Пальчыс, Андрэева, Лойка і іншыя імёны — пасля візіту амерыканскіх дыпламатаў у Мінск вызвалілі 250 палітвязняў
Сёння ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам сустракалася амерыканская дэлегацыя на чале са спецпасланнікам ЗША Джонам Коўлам. Пасля гэтай сустрэчы стала вядома пра вызваленне чарговай партыі палітвязняў.
Вызваленыя 250 палітвязняў. 15 з іх дэпартаваныя з краіны ў Літву, 235 застануцца ў Беларусі.
У спісах вызваленых — журналістка Кацярына Андрэева, блогер Эдуард Пальчыс, праваабаронца Наста Лойка.
Вызвалены таксама Мікіта Залатароў. Хлопца пасадзілі яшчэ непаўналетнім. Яму прысудзілі 5 гадоў выхаваўчай калоніі за ўдзел у пратэстах. Пасля хлопцу дадалі паўтара года за штурханіну з канваірам.

А ўрэшце пасадзілі і бацьку Мікіты, Міхаіла Лапунова. Ён таксама палітвязень.
Яшчэ адзін чалавек у спісах — Сяргей Маўшук. Яму прысудзілі 6,5 года за ўдзел у пратэстах у Пінску. Яго жонку Алену Маўшук памілавалі і дэпартавалі ў лютым 2025 года.

Вызвалены і Кірыл Казей. У 2020 годзе ён з сябрамі паехаў, каб паразмаўляць з хуліганам, які накінуўся на чалавека са сцягам. У выніку быў арыштаваны і атрымаў 7 гадоў зняволення.

На свабодзе Мікалай Куляшоў — былы мытнік, які дапамагаў пераходзіць мяжу людзям, якім пагражаў арышт. Яму прысудзілі пяць гадоў калоніі, калі накрылі чарговую такую групу.

У спісе вызваленых Дзяніс Жалязко. Ураджэнца Петрыкава асудзілі па дзевяці палітычных крымінальных артыкулах. Ён атрымаў пяць гадоў зняволення, з якіх адсядзеў каля двух гадоў.

Вызвалены анархіст Павел Шпетны. Яму прысудзілі шэсць гадоў зняволення па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння», а пасля накінулі яшчэ два гады.

На свабодзе Кім Самусенка. Ён атрымаў 6,5 года зняволення. Яго брат Аляксей таксама быў палітвязнем, але ўжо вызваліўся.

Вызвалены Аляксандр Казлянка — актывіст «Рэвалюцыйнага дзеяння».
Яго пасадзілі ў 2021 годзе, але за падзеі 2018 года — тады анархісты перакрылі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Агулам Казлянку прысудзілі 7,5 года зняволення.

У спісах вызваленых Дзмітрый Кубараў.
Дызайнера арыштавалі адразу пасля выбараў 2020 года. Сілавікі заявілі, што ён захоўваў у кватэры рэчывы, каб вырабляць кактэйлі Молатава. Агулам яму прызначылі 8 гадоў калоніі.

Сярод вызваленых і Валянцін Стэфановіч, адзін з лідараў «Вясны». Яго асудзілі да 9 гадоў зняволення.
Алесь Бяляцкі і Уладзь Лабковіч трапілі ў папярэднюю партыю дэпартаваных. Цяпер на свабодзе і Валянцін. Праваабаронцу трымалі ў турэмных умовах у Магілёве.

На свабодзе Марфа Рабкова. Праваабаронца знаходзілася за кратамі з верасня 2020 года. Суд, які адбыўся ў верасні 2022 года, прысудзіў ёй 15 гадоў калоніі.

Сярод вызваленых і дэпартаваных у Літву — Аляксей Мельнікаў. Жыхара Магілёва затрымалі 9 жніўня 2020 года. Яго судзілі па ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) і па арт. 295 КК (незаконнае захоўванні зброі). Далі 7 гадоў калоніі. Пазней дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі па арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы).

