Гісторыя11

Бэстсэлер: Чаму адны краіны багатыя, а другія — бедныя

У 1977 годзе славуты амерыканскі эканаміст Пол Самуэльсан даводзіў, што савецкая эканоміка лепшая, чым любая капіталістычная, бо забяспечвае хутчэйшае эканамічнае развіццё, поўную занятасць насельніцтва, стабільнасць цэн і выхоўвае людзей альтруістамі. У выданні 1961 года той самы Самуэльсан прагназаваў, што нацыянальны даход СССР перавысіць амерыканскі да 1984-га або ў крайнім выпадку да 1997 года. Як мы ведаем, здарылася зусім іншае. Сакраментальнае пытанне, чаму адны краіны і цывілізацыі развіваюцца, а другія — занепадаюць, аддаўна цікавіла навукоўцаў і палітыкаў. Чаму развалілася Рымская Імперыя? Чаму магутны Савецкі Саюз рассыпаўся за некалькі гадоў? І чаму маленькая Швейцарыя паспяхова існуе ўжо шмат стагоддзяў? Піша Максім Маханькоў.

Клецкі раён, 90-я. Фота Анатоля Клешчука.

Эканамісты Дарон Аджэмаглу і Джэймс Робінсан у сваёй кнізе «Чаму нацыі занепадаюць. Паходжанне ўлады, багацця і беднасці» паспрабавалі даць адказ на гэтае пытанне. Гэтая кніга стала бестселерам у заходніх краінах, яе рэкамендавалі прачытаць Марк Цукерберг і Біл Гейтс.

Аўтары прыйшлі да высновы, што эканамічны поспех дзяржаў непасрэдна не залежыць ад рэлігіі, клімату, геаграфічнага становішча ці менталітэту. На думку Аджэмаглу і Робінсана, эканамічна развітымі на тым ці іншым гістарычным этапе становяцца тыя краіны, якія маюць больш інклюзіўныя палітычныя і эканамічныя інстытуты. Слова «інклюзіўныя» азначае «адкрытыя для новых гульцоў».

Аўтары цалкам адмаўляюць фактар геаграфіі і клімату. Яны даюць шмат прыкладаў з гісторыі, што месцазнаходжаннем краін ніяк нельга патлумачыць розніцу ва ўзроўнях жыцця.

Так, сёння большасць развітых краін месцяцца ва ўмераным кліматычным поясе, у той час як у раёне экватара і пустынь знаходзяцца самыя бедныя. Ёсць спакуса менавіта гэтым і патлумачыць беднасць краін Афрыкі з іх спякотным кліматам, неўрадлівымі глебамі, а таксама трапічнымі хваробамі. Гэтак жа сама можна патлумачыць багацце Паўночнай Амерыкі з яе ўмераным кліматам, а таксама беднасць Паўднёвай Амерыкі — з велізарнымі трапічнымі лясамі і вялікай колькасцю гор. Але як тады патлумачыць, што першыя земляробчыя цывілізацыі ўзніклі ў раёне сучаснага Блізкага Усходу, які цяпер (за выключэннем мясцін, надзвычай багатых нафтай) рэгіён даволі бедны? Шмат тысячагоддзяў менавіта гэты рэгіён дамінаваў, у той час як Еўропа з яе ўмераным кліматам адставала.

Яшчэ больш істотная розніца назіралася ў дакалумбавай Амерыцы. Інкі, майя і ацтэкі здолелі стварыць высокаразвітыя цывілізацыі ў трапічных і горных раёнах. У той жа час на тэрыторыі сучасных Канады і ЗША, у зоне з умераным кліматам, жылі плямёны з нізкім узроўнем развіцця, якраз там асяродкі высокай культуры не склаліся.

Адмаўляюць Аджэмаглу і Робінсан таксама культурныя фактары і менталітэт насельніцтва. Тут прыклады банальныя і вельмі пераканаўчыя — Паўночная і Паўднёвая Карэі, ГДР і ФРГ, мексікана-амерыканская мяжа… Гэтаксама як існуюць прыклады таго, як адсталыя краіны, не адмаўляючыся ад сваёй культуры і традыцый, рабілі істотныя скачкі ў сваім развіцці (як Японія ў ХІХ стагоддзі).

