Экстрэмальнае надвор'е на еўрапейскім кантыненце можа штогод забіраць жыцці 152 тыс. чалавек да канца цяперашняга стагоддзя, калі не будуць прынятыя меры па барацьбе з кліматычнымі зменамі, піша ВВС.
Гэтая лічба ў 50 разоў перавышае цяперашнюю колькасць ахвяр стыхіі, папярэджваюць навукоўцы Аб'яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі ў спецыялізаваным выданні «Lancet Planetary Health».
Анамальная спякота з'яўляецца прычынай 99% усіх смерцяў, звязаных з надвор'ем, і вялікая іх частка прыпадае на поўдзень Еўропы.
Спякота ў Еўропе
Якраз на гэтым тыдні ў шэрагу краін поўдня Еўропы тэмпература паветра дасягнула адзнакі ў 44 градуса па Цэльсіі.
Некалькі краін выпусцілі афіцыйную перасцярогу аб анамальнай спякоце, заклікаючы людзей не выходзіць па магчымасці на вуліцу ў дзённыя гадзіны і піць больш вады.
Незвычайна высокія тэмпературы ў Італіі — на 10 градусаў вышэй за звычайныя — выклікалі лясныя пажары; у некаторых рэгіёнах ёсць небяспека засухі.
Па меншай меры два чалавекі памерлі ў Румыніі і Польшчы, — дзясяткі па ўсёй Еўропе трапілі ў бальніцы з цеплавымі і сонечнымі ўдарамі і іншымі, звязанымі з спякотай, станамі.
У сераду на Сардзініі ртутны слупок падняўся да адзнакі ў 44 градусы, а на Сіцыліі ён дасягнуў 42 градусаў. У мінулы чацвер у ваколіцах Рыма было зарэгістравана 43 градусы цяпла.
У Албаніі ў пятніцу вайсковыя сілы прыйшлі на дапамогу пажарным брыгадам у барацьбе з дзясяткамі лясных пажараў, якія ахапілі краіну, дзе тэмпература таксама дасягнула 40-градуснай адзнакі.
Албанія звярнулася ў ЕС па экстраннную дапамогу, каб прадухіліць распаўсюджванне пажараў на сталіцу Тырану.
Паводле даных еўрапейскага метэацэнтра Meteoalarm, спякота пратрымаецца яшчэ некалькі дзён у цэнтральнай Еўропе і на Балканах.
Доўгатэрміновы прагноз
Эксперты Аб'яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі ў сваім даследаванні папярэджваюць аб тым, што калі не будуць прымацца меры па скарачэнні парніковых выкідаў і паслаблення ўздзеяння экстрэмальных з'яў надвор'я, то наступствы могуць быць наступнымі:
- Смерці ў выніку экстрэмальнага надвор'я могуць узрасці з 3 тысяч у 1981-2010 гг. да 152 тысяч у перыяд 2071-2100 гг.;
- Да 2100 года дзве траціны еўрапейцаў будуць пакутаваць ад стыхійных бедстваў, тады як у пачатку XXI стагоддзя гэтая доля складала 5% еўрапейскага насельніцтва;
- Больш людзей будуць гінуць у выніку прыбярэжных паводак: 233 чалавекі ў год да канца стагоддзя па параўнанні з шасцю у пачатку стагоддзя.
У гэтым даследаванні навукоўцы прааналізавалі ўздзеянне сямі найбольш небяспечных прыродных з'яў — анамальнай спякоты, раптоўнага моцнага пахаладання, лясных пажараў, засух, рачных і прыбярэжных паводак, а таксама ўрагану — у 28 еўрапейскіх краінах, уключаючы Швейцарыю, Нарвегію і Ісландыю.
Каб ацаніць уразлівасць насельніцтва, навукоўцы параўналі даныя па стыхійных бедствах за перыяд з 1981 па 2010 гады і аб'ядналі гэтую інфармацыю з данымі прагнозаў па кліматычных зменах і росце і міграцыі насельніцтва.
«Кліматычныя змены — самая вялікая глабальная пагроза чалавечаму здароўю ў XXI стагоддзі, і звязаныя з гэтым рызыкі для грамадства будуць усё больш увязвацца з абумоўленымі прыроднымі з'явамі небяспекамі», — сказаў адзін з аўтараў даследавання Джавані Фарцыеры.
«Да канца стагоддзя каля 350 мільёнаў еўрапейцаў могуць штогод аказвацца ва ўладзе падступных кліматычных крайнасцяў, калі ў тэрміновым парадку не пачаць рабіць захады па кантролі глабальнага пацяплення», — дадаў навуковец.
Прафесар Лонданскай школы гігіены і трапічнай медыцыны Пол Уілкінсан, які таксама ўваходзіць у групу аўтараў даследавання, падкрэсліў, што гэтыя вынікі служаць яшчэ адным напамінам аб неабароненасці чалавека ад экстрэмальнага надвор'я, а таксама аб тых наступствах дзейнасці чалавека, якія могуць паўстаць, калі выкіды парніковых газаў будуць працягвацца ў тых жа маштабах, што і сёння.
Каментары