«НН»: Ці не штурхне такая пазыцыя Захаду некаторыя партыі ў бок Расеі?
В.П.: Я ня думаю, што нейкія апазыцыйныя партыі будуць рабіць захады, каб Беларусь страціла незалежнасьць, сувэрэнітэт. Гэта сьвятое. Іншая справа, што ўплыў Расеі на Беларусь ёсьць, і гэта трэба мець на ўвазе. Наша партыя мае кантакты з шэрагам расейскіх палітыкаў, мы плянуем арганізаваць супрацоўніцтва з партнэрскімі палітычнымі партыямі ў Расеі.
«Вось табе сьпіс», — сказалі мне
«НН»: Калі Палевікова стала ворагам уладаў?
В.П.: Яшчэ з красавіка 1991 году, калі ўзначаліла акцыю пратэсту на сваім прадпрыемстве супраць росту цэнаў. Але самы моцны прэсінг з боку ўлады адчула падчас і пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001-га. І пагрозы, і праслухоўваньне майго тэлефона, і напад невядомых на мужа... У нашай краіне нічога не даруецца, і калі ты не баішся сказаць праўду, гэта сказваецца на табе і тваіх родных.
Я зьяўлялася кіраўніком перадвыбарчай кампаніі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Аднак на тых выбарах галасоў ніхто не лічыў. Ужо праз гадзіну пасьля заканчэньня галасаваньня быў аб’яўлены вынік. Ці можна ў такое паверыць? Зразумела, што сапраўдныя вынікі выбараў былі скрадзеныя.
«НН»: Якія памылкі выбарчай кампаніі можна ўлічыць на будучае?
В.П.: У нас былі памылкі. Мы позна вылучылі адзінага кандыдата, не спрацавалі нашы спадзяваньні на намэнклятуру, на кампанію былі затрачаны вельмі невялікія сродкі. Апроч таго, было вельмі вялікае распыленьне гэтых сродкаў. На самі выбары іх ужо не хапіла, бо грошы выкарысталі на мабілізацыйную кампанію. Адзін зь людзей, які фінансаваў апазыцыйныя арганізацыі цягам двух гадоў, падчас выбараў мне сказаў: «Вось табе сьпіс, хто і якую дапамогу атрымаў. Ты іх «пастрой». Няхай працуюць». Але ўжо было мала часу. Гэтыя і іншыя памылкі трэба ўлічыць дэмакратычным сілам пры распрацоўцы агульнай стратэгіі.
«НН»: Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Вы ўдзельнічалі ва «ўсебеларускім сходзе» і задавалі пытаньне Лукашэнку. Як Вам удалося туды патрапіць?
В.П.: Ня ўсе чулі нашу размову з Лукашэнкам у жывым этэры, а потым яе ўжо абрэзалі. За дзьве гадзіны да пачатку сходу я вырашыла туды ісьці, але думала, што мяне ня пусьцяць. Ахова, пасьля доўгіх спрэчак, мяне прапусьціла. Я паказвала пасьведчаньне даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты… Выступіць мне не дазволілі, удалося толькі задаць пытаньне. Я гаварыла пра беднасьць людзей і пра тое, што прадстаўнікі ўлады страцілі нават пачуцьцё ўласнай годнасьці. Лукашэнку гэта было непрыемна слухаць, і ён, перабіўшы мяне, пачаў свае звычайныя разважаньні ні аб чым, а потым мне зусім адключылі мікрафон. Так паводзілі сябе мужчыны, якім не было чаго сказаць па сутнасьці пытаньня.
Мяне бессэнсоўна падкупляць
«НН»: Ці рабіла ўлада Вам нейкія прапановы?
В.П.: Не, ніколі. Яны мяне добра ведаюць і бачаць, што гэта бессэнсоўна.
«НН»: Адкуль бяруцца ў беларускіх жанчын сілы займацца палітыкай сёньня, калі мужчыны зь яе сыходяць?
В.П.: Мы, жанчыны, больш адказныя і моцныя духам. Калі робім выбар, то ведаем, дзеля чаго яго робім. У сваёй большасьці жанчыны маюць для такой дзейнасьці дадатковую сілу, бо менавіта яны даюць жыцьцё дзецям і адчуваюць адказнасьць за іх будучыню, а гэта значыць, і за будучыню Беларусі.
Гутарыў Сяргей Ёрш
Каментары