Невядомыя факты з жыцця Ігната Абрамовіча.
Імя апошняга каліноўца Ігната Абрамовіча для грамадскасці адкрыў на пачатку 2000-х краязнаўца з вёскі Краснае Алесь Харытон. Абрамовіч пражыў найдаўжэй з паўстанцаў Каліноўскага ў Беларусі. Але дагэтуль заставаліся невядомымі цікавыя факты з ягонай біяграфіі. Іх удалося ўзнавіць пры дапамозе нашчадкаў паўстанца.
Нарадзіўся ў Суботніках
Ігнат (Ігнацы) Абрамовіч нарадзіўся ў ваколіцах роднае вёскі Зянона Пазняка Суботнікі (Івейскі раён, Гродзенская вобласць). Хлопчык быў ахрышчаны ў мясцовым касцёле Св. Юрыя Пакутніка. Цікава, што фундуш на пабудову гэтага касцёла даў яго верагодны сваяк Ігната Юры Абрамовіч з Варнянаў у 1774.
Блытаніна з датай нараджэння
У розных крыніцах называюцца розныя даты нараджэння Ігната Абрамовіча: ці то 1836, ці то 1839. Апошняя дата пазначана на надгробку паўстанца. Але Дзяржаўны занальны архіў Маладзечна лічыць слушнай першую дату. А ўнучка каліноўца сцвярджае, што Абрамовіч памёр у 106 год. Мажліва, блытаніну з датамі свядома зладзіў сам паўстанец, каб заблытаць карныя органы.
Сасланы ў Сібір
Калі выбухнула паўстанне, Ігнату было 24 (калі пагадзіцца з датай нараджэння на помніку) ці 26 гадоў. Маёмасць яго сям’і падчас баявых дзеянняў была канфіскавана, а будынак радавой сядзібы царскія войскі спалілі разам з целамі забітых сваякоў. За ўдзел у паўстанні Абрамовіч адбыў 12 год на катарзе ў Сібіры.
Вяртанне на Радзіму
Пасля вяртання каліновец уладкаваўся ўпраўляючым маёнтка ў ваколіцах Чанстаховы (Польшча). Ігнат самавукам атрымаў адукацыю і ажаніўся з дзяўчынай з роду Шаблоўскіх. На жаль, жонку Ігната напаткаў трагічны лёс: трапіла пад цягнік. Пазней Абрамовіч перабраўся ў вёску Краснае, што пад Маладзечнам, дзе і дажыў да самай смерці ў 1944.
Лейтэнант паўстання
У 1933 польскія ўлады ўзнагародзілі Ігната Абрамовіча Памятным Крыжом да 70-годдзя паўстання. У 1938 ён быў запрошаны ў Варшаву на 75-я ўгодкі. Ветэрану выдалі за кошт вайсковага бюджэту 16 злотых на дарогу. У тым жа годзе Абрамовіч атрымаў Бронзавы Крыж Заслугі. Захавалася пасведчанне за подпісам прэм’ера апошняга ўрада даваеннай Польшчы генерала Феліцыяна Славой-Складкоўскага. Ігнат Абрамовіч, як і ўсе іншыя жывыя паўстанцы, быў падвышаны да першага афіцэрскага звання (лейтэнант).
Ганаровая форма ветэрана
Да скону Абрамовіч хадзіў у паўстанцкай канфедэратцы. Таксама для ветэранаў уводзілася парадная форма. Захаваўся фотаздымак Ігната Абрамовіча 1930-х гадоў, дзе ён адпаведна апрануты ў цёмна-сіні сурдут і шапку-рагатоўку (канфедэратку).
Нашчадкі паўстанца
Вядома, што Абрамовіч меў дачку і чатырох сыноў. Дзеці сталі тэхнікамі ды інжынерамі. Праўнук Здзіслаў Абрамовіч жыве ў польскім Баляслаўцы. Менавіта ў ягоным архіве захоўваюцца ўзнагароды і дакументы прадзеда.
Кожны ахвочы можа наведаць магілу Ігната Абрамовіча ў Красным. Надгробак знаходзіцца на старых каталіцкіх могілках. Не забывайма нашых герояў!
Каментары