Здароўе2929

Мінчанка, у якой зусім не растуць валасы на целе: З мужчынамі ў мяне праблем не было 

Мастачцы, псіхолагу і будучаму тату-майстру Кацярыне Ф. 37 гадоў. І толькі два гады таму яна змагла ўпэўнена сказаць сабе: так, я хачу быць сабой, пачаць спакойна наведваць трэнажорную залу і танцы.

Калі Каці быў годзік, з яе цела цалкам зніклі валасы. Пастаўлены дыягназ «алапецыя» ніколі не выклікаў у яе фізічных пакут, але людзі навокал пастаянна нагадвалі: з ёй здарылася нешта жахлівае і гэта абавязкова трэба хаваць.

Кацярына сёння — вельмі пазітыўны чалавек. Але так было не заўсёды…

Алапецыя — гэта захворванне, для якога характэрна аблысенне, частковае або поўнае выпадзенне наяўных на галаве валасоў. У той ці іншай форме з’ява вядомая амаль кожнай беларускай сям’і: ад прыроды ў беларусаў не самыя густыя валасы, а адсутнасць сонца, стрэсы і не лепшае харчаванне дабіваюць іх яшчэ больш.

Здараецца, што валасы знікаюць на ўсім целе. Такое адбылося з Кацяй. Прычыны кардынальных зменаў у арганізме медыкі называюць розныя, але канкрэтыкі і эфектыўных лекаў для поўных алапецянаў і алапецянак да гэтага часу не вынайшлі.

Каця расказала пра тое, як гэта — быць адзінай «не такой» піянеркай у класе, чаму бацькам не трэба лячыць дзяцей ад таго, што не перашкаджае жыць, і як перастаць самому шукаць праблемы там, дзе іх няма.

— Усё здарылася, калі мне быў усяго год. Я была маленькай дзяўчынкай, у якой яшчэ адсутнічаў нейкі ўнутраны стрыжань, а тут вакол пачаўся ўвесь гэты негатыў.

Я пачувала сябе цалкам здаровай, але мяне пастаянна даследавалі і лячылі. Дактары транслявалі адно і тое ж: «З табой нешта не так».

Гэта цяпер пра алапецыю можна знайсці шмат інфармацыі, а ў 1980-я ў Савецкім Саюзе ўсе піянеры стаялі аднолькавыя, і толькі я адна ў хустачцы.

Чаму так і што з гэтым рабіць — ніхто адказаць дакладна не мог.

З маленькімі алапецянамі ў Расіі.

Бацькі разлічвалі, што здарыцца цуд і я стану «нармальнай». Што толькі ў мяне не ўлівалі! Аднойчы мы паехалі за мяжу да нейкага свяцілы, які абяцаў мяне вылечыць. Спачатку мне ўвялі лекі пад адну лапатку, праз некалькі дзён — пад другую. Я крычала бы шалёная: было вельмі балюча. Пасля ўсё нямела, і я доўга нічога не магла рабіць рукой, з боку якой быў укол.

У школу я хадзіла спачатку ў хустачцы. Пасля — у парыку. Слова «лысая», якое мне пастаянна крычалі наўздагон, набыло настолькі негатыўную афарбоўку, што і сёння рэжа слых, хаця я разумею, што гэта цалкам нармальнае азначэнне. Нейкі час я проста глытала крыўды, а ў падлеткавым узросце стала больш агрэсіўнай: магла і пабіць у адказ.

Канечне, хапала момантаў, калі я не хацела нават жыць: я лічыла, што нічога не змагу дасягнуць менавіта праз сваю праблему.

Аднак мне пашанцавала, што ў розныя моманты на шляху трапляліся людзі, якія знаходзілі правільныя словы падтрымкі.

Нягледзячы на тое, што ў цэлым я была здаровай, мяне вызвалялі ад любых актыўных заняткаў. Фізкультуру не наведвала, таму што ўсе вакол баяліся: на іх погляд, гэта магло прывесці да нейкіх нечаканых наступстваў. Ну, ці што ў мяне зваліцца парык падчас выконвання практыкаванняў.

Адмовіцца ад парыка я змагла толькі ў 20 гадоў.

Параілася са знаёмымі і спачатку проста прыйшла на заняткі ў вязанай шапцы. Мне ніхто нічога не казаў, хаця, думаю, аднагрупнікі былі ў шоку. Без парыка мне стала куды больш камфортна. Праўда, кожны наступны раз у новых месцах і з новымі людзьмі я адчувала трывогу.

Пасля мяне прымушалі надзець парык толькі адзін раз: для працы на карпаратыве ў якасці мастачкі. Ім былі патрэбныя людзі стандартнай знешнасці.

Я памятаю, што купіла самы танны парык: ён вельмі ціснуў, было горача і некамфортна. Такім чынам я неяк адпрацавала два мерапрыемствы, а на трэцім у мяне настолькі разбалелася галава, паднялася высокая тэмпература, што, нягледзячы на забарону, я зняла парык і зусім адмовілася з тымі заказчыкамі супрацоўнічаць.

У мяне ніколі не было праблем у камунікацыі з мужчынамі, хаця страхаў, што яны могуць не ўспрымаць мяне, хапала. У 20 гадоў мой хлопец наўпрост сказаў: «Мне ўсё роўна, як ты выглядаеш». Яго гэта не парыла. А вось ад жанчын я нацярпелася: і калі насіла парык, і калі перайшла на шапкі. «А што з табой?», «Чаму ты не хочаш стрыгчыся?» — усе гэтыя пытанні мяне моцна ранілі.

Паглядзець на свет па-новаму я змагла, калі два гады таму трапіла ў Маскву. У Расіі вельмі актыўны рух: так, у Піцеры Андрэй Андрэяў у межах праекта «Алапецыя. Шчасце быць сабой» працуе з лысымі дзеткамі, у Маскве Марына Золатава ладзіць сустрэчы для лысых дзяўчат з візажыстамі і фотасесіямі. Яна таксама вядзе сайт «Алапецянка» з гісторыямі гэтых людзей, адтуль я і даведалася пра іх супольнасць. Таксама ў Маскве ёсць Андрэй Папоў і яго «Міжнародны клуб лысых мужчын», дзякуючы гэтым людзям я знялася ў сацыяльным роліку.

Мая паездка да іх была напоўненая і трывогай, і радасцю. Упершыню ўбачыць столькі лысых людзей у адным месцы, калі раней ты ўвесь час была такой адна, стала вельмі моцным эмацыйным момантам — у мяне рвала дах ад новых уражанняў. Якраз у Маскве я пазнаёмілася з яшчэ адной дзяўчынкай: алапецянкай з Беларусі Ірай.

У Беларусі ўсе хаваюць сваю лысасць. Акрамя Іры і яшчэ адной дзяўчыны, я не сустракала адкрытых алапецян. Але стаўлюся да гэтага спакойна: казаць пра гэта адкрыта ці не — справа кожнага.

Я таксама вельмі баялася здымаць шапку ў грамадскіх месцах. Была ўпэўненыя ў тым, што беларусы не змогуць рэагаваць на гэта нармальна. І я была прыемна здзіўлена, што сучасныя мінчукі падыходзяць, робяць кампліменты, могуць папрасіць разам сфатаграфавацца. Канечне, лысы чалавек адразу становіцца цэнтрам увагі. Але калі ты ўпэўнены ў сабе, то будзеш прыцягваць пазітыў.

Пасля наведвання Масквы я вельмі гарэла гэтай тэмай. Я паўтарала ўсім навокал: «Лысыя самыя крутыя!» У нейкі момант гэта надакучыла нават маім сябрам: яны далі зразумець, што я зашмат кажу пра гэта.

Я думала, што лысыя могуць мяне зразумець, а мая сябры не. Насамрэч, адсутнасць валасоў ніяк не ўплывае на якасці чалавека.

Калі мне нехта піша і просіць даць параду — я магу падзяліцца ўласным досведам. Але не хачу рабіць гэта сэнсам свайго жыцця. Я стамілася круціцца толькі вакол праблемы, увесь час яна была большай і важнай за мяне. Цяпер я збіраюся проста атрымліваць асалоду ад жыцця: мне 37, а толькі ў 35 я змагла адчуць такую свабоду. Шмат у чым мне дапамагла псіхалогія: я мэтанакіравана атрымала другую адукацыю ў галіне гештальт-тэрапіі.

Часам мне пішуць бацькі дзяцей з алапецыяй. Менавіта дарослым я магу прапанаваць звярнуцца да псіхолага, каб не нарабіць ў далейшым памылак, якія могуць паўплываць на якасць жыцця дзіцяці з алапецыяй. 

На мой погляд, лепш выдаткаваць час і энергію сям’і не на медыкаў, а на актыўнае жыццё, вандроўкі, дзіцячыя забавы. Самае галоўнае, простае і адначасова складанае правіла: любіце сваіх дзяцей такімі, якія яны ёсць!

Калі б з’явіліся добрыя лекі ад алапецыі, усе б мы даўно пра гэта ведалі, але пакуль іх няма.

Ужо калі я была дарослай, мае бацькі сказалі: «Відаць, дарэмна мы рабілі з табой усё тое, што казалі дактары». Для мяне гэта быў вельмі важны момант. Сёння яны вельмі ганарацца тым, кім я стала. З задавальненнем чытаюць усе артыкулы пра мяне, глядзяць ролікі з маім удзелам.

Калі б мы жылі ў грамадстве, дзе ўсе людзі лысыя, то «ізгоямі» былі б валасатыя.

Але ў нас па-іншаму. Таму трэба знайсці свой дзэн унутры і перастаць хвалявацца, што ты нейкі не такі. Я рэальна зразумела, што гэта не праблема. Чаго і ўсім жадаю.

Каментары29

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ2

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю ў Сірыі6

Артхаус у беларускай вёсцы. Новы спектакль Карняга, на які ізноў было амаль немагчыма выхапіць квіткі2

Даляр падаражэў упершыню за сем таргоў зніжэння і амаль адразу на тры капейкі

Украінец-ухіліст захрас у цясніне ў гарах, яго выратавала кацяня2

Нарышкін заявіў, што Расія «блізкая да дасягнення мэт СВА ва Украіне», каб не адбылося «знясілення»21

Следчыя вызначылі абставіны жорсткага забойства, якое адбылося 16 гадоў таму ў Пінску

Прызначаны новы рэктар ЕГУ — ізноў не беларус29

Чатырох замежнікаў забілі ў Батумі, у забойстве падазраюцца таксама замежнікі

Амерыканскі калекцыянер адшукаў пашпарт, выдадзены дыпламатычнай місіяй БНР12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ2

Ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік Газ

Галоўнае
Усе навіны →