Паглядзелі фільм «Пяшчотна да сябе», зняты па дзіка папулярнай беларускай кнізе — пра зацюканую жанчыну, якую хочуць зрабіць для ўсіх зручнай
У Расіі знялі камедыю па кнізе «Пяшчотна да сябе» ад беларускі Вольгі Прымачэнка — бестсэлеры апошніх гадоў (прадалі больш за тры мільёны экзэмпляраў). Што атрымалася са зборніка матывацыйных цытат?

Імя беларускі Вольгі Прымачэнка прагрымела ў 2020 годзе. Тады яна, былая рэдактарка інтэрнэт-партала, вывучылася ў Маскве на псіхолага і выпусціла ў тамтэйшым выдавецтве кнігу «Пяшчотна да сябе» — падручнік для жанчын пра любоў да сябе.
Каб не спужаць неафітак ад псіхалогіі, ім прэзентавалі простыя ісціны. Шануй сябе, радуйся жыццю, прымай сваё цела і пачуцці… Банальна (гэтыя ідэі прагучалі б фенаменальна ў свеце хатніх гаспадынь 80-х, а не ў сучасным), але пісьменніца трапіла ў аўдыторыю, якой гэта важна было пачуць.
Жанчыны, якія, замучаныя жыццём, згубілі сябе пад уплывам моды на дасягненні, атрымалі дазвол адчуваць і рабіць тое, што хочуць, адмаўляцца ад непатрэбнага і не выходзіць з зоны камфорту. Пра тое, што дзеля выканання сваіх мар часта даводзіцца выйсці з той самай зоны, Прымачэнка тактоўна змаўчала.

Так ці інакш, чытачкі ацанілі кнігу. «Пяшчотна да сябе» перажыла некалькі перавыданняў, а Вольга Прымачэнка выдала яшчэ некалькі падобных кніг, некалькі працоўных сшыткаў і тэматычных размалёвак. Цяпер дайшоў час і да экранізацыі, прычым фільм няблага збірае ў пракаце: нядаўна «Пяшчотна да сябе» прабіў адзнаку мільён заробленых даляраў.
Але ж як экранізаваць нон-фікшн? Для гэтага сцэнарысты стварылі гераіню, цалкам процілеглую ідэалам пісьменніцы.
Завуць яе Надзя, ёй каля 40 гадоў. Надзя — добры аталарынголаг, але ў яе асабістым жыцці поўны правал: муж пайшоў ад яе два гады таму, але фармальна яны дагэтуль у шлюбе, а сама Надзя надакучыла ўсім навокал, у тым ліку і дачцы-падлетку, сваім імкненнем кантраляваць увесь свет.

Кіраўніца Надзі і яе сяброўка выпіхвае жанчыну ў адпачынак (яна даўно не адпачывала). Але сумаваць у адпачынку Надзя не будзе, бо на яе галаву звальваецца новая дзяўчына яе былога.
У той праблема — мужчына, што іх звязвае, некуды знік. Абедзве жанчыны спрабуюць яго знайсці, але аказваецца, што той проста вырашыў трохі пабавіць час на прыродзе. Але на гэтым праблемы Надзі не заканчваюцца: былая свякруха раптам вырашыла прадаць кватэру, дзе жывуць Надзя з дачкой. І разабрацца з абаяльным мопсам Дантэсам, якога таксама скінулі на Надзю.

Персанажы навокал яшчэ і не спыняюцца павучаць жанчыну. Адна з іх нават заўважае, што яе мужу ў адносінах з Надзяй магло не хапаць паветра, але ж шалёную атмасферу вакол Надзі ствараюць менавіта іншыя. Напрыклад, дзяўчына яе былога, якая выскоквае з машыны з Надзяй і сядае медытаваць у полі — маўляў, не вытрымала напружання. Ці свякруха, якая прыводзіць новых купцоў у кватэру проста пры Надзі.
Калі Надзя — неўратычная замучаная жанчына, то навокал яе дзіўным чынам сабраліся выключна яе супрацьлегласці. У сцэнарыстаў «Пяшчотна да сябе» атрымаліся простыя і плоскія персанажы, а сюжэтныя павароты гэтай гісторыі можна прадбачыць задоўга да фіналу — і, шчыра кажучы, фільм глядзець нудна.

Зразумела, што пад ласкавым ціскам атачэння Надзя навучыцца расслабляцца, прыме свае эмоцыі і пачне атрымліваць асалоду ад жыцця. Вось толькі гэта не вырашыць яе праблем, і, нават прасветленай, ёй трэба будзе некуды з’язджаць на здымную кватэру і неяк афармляць той самы развод з мужам. А потым і мець справу з клапатлівым атачэннем, якое якраз з’яўляецца прычынай яе праблем.
Гэта яе былы муж, які яе павучае жыццю, інфантыльны і здольны паехаць у лес, нікога не папярэдзіўшы, гэта і свякруха, якая высяляе жанчыну з дзіцём з кватэры, бо ў той свякрухі рак і ёй трэба грошы, каб павандраваць перад смерцю. Да сябе яны, вядома, ставяцца пяшчотна, але не да галоўнай гераіні, якую яшчэ і зацюкалі за баявы характар і хочуць зрабіць яе проста зручнай для ўсіх.
Некаторыя ідэі стужкі і ўвогуле выглядаюць шкоднымі. Напрыклад, дачка Надзі прыходзіць са школы з падрапаным тварам, і тая здагадваецца, што дзяўчыне зладзілі булінг. Надзя робіць лагічную выснову, што трэба ісці ў школу і разбірацца з гэтай справай, але яе дачка ўпэўнівае маму, што хопіць змагарства — яна проста пяройдзе ў іншую школу.
Але ж на такія фільмы ідуць не па сэнсы. На іх ідуць, калі хочацца правесці вечар з нейкім кантэнтам, які больш ніколі не ўспомніш і не пераглядзіш. Калі аднаразовае кіно — гэта не ваша, лепш праходзьце міма.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
"Насамрэч яны ўсе дрэнныя, а ты самая лепшая".