Вызвалены Дзмітрый Наважылаў, яго не дэпартавалі. Былы дырэктар БелаПАН быў затрыманы ў жніўні 2021 года. Яму прысудзілі 6 гадоў калоніі.

Вызвалены вікіпедыст Ілля Барыскевіч. Адміністратар Беларускай Вікіпедыі тарашкевіцай быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі за дыскрэдытацыю Беларусі.

Вызваленая палітолаг Валерыя Касцюгова. У 2023‑м ёй прысудзілі 10 гадоў калоніі.

На волю выйшаў брэсцкі журналіст Алег Супрунюк. 8 жніўня 2025 года яго асудзілі да трох гадоў калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Журналісту, які мае інваліднасць па слыху, у калоніі не далі магчымасці карыстацца слыхавым апаратам. Алег Супрунюк практычна нічога не чуў і меў вялізныя праблемы ў камунікацыі з іншымі людзьмі.

На волі таксама Марына Петражыцкая, завуч мінскай гімназіі №34. Яе затрымалі ў 2024 годзе па справе дваровых чатаў і асудзілі на 2 гады калоніі.

У спісах вызваленых — уладальнік гродзенскай этнакрамы «Цудоўня» Андрэй Несцяровіч. Яго затрымалі ў лютым 2025 года і асудзілі па «народным» 342 артыкуле. Андрэю далі паўтара года хіміі з накіраваннем.

Сярод вызваленых, каму дазволілі застацца ў Беларусі, берасцейка Надзея Лескавец. Жанчыну затрымалі ў студзені 2024 года, калі сілавікі рабілі «рэйд салідарнасці» — затрыманні людзей, якія дапамагалі палітвязням. Лескавец абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, і за дапамогу палітвязням далі 3 гады калоніі.

Вызвалены нафтанавец і бубнач з Наваполацка Дзмітрый Шалак.
Дзмітрый быў затрыманы ў снежні 2023 года і асуджаны на 3,5 года за абразу Лукашэнкі.

Вызваленыя таксама нядаўна асуджаныя за дапамогу палітзняволеным Вера Кананенка і яе муж Сяргей Кардаш. У студзені 2026 года ім прысудзілі па 3 гады калоніі. Яны былі затрыманыя ў кастрычніку 2024 года падчас чарговага хапуна за дапамогу палітычнымі зняволеным.
Сярод вызваленых — баранавіцкі актывіст з інваліднасцю трэцяй групы Ігар Шумілаў, піша «Вясна». Раней ён трапіў у ДТЗ і страціў нагу, а таксама праз гэта мае сур'ёзную праблему з правай рукой.
Яго асудзілі паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 КК (Абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 КК (Паклёп у дачыненні да Лукашенкі). Суддзя Мікалай Кміта прысудзіў 4 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Сярод вызваленых і палітзняволеная расіянка Яраслава Хромчанкава, піша «Вясна». Жанчына жыла ў Мазыры і была затрыманая па «справе Гаюна». Яраславу прызналі вінаватай паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і 369‑1 (дыскрэдытацыя Беларусі) Крымінальнага кодэксу.
Гомельскі абласны суд прызначыў ёй тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вызвалілі таксама каардынатара пошукавага атрада «Анёл» Максіма Федаровіча, піша «Вясна». Ёнбыў затрыманы па «справе Гаюна». Федаровіча асудзілі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэксу да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Мужчыну судзілі за дзевяць выпадкаў перадачы даных у «Гаюн». Таксама яму прызначылі штраф — 500 базавых велічынь.
Максім — каардынатар пошукавага атраду «Анёл». Раней ён працаваў тэхнолагам на «Мінск-Крышталі», але цалкам змяніў жыццё пасля таго, як у 2017 годзе далучыўся да руху пасля маштабных пошукаў Максіма Мархалюка ў Белавежскай пушчы. Вядома, што ў экс-палітвязня ёсць маленькае дзіця.

Глядзіце поўны спіс.
Каментары
ну ....