Крытыкуюць яны і меркаванне, што беднымі краіны становяцца з-за простага недахопу ведаў, адсутнасці добрых дарадцаў. У некаторых краінах Афрыкі пасля набыцця незалежнасці ў сярэдзіне ХХ стагоддзя працавалі адукаваныя эканамічныя дарадцы і эксперты з заходніх краін. Але, нягледзячы на іх веды і досвед, эканомікі маладых афрыканскіх краін працягвалі адставаць.

Аджэмаглу і Робінсан робяць выснову, што багатымі краіны робяць інклюзіўныя палітычныя і эканамічныя інстытуты.

У мадэлі, якую прапануюць аўтары кнігі, сацыяльныя інстытуты падзяляюцца на экстрактыўныя і інклюзіўныя.

Экстрактыўныя інстытуты дазваляюць элітам кіраваць эканомікай дзяржавы дзеля асабістай выгады. Пры гэтым іншыя групы грамадзян выгады ад удзелу ў эканамічных адносінах пры такой сістэме маюць менш — відавочна ці невідавочна для сябе. Тыповымі прыкладамі такіх інстытутаў з'яўляюцца неабмежаваныя манархіі, розныя віды дыктатураў і алігархій, дзе эліты падтрымліваюць сваю ўладу з дапамогай арміі, паліцыі, залежных судоў і іншых структур, якія аўтары адносяць да экстрактыўных палітычных інстытутаў.

Інклюзіўныя ж эканамічныя інстытуты дазваляюць удзел калі не ўсіх, то вялікай колькасці грамадзян у эканамічных адносінах з магчымасцю атрымання прыбытку. Недатыкальнасць уласнасці гарантуецца, адчужэнне ўласнасці ці прыбыткаў не дапускаецца. Інклюзіўныя эканамічныя інстытуты падтрымліваюцца інклюзіўнымі палітычнымі інстытутамі, якія перашкаджаюць вузкім групам грамадзян рэгуляваць эканоміку дзяржавы на сваю карысць. Менавіта такія інстытуты з'яўляюцца асновай усіх ліберальных дэмакратый сучаснасці.

Большасць краін свету гістарычна мела экстрактыўныя інстытуты. Такая ж карціна захоўваецца і цяпер, але найбольш развітыя краіны маюць менавіта інклюзіўныя інстытуты.

Першай краінай у свеце, якая атрымала паўнавартасныя інклюзіўныя інстытуты, стала ў 1688 годзе Англія. Тады ў каралеўстве здарылася «Слаўная рэвалюцыя», у выніку якой у краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія, праводзіліся глыбокія рэформы, ствараліся механізмы абароны недатыкальнасці прыватнай уласнасці. Таксама была распрацаваная сістэма абароненых патэнтаў, што выклікала тэхналагічны бум, прамысловую рэвалюцыю (вынаходніцтва паравой машыны і ткацкага станка).

Для параўнання — прыклад з іншай эпохі. Падчас кіравання імператара Тыберыя адзін чалавек вынайшаў шкло, якое не б'ецца, і звярнуўся да імператара, спадзеючыся на ўзнагароду. Ён прадэманстраваў сваё вынаходніцтва. Тыберый спытаў яго, ці расказаў ён яшчэ камусьці пра сваё вынаходніцтва. Калі чалавек адказаў «не», Тыберый загадаў схапіць яго і пакараць смерцю, «каб золата не абясцэнілася».

Тыберый знішчыў інавацыю, у капіталістычнай Англіі такое стала немагчымым.

Пэўныя элементы інклюзіўных інстытутаў мелі да Англіі Рым (у эпоху рэспублікі), Венецыянская рэспубліка, гарады-дзяржавы майя. Але цалкам інклюзіўнымі гэтыя інстытуты назваць нельга. І як толькі інстытуты гэтых краін станавіліся экстрактыўнымі — напрыклад, калі Рымская рэспубліка ператварылася ў імперыю, калі арыстакратычная партыя ў Венецыі перамагла дэмакратычную, — адразу ж гэта вяло да замаруджвання развіцця гэтых дзяржаў і іх заняпаду.

