Архіў

Расейцы хочуць спакою

Чацьвертыя выбары ў парлямэнт Расеі зусім пазбаўленыя таго рэвалюцыйнага запалу, які характарызаваў абраньне першай, другой і нават трэцяй Думаў. Расейская палітыка стала нуднай. На гэтых выбарах расейцы не зьбіраюцца рабіць «гістарычнага выбару». Дый, разважыўшы, і неабходнасьці няма. 90-я ў Расеі прайшлі пад пытаньнем «Ці вернуцца камуністы?». Цяпер жа — думае грамадзянін Расеі — СССР не вярнуць, а жыцьцё ўжо, бач, паціху наладжваецца. І галоўнае, ёсьць гарантыя таго, што так яно будзе і далей, — Уладзімер Пуцін.

Галоўнае жаданьне расейскага выбарніка сёньня — жаданьне стабільнасьці. Ляйтматыў большасьці «палітычных» размоваў расейцаў такі: яны стаміліся ад рэвалюцыйнасьці апошніх 15 гадоў і хочуць спакою. Палітычную моду ў гэтай краіне пачынае дыктаваць сярэдняя кляса.

У чым расейскія выбары не падобныя да змаганьня за парлямэнт у іншых краінах — дык гэта адсутнасьцю «барацьбы ідэалёгіяў». Змагаюцца не ідэалёгіі, а грошы. Нават у выбарчых сьпісах КПРФ стаяць некалькі даляравых мільянэраў.

Гэта й зразумела: калі ў цябе мільёны ёсьць, то лепш пераплаціць і пазбыцца неабходнасьці ісьці па аднамандатнай акрузе, весьці цяжкую выбарчую кампанію, якая адымае некалькі месяцаў працы. Час — гэта грошы, і, як маеш грошы, часу можна не губляць.

Яшчэ адна цікавая акалічнасьць. Ад таго, якія стасункі ў кіраўнікоў партыяў у Маскве, міжпартыйныя адносіны ў рэгіёнах могуць ніяк не залежаць. Да прыкладу, у Башкартастане ў апазыцыі да Муртазы Рахімава — усе: камуністы, «яблычнікі», ЛДПР, СПС... У невялікіх гарадах можна назіраць такую карціну: у адным памяшканьні месьцяцца офісы «Яблыка» і КПРФ альбо КПРФ і «Лібэральнай Расеі». Аплачваюць у складчыну.

«Ідэалягічных» партыяў у Расеі фактычна няма, калі не лічыць КПРФ. Не ў апошнюю чаргу гэта відаць з жаданьня партыйцаў працаваць, не зважаючы на тое, заплацяць ці не.

Спрабуюць выпрацаваць ідэалёгію СПС і «Яблык» (які актыўна займаецца «зялёнай» тэмай).

«Аднак бальшыня расейскіх партыяў — звычайныя PR-праекты, створаныя для атрыманьня галасоў, — адзначыла ў гутарцы з карэспандэнтам «НН» Юлія Малышава, супрацоўніца заснаванага Ягорам Гайдарам Інстытуту эканомікі пераходнага пэрыяду. — Самы відавочны з такіх праектаў — створаны для адцягваньня працэнтаў ад камуністаў блёк «Радзіма» Глазьева—Рагозіна. У Думу наўрад ці пройдзе, але камуністам нашкодзіць можа».

У найбуйнейшай на сёньня палітычнай партыі, «Адзінай Расеі», ідэалёгіі фактычна няма. Хаця ў сваім «Маніфэсьце» АдРа і спрабуе кваліфікаваць сябе як партыю кансэрватараў, насамрэч гэта — элітарны палітычны клюб, сяброўства ў якім дае вялікія магчымасьці: адміністрацыйны рэсурс у Расеі выкарыстоўваецца напоўніцу.

Да расейскіх рэгіёнаў партыйная прапаганда даходзіць цяжка. Інфармацыю пра партыі выбарнікі атрымліваюць у асноўным праз тэлевізію. Акрамя таго, прэтэндэнты на пасады ў Думе фактычна адмовіліся ад кампаніі «ад дзьвярэй да дзьвярэй». Лічыцца, што выбарніка лепш лішні раз не турбаваць зьяўленьнем агітатараў — не раздражняць народу.

Расейцам хочацца ціха, без чарговых рэвалюцыяў багацець. Ну хіба што адыграўшыся на пары алігархаў за цяжкасьці мінулага дзесяцігодзьдзя.

Аляксей Шэін, Масква—Уфа

Каментары

Цяпер чытаюць

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах2

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна абвясціла на чацвёра сутак рэжым цішыні3

Навукоўцы разгадалі таямніцу нараджэння Месяца9

Пад Мінскам паказалі новыя сарты вінаграду, прыдатныя для беларускага клімату1

Трамп: Уіткаф і Кушнер вязуць у Маскву і Кіеў прапанову аб завяршэнні вайны1

У Смалявічах расіянін на дзіцячай пляцоўцы напаў на школьніка15

Нумар нямецкага часопіса выйшаў з рускім матам на вокладцы5

У некаторых месцах у Беларусі забароняць рабіць відэаназіранне5

Беларуску Ірыну Халіп уключылі ў рэестр расійскіх «іншаземных агентаў»4

ААН прагаласавала за адмову ад традыцыйнай карты свету21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах2

Мінскія ўлады расказалі, як будуць змагацца з «акіянам аўтамабіляў» у дварах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць