«Кіраваць працэсам»: Сяргей Дубавец даў першае інтэрв'ю ў якасці Вялікага майстра беларускай масонскай ложы
Беларусь стала апошняй краінай Эўропы, дзе ўзьнікла Вялікая масонская ложа. Афіцыйна гэта адбылося 25 траўня, але толькі цяпер Вялікі майстар Вялікай ложы Беларусі Сяргей Дубавец упершыню пацьвердзіў гэты факт публічна, піша Дзьмітры Гурневіч на радыё «Свабода».
«Гэта паралельнае жыцьцё, якое мусіць ахоўваць сябе ад жарсьцяў вонкавага сьвету»
— Спадар Сяргей, упершыню пра ваш тытул — Вялікі магістар Вялікай масонскай ложы Беларусі — напісала «Наша Ніва». Чаму вы тады адмовіліся ад камэнтароў?
З’явілася масонская Вялікая ложа Беларусі. Вялікім майстрам стаў Сяргей Дубавец
— Дакладна мой тытул гучыць — Вялікі майстар Вялікай ложы Беларусі. Для мяне гэта вымушаная публічнасьць. Я яе не плянаваў. Зьвярнуліся з газэты па камэнтар на ананімнай аснове, я сказаў, што камэнтаваць пакуль ня маю патрэбы, і праз тры хвіліны трапіў у загаловак. Ну, што зробіш. Адно скажу, што для мяне ў гэтай тэме няма і ня можа быць скандалу. Мы робім цалкам пазытыўную справу для сябе, для людзей, для Беларусі.
— Як даўно вы ў масонскім руху?
— 18 гадоў.
— І чаму столькі часу гэта было таямніцай?
— Гэта не было таямніцай. Проста ніхто не пытаўся.
— На прыняцьці ў масоны кандыдатаў колюць шпагай у грудзі? Вас таксама калолі?
— Калолі.
— А ў чым заключаюцца абавязкі Вялікага майстра?
— Калі каротка — кіраваць працэсам.
— Вакол масонаў заўсёды шмат таямнічасьці. У поп-культуры ім прыпісваюць нават ахвярапрынашэньні, кіраваньне ўрадамі, неверагодныя ўплывы. Дык чым займаюцца «вольныя муляры»?
— Насамрэч таямнічыя ў масонстве дзьве рэчы: рытуал і прыналежнасьць кагосьці да брацтва. І гэта ня толькі традыцыя. Гэта паралельнае жыцьцё, якое мусіць ахоўваць сябе ад жарсьцяў вонкавага сьвету. Масонства — электрастанцыя, якая з дапамогаю рытуалаў выпрацоўвае энэргію братэрскае любові, і зараджаныя гэтай энэргіяй браты нясуць яе ў вонкавы сьвет. Гэта вечны рух. Хочаш жыць у лепшым сьвеце — стань лепшым сам.
— Калі галоўная задача масонства — паляпшэньне грамадзтва, то для чаго патрэбныя складаныя і затратныя па часе рытуалы?
— Дапусьцім, мы паляпшаем грамадзтва сабою. То бок, трэба крыху перайначыць сябе, каб несьці гэтую энэргію далей. А дзе яе ўзяць? У рытуале.
— Дык а навошта тады гэтая таямнічасьць?
— Гэта тая самая «таямнічасьць» прыродных зьяваў, якая прыцягвае недасьведчаных нашмат мацней, чым, напрыклад, падручнік фізыкі.
«Куды б ты ні паехаў, паўсюль будзеш прызнаны за брата»
Адзін з сымбаляў масонаў
— Чаму Беларусь стала апошняй краінай Эўропы, дзе ўзьнікла Вялікая масонская ложа?
— Беларусы доўга запрагаюць. Задума стварыць Беларускую юрысдыкцыю зьявілася яшчэ ў 1998 годзе.
— Колькі ў Беларусі масонскіх арганізацый і масонаў?
— Сёньня гэта тры ложы, аб’яднаныя ў Вялікую ложу Беларусі (кажу «ложа», а ня «лёжа», бо гэта з дакумэнтаў афіцыйнай рэгістрацыі). Больш за тры дзясяткі братоў. Мы толькі ў пачатку самастойнага існаваньня. Да прыкладу, у самай пасьпяховай постсавецкай краіне Эстоніі масонаў каля тысячы. У сьвеце — мільёны.
— Ці ёсьць сярод беларускіх масонаў прадстаўнікі ўлады?
— Гэта таямніца.
— Вялікі майстар масонскай Вялікай ложы Расеі Андрэй Багданаў сьцьвярджае, што беларуская ложа створаная не паводле масонскіх правілаў і традыцыяў. Што вы на гэта адкажаце?
— Вось на тое мы і патрацілі 20 гадоў, каб усё было паводле правілаў і традыцыяў.
— То бок у вашай жа ложы ня ўсе масонскія беларускія арганізацыі. А колькі засталося пад «расейцамі» і якія будуць вашы дачыненьні зь імі?
— Сёньня рэгулярнае масонства ў Беларусі — гэта толькі тры ложы ВЛБ. Ёсьць нямала братоў-беларусаў, якіх Вялікая ложа Расеі мела ў сваёй юрысдыкцыі і ўсыпіла. Але мы іх ведаем і заўсёды гатовыя рэгулярызаваць як беларускіх вольных муляраў.
Ці патрэбнае Беларусі масонства
— А якія з замежных ложаў ужо прызналі беларускую?
— Вялікую ложу Беларусі стварылі Вялікія ложы Польшчы, Літвы і Ўкраіны. Паводле папярэдняй дамовы, тут мусіла быць і Вялікая ложа Расеі, але яна прыпыніла свой удзел. Сваё прызнаньне прыслала Вялікая ложа Эстоніі. Увогуле гэта ня хуткі працэс.
— Вы мусіце легалізаваць ложу ў Беларусі. Ці такая заява была ўжо пададзеная ў Мінюст?
— Мы дзейнічаем як зарэгістраваная арганізацыя з 2010 году. Акурат, калі адбыліся першыя працы Ложы Іван Луцкевіч (польскай на той час юрысдыкцыі) на тэрыторыі Беларусі. Кожная ложа рэгіструецца як грамадзкая арганізацыя (на сёньня зарэгістраваная адна), пасьля чаго яны ўтвараюць асацыяцыю, уласна Вялікую ложу Беларусі.
— Як выглядае звычайны дзень масона паміж тым, калі ён прачынаецца і засынае?
— Як звычайны дзень чалавека з маральным імпэратывам.
— Што такога ёсьць у масонскім руху, чаго нельга было б дамагчыся ў рамках іншых суполак, арганізацый, якія ўжо існуюць?
— Як мне ўяўляецца, маштаб і эфэктыўнасьць. Напрыклад, царква можа расчароўваць, і там ты нічога ня можаш зрабіць, каб не расчароўвала. А тут кожны пачуваецца прычыненым і важным у агульнай духоўнай справе. Ну і маеш цэлы сьвет братоў. Куды б ты ні паехаў, паўсюль будзеш прызнаны за брата.
«Пачынальнікі беларускага адраджэньня ХХ ст. былі масонамі»
— Якое адрозьненьне масонаў ад, напрыклад, Рады БНР? Там таксама ня менш таямнічасьці і сакрэтаў: што робяць, хто ў сьпісах і як туды запісваюць.
— І Рада БНР і масонства дбаюць пра дабро Беларусі. Брацтва, якое валодае юрысдыкцыяй у сваёй краіне, па-першае, спрыяе незалежнасьці Беларусі (ня так проста адабраць незалежнасьць у краіны, якая прызнаная ў масонскім сьвеце), па-другое, спрыяе інвэстыцыйнаму клімату (бо несьці капітал у немасонскую краіну — дадатковае пытаньне), але найперш, вядома, спрыяе пашырэньню атмасфэры братэрскае любові паміж людзьмі.
Дабрачыннасьць — адна з цнотаў масонства, у якім створана цэлая навука дабрачыннасьці. Апроч таго, мы частка жывой культуры сваёй краіны. Беларусізацыя — кепскі тэрмін. Як палянізацыя Польшчы. Ці русыфікацыя Расеі. Мы проста ўсё робім па-беларуску.
Важны для нас факт, што пачынальнікі беларускага адраджэньня ХХ ст. і айцы-заснавальнікі БНР былі вольнымі мулярамі.
— Дарэчы, на якой мове адбываюцца працоўныя сустрэчы ложы?
— Па-беларуску. Але ёсьць задума стварыць англамоўную ложу.
— Першыя беларускія масоны лічылі сваім патронам Аляксандра І. А хто цяпер патрон?
— У гісторыі беларускага масонства шмат ідэалягічных нацяжак. Адныя кажуць, што яно прыйшло з Польшчы, іншыя — з Расеі. Нядаўна адзін наш брат прачытаў сваю працу па выніках архіўных пошукаў, дзе паказаў, што ў беларускага масонства прускае паходжаньне. Гэта зьвязана яшчэ з протамасонскімі арганізацыямі. Галоўным рухавіком масонскага руху на тэрыторыі сучаснай Беларусі быў Кароль Станіслаў Радзівіл «Пане Каханку», які, між іншым, прынёс масонства з Заходняй Эўропы і ў Польшчу. Спадзяюся, неўзабаве мы зможам прачытаць гэтую працу ў адкрытым доступе.
Кнігі, якія разбураюць стэрэатыпы
— Чаму такія маральныя аўтарытэты, як айцец Аляксандр Надсан і папа Францішак, асуджалі масонства?
— Гэта справа вельмі далёкай гісторыі і вельмі даўняй традыцыі, якая ўзыходзіць да зьнішчэньня Ордэну тампліераў, спадкаемцамі якіх, у тым ліку, лічаць сябе масоны.
— Чаму масонства ў БССР (і ня толькі) зьвязвалі з сіянізмам і змагаліся зь ім?
— Думаю, гэтаксама зьвязвалі і змагаліся зь Бібліяй. Тады не магло быць этычных рухаў, што ня ў рэчышчы марксізму-ленінізму.
— Ці жанчыны могуць быць масонкамі ў Беларусі?
— Могуць, але такое масонства не прызнаецца рэгулярным. Гэта што тычыцца жаночых або зьмяшаных ложаў. У рэгулярным масонстве жонкі і дзеці бяруць удзел ва ўсіх супольных справах, апроч рытуалу. Тут галоўная справа — прызнаньне, яно амаль такое самае, як у дыпляматыі.
— Калі да вас пачнуць пісаць у прыват сотні людзей з просьбай прыняць у масоны, што вы ім адкажаце?
— Параю зьвярнуцца на старонку Вялікай ложы Беларусі ў фэйсбуку.
Сьцісла пра масонства:
- Масонства — гэта міжнародны таемны грамадзкі рух, які мае на мэце духоўнае ўдасканаленьне чалавека і братэрства людзей розных рэлігій, нацыянальнасьцяў і поглядаў.
- Днём нараджэньня масонскай арганізацыі лічыцца 24 чэрвеня 1717 году. У гэты дзень была зарэгістраваная першая ў сьвеце масонская арганізацыя — Вялікая ложа Англіі.
- Гісторыі масонства ў Беларусі больш за 250 гадоў.
- Вялікая ложа — галоўная арганізацыя, якая аб’ядноўвае масонскія арганізацыі на тэрыторыі пэўнай краіны.
Каментары