Адна з важных умоў існавання інклюзіўных інстытутаў — цэнтралізаваная дзяржава, здольная забяспечваць парадак, законнасць, збіраць падаткі і абараняць права ўласнасці. Калі дзяржава няздольная гэта рабіць, яе інстытуты нельга назваць інклюзіўнымі, нават калі ў гэтай дзяржаве розныя групы маюць доступ да ўлады і прыняцця рашэнняў. Адным з прыкладаў такой дзяржавы з’яўляецца Самалі. А мы назіраем тое самае ва Украіне — там то дэмакратыя была, але парадку не было.

А як жа з прыкладамі дзяржаў, якія развіваліся не толькі пры інклюзіўных, але і пры экстрактыўных інстытутах? У якасці прыкладу аўтары прыводзяць Савецкі Саюз з 1920-х па 1970-я гады і сучасны Кітай. Рост эканомікі магчымы ў экстрактыўных інстытутах толькі пры наяўнасці моцнай цэнтралізаванай дзяржавы, якая дырэктыўнымі метадамі можа пераразмяркоўваць рэсурсы з неэфектыўных галін эканомікі ў больш эфектыўныя, і да таго моманту, пакуль ёсць што пераразмяркоўваць.

Прыклад: СССР развіваў прамысловасць за кошт рэсурсаў вёскі. Сялянская гаспадарка СССР была арганізавана так неэфектыўна, а ўзровень тэхналагічнага развіцця быў настолькі ніжэйшы за еўрапейскі і амерыканскі, што простае пераразмеркаванне рэсурсаў на карысць індустрыі, дзе прадукцыйнасць працы і капіталу была нашмат вышэйшая, дало хуткі эканамічны рост.

Але такі рост ніколі не бывае трывалым, ён можа працягвацца толькі некаторы час і толькі пры ўмове экспарту тэхналогій звонку. На сур’ёзныя тэхналагічныя інавацыі экстрактыўныя інстытуты няздольныя.

Экстрактыўныя палітычныя і эканамічныя інстытуты, дадаюць яны, заўсёды спрыяюць канфліктам, бо канцэнтруюць вялізную ўладу і ўсе прыбыткі ў руках вузкай групы. Калі іншая група зможа атрымаць перамогу ў сутычцы, уся ўлада і ўсе рэсурсы дастануцца ёй. Спакуса вялікая. Таму барацьба за кантроль над неабмежаванай уладай часта перарастае ў канфлікт, а часам вядзе да поўнага развалу краіны.

Немагчымасць атрымаць поўную выгаду ад вынікаў сваёй працы адахвочвае большасць людзей ад максімальнай аддачы. А вузкія групы, якія кантралююць эканоміку, не зацікаўленыя ў пераменах, бо новыя тэхналогіі могуць аслабіць механізмы, якія даюць ім прыбытак і кантроль над ім, і стварыць іншыя групы, якія могуць накіраваць эканамічныя рэсурсы на падрыў улады ранейшых эліт.

Эканамічнае развіццё заўсёды суправаджаецца адміраннем неэфектыўных вытворчасцей. Адбываецца так званая «творчая дэструкцыя». Пры экстрактыўных інстытутах існуе страх эліт перад такой «творчай дэструкцыяй», таму што яны баяцца згубіць сваё манапольнае становішча ў эканоміцы.

Прыкладам такіх працэсаў можа служыць супраціў індустрыялізацыі з боку зямельнай арыстакратыі ў Расіі і Аўстра-Венгрыі. З'яўленне заводаў было нявыгадным зямельнай арыстакратыі, бо мог узнікнуць клас прамыслоўцаў, якія маглі адціснуць старую арыстакратыю ад улады. Ва ўмовах інклюзіўных інстытутаў зямельная арыстакратыя таксама магла імкнуцца прадухіліць індустрыялізацыю, але яна была не ў стане навязаць усім свае інтарэсы.

