Люты 1863. У Барысаўскім павеце ідуць арышты і ператрусы. Хапаюць падазраваных ва ўдзеле ў паўстанні. Арышту дзівам мінае Аляксандр Цюндзявіцкі, імя брата якога — Міхала — стаіць першым у спісе паўстанцаў Беларусі, пакараных смерцю. Адправіць атрад у маёнтак Аляксандра за 70 вёрст ад Лагойска адмовіўся расійскі палкоўнік Насохін. На гэта 4 сакавіка мінскаму губернатару скардзіўся станавы прыстаў Адам Ляцкі.

Вінцэнт Козел-Паклеўскі — начальнік Вілейскага павета, пад загадам якога ваяваў Тэлесфор Халева. Гераічна загінуў пад Уладыкамі.

Вінцэнт Козел-Паклеўскі — начальнік Вілейскага павета, пад загадам якога ваяваў Тэлесфор Халева. Гераічна загінуў пад Уладыкамі.

Міхал Цюндзявіцкі — паўстанец, пакараны смерцю за чытанне «Мужыцкай праўды». Гэтае фота стала дадатковым доказам у яго справе.

Міхал Цюндзявіцкі — паўстанец, пакараны смерцю за чытанне «Мужыцкай праўды». Гэтае фота стала дадатковым доказам у яго справе.

Гэта быў той Ляцкі, які спланаваў і кантраляваў арышты ў сваім родным Барысаўскім павеце. Ён адправіў за краты не адзін дзясятак паўстанцаў ды тых, хто ім спачуваў. Нават смерць Ляцкага каштавала жыцця двум паўстанцам — Эдварду Харэвічу і Тэлесфору Халеве.

«Мы іх шапкамі закідаем. Вастрыце косы»

Расстрэлам у Мінску 2 чэрвеня 1863 пачалася ў Беларусі акцыя па запалохванні насельніцтва. Пакараны смерцю быў 23­гадовы Міхал Яхім Цюндзявіцкі. Ён паходзіў з заможнай сям’і, якая мела ў Барысаўскім павеце 3200 га зямлі. Сямёра дзяцей Цюндзявіцкіх выхоўваліся ў любові да роднага краю і здолелі перадаць яе сваім нашчадкам. Нездарма, у 1906 годзе адзін з прадстаўнікоў роду — Віктар — выдаў кніжку «Аб чым сёння гамоняць у нас на Беларусі», напісаную беларускай моваю (наклад якой сканфіскавалі).

Бацька Міхала Мельхіёр Антоні ў вайну 1812 года служыў у расійскім войску і за мужнасць атрымаў залатую шаблю. У адстаўцы ён заняў пасаду маршалка Барысаўскага павета. Маці Міхала — Каміла — паходзіла з роду Багдановічаў.

Як і бацька, Міхал выбраў жыццё вайскоўца. Пасля кадэцкага корпуса ў званні харунжага паступіў на службу. У войску Міхал увайшоў у рэвалюцыйную арганізацыю, па заданні якой пры канцы 1862 узяў адпачынак і накіраваўся ў вандроўку па вёсках Мінскай і Віленскай губерняў — заклікаць сялян да паўстання. Пераапрануты ў кажух, аб’ехаў шмат мясцін. 18 лютага 1863 ён наведаўся ў карчму каля вёскі Камень, дзе сабралася дужа народу: былі хрэсьбіны.

Міхал пачаставаў людзей гарэлкаю, слова за слова — гаворка перайшла да тэмы ўзброенага выступлення. Цюндзявіцкі дастаў з кішэні брашуру на беларускай мове (хутчэй за ўсё «Мужыцкую праўду») і стаў яе гучна чытаць. Адзін з сялянаў выказаў сумнеў: маўляў, цар і так аддасць зямлю, навошта паўстанне. Міхал адказаў: «Хопіць таму цару валодаць нашай зямелькай. Трэба за яе грудзьмі стаць. Цяпер і нам, і вам дрэнна, панабудавалі канцылярый, вам плата вялікая. Трэба пра сябе падумаць, і памятайце, каб вы гатовы былі ваяваць... Што для нас значыць у Барысаве адна рота салдат? Мы іх шапкамі закідаем... Косы трэба рыхтаваць, завастрыўшы на абодва бакі».

Словы пачуў соцкі. Цюн­дзявіцкага арыштавалі і даставілі ў мінскую турму. Некалькі сялянаў пацвердзілі, што Міхал агітаваў іх. А падчас вобшуку знайшлі фота, на якім Цюндзявіцкі быў зняты ў крэсле з выявамі Пагоні і арла — сімвалаў барацьбы «за нашу і вашу вольнасць».

Мураўёў асудзіў на смерць

Падставаў для страты не было: Міхал не быў кіраўніком атрада, не ўдзельнічаў у сутычках. Аднак генерал­губернатар Мураўёў, які толькі прыбыў у Вільню, падпісаў сваю першую смяротную рэзалюцыю. Ён загадаў арыштаваць нават мінскага фатографа Прушынскага, у майстэрні якога быў зроблены здымак Цюндзявіцкага. Прушынскага адправілі ў Сібір.

Цюндзявіцкага ж у прысутнасці натоўпу мінчукоў паставілі да слупа недалёка ад скрыжавання вуліц Серпухоўскай (сёння Валадарскага) і Захар’еўскай (праспект Незалежнасці), дзе сёння знаходзіцца паштамт. Калі агучылі прысуд, Міхал папрасіў, каб карнікі не завязвалі яму вачэй. За хвіліну да залпу ля ног Цюндзявіцкага ўпаў букет кветак, кінуты дзяўчынай з вёскі Палонная... Але загучалі барабаны, заглушыўшы апошнія словы Міхала, і пах згарэлага пораху напоўніў паветра.

Яго пахавалі на месцы пакарання. Мемуарыст Эдвард Паўловіч адзначаў: «да магілы ішоў незлічоны натоўп усіх саслоўяў, веравызнанняў і нацыянальнасцей». Людзі былі «збратаныя, але і перапісаныя шпіёнамі». Каб пазбегнуць ператварэння магілы ў мемарыял, цела перазахавалі ў невядомым месцы.

Недалёка ад месца страты брат Міхала Аляксандр Цюндзявіцкі ў 1870 пабудуе дом...

Катастрофа ля Уладыкаў

Апошні забіты ў Беларусі паўстанец Тэлесфор Халева нарадзіўся ў 1841­м у сям’і небагатага шляхціча Юзафа Халевы з ваколіцы Халеўшчына Мінскага павета.

З пачаткам паўстання ён паступіў у атрад Чыжыка, які складаўся з 78 жыхароў Барысаўскага павета. Хутка барысаўцы злучыліся з атрадам Сухоцкага ў складзе 40 чалавек. Агульнае камандаванне ўзяў на сябе ваенны начальнік Вілейскага павета, 25­гадовы Вінцэнт Козел­Паклеўскі.

Атрад зрабіўся значнай ваеннай сілай, якая пагражала Мінску з поўначы. Супраць яго былі накіраваныя пяць рот салдат, на чале з палкоўнікам Галам.

28 мая паўстанцаў загналі ў пастку ля ракі Іллі, паблізу вёскі Уладыкі Вілейскага павета. Камандзір загадаў рабіць плыты і перапраўляцца праз Іллю. Але расейцы ўжо чакалі на тым баку... Бой доўжыўся дзве гадзіны. Расейцы страцілі 7 чалавек забітымі, 36 параненымі, нават палкоўнік Гал быў кантужаны ў галаву і шыю.

Паўстанцы ж пацярпелі паразу. 25 чалавек трапілі ў палон, 53 зніклі, 58 загінулі на полі бою. Козел­Паклеўскі змагаўся да апошняга і быў забіты стрэлам у галаву...

Уратавацца ўдалося тым, хто быў на апошніх плытах і павярнуў назад, як пачалася страляніна. Гэтыя 54 чалавекі склалі новы атрад на чале з Чыжыкам. Ён дзейнічаў да позняй восені 1863, пакуль не быў распушчаны. Халева атрымаў ад камандзіра 100 рублёў і фальшывы пашпарт.

Гора-­рабаўнік

Тэлесфор папаўся ў скла­дзе ўзброенай групы ў ліпені 1864. Падчас следства Халеву запыталі:

— Чаму да гэтага часу не з’явіўся перад уладамі?

— Камандзір атрада, адпускаючы нас, загадаў перачакаць з гэтым дакументам зіму, а налета сабрацца зноў.

Тэлесфор чакаў новай хвалі паўстання, перабіваўся як мог, нават спрабаваў адбіраць на дарозе грошы... Даследчык Вацлаў Студніцкі адзначаў: «Абвінавачаны прызнаўся, што аднойчы запатрабаваў грошай ад аднаго грамадзяніна, але калі той даваў яму 60 капеек, дык не ўзяў. І яшчэ раз запатрабаваў ад двух мінакоў­яўрэяў грошай ці ежы, але, калі яны патлумачылі, што ў шабас нічога пры сабе не маюць, адпусціў іх».

Забойства калабаранта

Акрамя рабункаў, Тэлесфору інкрымінавалі забойства прыстава Адама Ляцкага. Адзін з сяброў Халевы, шляхціц Эдвард Харэвіч, быў ужо прызнаны вінаватым у забойстве Ляцкага і расстраляны 7 снежня 1864. Тэлесфор жа адмаўляў свой саўдзел.

Забойства Ляцкага адбылося яшчэ 1 кастрычніка 1863 года побач з вёскай Бараўляны, калі службовец вяртаўся з Лагойска ў родны фальварак Мядухава. Сведкаў учынку не было, але 80­гадовы бацька Адама адзначаў, што «забойства здзейсненае не выпадковымі шайкамі, а ворагамі нашай ахвяры» і называў тых, каго падазраваў: Жаброўскія, Папроцкія, Федаровічы, Асецімскія, Андрушкевічы... У спіс можна было б унесці ўсю шляхту Барысаўскага павета.

Ляцкі займеў столькі ворагаў, бо прыняў пасаду справаводцы ў палітычнай камісіі, на якую ніхто не згаджаўся. Ён пераследаваў паўстанцаў, яго даносчыкі паведамлялі яму аб любога кшталту праявах незадаволенасці ў павеце. Так, праз месяц пасля арышту Міхала Цюндзявіцкага ў мястэчку Камень адзін з яго жыхароў — 19­гадовы габрэй Лейба Зіскін — данёс Ляцкаму на шляхціца Канстанціна Яноўскага з маёнтка Смалявічы. Зіскін расказаў, што Яноўскі чытаў перад ім і сельскім старастам Віктарам сачыненне, «печатанное на простонародном языке под заглавием «Ясь с под Вильна».

Забойства Ляцкага ўстры­вожыла ўладу. На павятовую шляхту была накладзеная кантрыбуцыя ў памеры ад 15 да 25 рублёў з двара, складалі спіс шляхты, якая жыла паблізу месца злачынства для прыняцця рашэння аб высяленні.

Але доказаў, якія пацвярджалі датычнасць Харэвіча і тым больш Халевы да забойства, не было. Расейскія ўлады займаліся пошукам злачынцаў не столькі сапраўдных, колькі «патрэбных». Для іх быў важны сімвалічны момант: жаданне забіць апошні цвік у труну паўстання. І актыўны інсургент Халева надаваўся на ролю ахвяры.

Тэлесфор Халева быў павешаны на месцы забойства расейскага службоўца. Прысуд быў прыведзены ў выкананне ў ваколіцах Бараўлян 8 красавіка 1865.

Ці будзе мемарыяльная шыльда па Цюндзявіцкім?

Паўстанец Міхал Цюндзявіцкі, памяць якога так шанавалі сучаснікі, варты згадкі і ў незалежнай Беларусі. Ён загінуў за чытанне «Мужыцкай праўды», смела пайшоў на смерць за ідэю вызвалення свайго народа ад улады захопнікаў. Лагічным было б адкрыццё мемарыяльнай дошкі яму на месцы пакарання — на адным з будынкаў сённяшняга праспекта Незалежнасці.

***

Васіль Герасімчык

Гісторык. Нар. 1987. Скончыў Гродзенскі ўніверсітэт, магістратуру Расійскага дзяржаўнага гуманітарнага ўніверсітэта і Торунскага ўніверсітэта імя Мікалая Каперніка. Пераможца конкурсу «Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага».

 

Вінцэнт Козел-Паклеўскі — начальнік Вілейскага павета, пад загадам якога ваяваў Тэлесфор Халева. Гераічна загінуў пад Уладыкамі.

 

Міхал Цюндзявіцкі — паўстанец, пакараны смерцю за чытанне «Мужыцкай праўды». Гэтае фота стала дадатковым доказам у яго справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0