Прынесці даведку з ВНУ і прывесці сваіх выкладчыкаў у суд спатрэбілася студэнту 3 курса журфака БДУ, блогеру Раману Пратасевічу, каб даказаць, што ён здаваў экзамен раніцай 25 лютага. Справа ў тым, што ў гэты час міліцыянты, мяркуючы па адміністратыўным пратаколе, бачылі яго на акцыі ў Курапатах.

Суд над блогерам пачаўся яшчэ 10 красавіка. На Пратасевіча склалі пратакол за ўдзел 25 лютага ў несанкцыянаванай акцыі ў Курапатах. У пратаколе правапарушэння было ўказана, што студэнт «актыўна ўдзельнічаў у незаконным пікетаванні на будаўнічай пляцоўцы па адрасе: Мірашнічэнка, 49». Паводле звестак міліцыі, ён быў там у 10.00.

Але Пратасевіч прынёс даведку з дэканата, што ў гэты дзень ён здаваў экзамен на журфаку, які доўжыўся з 10.00 да 12.00 па прадмеце «мова і стыль СМІ». Гэтага аказалася недастаткова, і суддзя Дзмітрый Цыкал выклікаў у суд сведкамі выкладчыкаў, якія прымалі іспыт у Пратасевіча 25 лютага. Сёння яны прыйшлі ў суд.

Дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання журфака БДУ Вольга Горбач распавяла, што студэнты рыхтуюцца да адказу ў прысутнасці выкладчыкаў. Пераздача экзамена праходзіла з 10 да 12 гадзін. Па словах выкладчыка, Пратасевіч быў на кафедры да 11.30-11.40.

- Здаў? - спытаў суддзя.

- Вы ведаеце, нават на 5 здаў. Да гэтага была курсавая на 4, там шмат спісаў. А тут напэўна баяўся, падрыхтаваўся. Я нават ўзрадавалася, што не на 4.

Старшы выкладчык Маргарыта Цыбульская таксама пацвердзіла, што Пратасевіч 25 лютага здаваў экзамен, але сама ўжо не памятае, з якога часу да якога часу ён знаходзіўся на кафедры.

- Ён нядрэнна здаваў дарэчы, зрабіў нядрэннае ўражанне.

Суддзя пайшоў у дарадчы пакой, а калі вярнуўся заявіў, што віна Пратасевіча не даказана.

— Справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Пратасевіча спыніць за недаказанасцю яго вінаватасці.

Сябры Пратасевіча і іншыя актывісты ў зале сустрэлі рашэнне суддзі апладысментамі.

Раней Пратасевіч адбыў 10 сутак арышту пасля затрымання на акцыі 26 сакавіка ў Мінску каля Кастрычніцкай плошчы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?