Тэорыя Аджэмаглу і Робінсана тлумачыць адставанне Паўднёвай Амерыкі ад Паўночнай (хаця ў дакалумбавай Амерыцы Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка былі больш развітымі). Падчас іспанскай каланізацыі ў Паўнёвай Амерыцы быў уведзены інстытут «экам’енда». Мясцовыя жыхары абавязаны былі плаціць падатак і выконваць павіннасць (працу на рудніках). Фактычна гэтая форма залежнасці з’яўлялася формай эксплуатацыі карэннага насельніцтва. Каланізатары займаліся здабычай і вывазам у метраполіі карысных металаў — развіццё калоній іх не надта хвалявала. «Экам’енда» з’яўлялася тыповым экстрактыўным інстытутам.

У той жа час у англійскіх калоніях усё было інакш. У першай англійскай калоніі ў Амерыцы ў Джэймстаўне кампанія Virginia прапаноўвала кожнаму еўрапейскаму пасяленцу 50 акраў зямлі і будынкі ва ўласнасць. Была створана Генеральная асамблея, якая фактычна давала кожнаму мужчыну-пасяленцу права голасу. Была створана сістэма, якая давала каланістам стымулы працаваць самім, а не эксплуатаваць карэннае насельніцтва. Былі створаны інклюзіўныя інстытуты.

Вынік бачны дагэтуль.

Аджэмаглу і Робінсан мяркуюць, што да XIV стагоддзя Заходняя і Усходняя Еўропа развіваліся амаль аднолькава. Але потым у Заходняй Еўропе пачалася эпідэмія чумы. У выніку вясковае насельніцтва там істотна скарацілася, і спроба феадалаў атрымліваць з меншай колькасці людзей ранейшую колькасць даходаў прывяла да масавых сялянскіх паўстанняў. У выніку ў Заходняй Еўропе прыгоннае права пачало знікаць, з'явіўся рынак працы. У той жа час ва Усходняй Еўропе (у тым ліку ў Беларусі), якая была маланаселенай і таму не так пацярпела ад чумы, пачаўся адваротны працэс — узмацненне і другая хваля прыгоннага права, у той час як арыстакратыя здолела ўзмацніць свае пазіцыі. Гэта, як мяркуе Аджэмаглу і Робінсан, і абумовіла стварэнне больш інклюзіўных інстытутаў менавіта на захадзе Еўропы, а не на ўсходзе.

Аўтары кнігі праводзяць паралелі паміж ростам эканомікі СССР 1920-х па 1970-я гады і цяперашнім ростам эканомікі Кітая. І прагназуюць, што, калі Кітай не пачне праводзіць дэмакратызацыю, з залучэннем большай колькасці сацыяльных груп для прыняцця рашэнняў, яго можа напаткаць лёс СССР. Заходніх эканамістаў, якія захапляюцца яго імклівым ростам, аўтары параўноўваюць з тым Самуэльсанам, які захапляўся поспехамі СССР, не ведаючы рэальнай карціны.

Гісторыю прадказаць немагчыма, так завяршаюць кнігу Аджэмаглу і Робінсан. Цяжка сказаць, якія дзяржавы, якія рэгіёны вырвуцца наперад у ХХІ стагоддзі. Але з іх тэорыі вынікае, што гэта будуць не краіны, якія жывуць з продажу нафты і газу, а тыя, дзе створаны найлепшыя стымулы для інавацый.

Каментары1

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Экс-прэзідэнт Польшчы: Замарожаны канфлікт будзе трагічнай весткай для Украіны3

Упершыню за палову месяца даляр патаннеў

«Калі набыў $20 па курсе 3,3 — і цяпер ты паспяховы інвестар»: як беларусы рэагуюць на скачкі валют7

У 53 гады загінуў былы турэмны начальнік з Оршы5

У Брэсце мужчына падумаў, што яму атруцілі каву, і ўдарыў афіцыянтку лыжкай. Завялі крымінальную справу3

Паліцыя разагнала пратэст у цэнтры Тбілісі3

Улады Малдовы вырашылі не плаціць «Газпраму» доўг памерам 709 млн даляраў

«Цяпер хоць стала можна нармальна зарабляць». Што думаюць таксісты пра працу ў новых умовах9

Аўстралія забароніць падлеткам да 16 гадоў карыстацца сацыяльнымі сеткамі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна7

Алепа за тры дні? Сірыйскія паўстанцы ўвайшлі ў найбуйнейшы горад Сірыі. Эрдаган ізноў усадзіў ятаган у спіну Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →