Зоркі беларускага тэлебачання 1990-х і 2000-х: чым яны займаюцца цяпер
Беларускае тэлебачанне 1990-х і 2000-х пры ўсіх сваіх мінусах нарадзіла шэраг цікавых праектаў і вядомых імёнаў. Але сёння большасць твараў «старога» ТБ знікла: хтосьці сышоў з прафесіі, хтосьці ўвогуле з’ехаў з Беларусі. «Наша Ніва» ўзгадала самых вядомых тэлезорак і пацікавілася, чым яны займаюцца сёння.
Ягор Хрусталёў
Хрусталёў, напэўна, быў першай суперзоркай айчыннага тэлебачання. Паўплывала на гэта не толькі яго праца на ТБ, але і бурлівае прыватнае жыццё.
У тэлевізары Хрусталёў з’явіўся, калі яшчэ быў студэнтам журфака. Ён вёў першае ток-шоу «Карамболь». Фармат быў стандартны: гутарка вядоўцы з вядомым госцем. Прычым не абавязкова поп-зоркай, у студыю запрашалі, напрыклад, і паэта Рыгора Барадуліна!
Пра папулярнасць маладога тэлевядучага сведчыць пачэсны тытул айчыннага «Сэкс-сімвала — 1997».
У пачатку 2000-х Хрусталёў сышоў на АНТ. Вёў ток-шоу «Выбар», працаваў як прадзюсар над іншымі праектамі. Акрамя таго, пісаў песні — напрыклад, для спявачкі Галіны Шышковай, з якой у жанатага Хрусталёва закруціўся раман. Шышкова нават нарадзіла сына ад Хрусталёва, вядучы прызнаў дзіця, але з сям’і сыходзіць не стаў.
У 2009 годзе Хрусталёў на нейкі час з’ехаў у Расію, быў прадзюсарам на канале СТС. Але ў 2014 годзе вярнуўся ў Беларусь, вёў шоу «Вечар цяжкага дня» на «Беларусь 1».
Цяпер ён працуе ў кампаніі «Еўрагандаль», якая валодае сеткай крамаў «Еўраопт». Хрусталёў займае пасаду прэс-сакратара.
Алесь Круглякоў
Калісьці з эфіраў Круглякова пачыналі раніцу тысячы — калі не сотні тысяч — беларусаў. Каля васьмі гадоў Алесь Круглякоў вёў перадачу «Добрай раніцы, Беларусь!», каментаваў «Еўрабачанне» (на беларускай мове!).
Але ў 2006 годзе яго знялі з эфіраў. Прычыны не агучваліся, афіцыйна гэта ніяк не было звязана з прафесійнымі здольнасцямі вядучага. Рэч у тым, што Круглякоў сумяшчаў эфіры з працай у прэс-службе пасольства ЗША ў Беларусі, што магло выклікаць пытанні ў кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі.
Чытайце:
Легендарны вядучы БТ Алесь Круглякоў эміграваў у ЗША: З малым сынам размаўляю па-беларуску
У выніку вядучы з’ехаў у Злучаныя Штаты, дзе і жыве сёння. Ён працаваў карэспандэнтам рускай службы «Голаса Амерыкі», цяпер працуе на тэлеканале «Цяперашні час». Гэта сумесны праект «Радыё Свабода» і «Голаса Амерыкі».
Святлана Бароўская
Ураджэнка Маладзечна спрабавала стаць актрысай, пасля школы паступіла ў тэатральна-мастацкі інстытут. Нават пазнаёмілася там з будучым мужам, акцёрам Анатолем Кацянёвым. Але ў самой Святланы кар’ера ў кіно не склалася. Затое склалася на тэлебачанні. Каля 20 гадоў Бароўская вяла перадачы «Добрай раніцы, Беларусь» і «Добры дзень, Беларусь».
Сёння Бароўская працягвае працу вядучай на беларускім тэлебачанні.
Дарэчы, сёлета яна святкуе юбілей — у лістападзе Святлане Бароўскай споўніцца 50 гадоў.
Сяргей Дарафееў
Папулярнасць тэлевядучаму прынесла праца на канале АНТ. Дарафееў вёў ток-шоу «Выбар», менавіта яго намаганнямі перадача стала сапраўды вострай праграмай.
Але эфір 19 снежня 2010 года стаў для Дарафеева апошнім. Абмеркаванне прэзідэнцкіх выбараў падчас масавай акцыі на Плошчы было сапраўды вострым. Але на наступны дзень Лукашэнка выказаў сваё незадавальненне перадачай.
Пасля Дарафеева адхілілі ад эфіра, кар'ера на АНТ фактычна скончылася. Ён з'ехаў ва Украіну, рабіў аўтарскую праграму на «5 канале», нават меў прафесійныя ўзнагароды як найлепшы інтэрв'юер.
Пасля Сяргей Дарафееў папрацаваў на «Радыё Свабода», жыў у Празе. Але праз 3,5 года звольніўся.
«Атрымалася такая нечаканая штука: ад'язджаў у амерыканскую кампанію «Радыё Свабода», а прыехаў на канал «Расія». Такое ідэалагічнае ўтрыманне мяне не магло задавальняць. Гэта тычыцца штатнага напаўнення і ў пэўнай меры навінавага кантэнту канала», — расказваў Дарафееў парталу The Village.
У 2018 годзе Сяргей Дарафееў вярнуўся ў Кіеў. Там ён увайшоў у штаб кандыдата ў прэзідэнты Украіны Рамана Бяссмертнага, дацэнта Кіеўскага ўніверсітэта культуры і мастацтваў і грамадскага дзеяча (дарэчы, Бяссмертны раней працаваў паслом Украіны ў Беларусі). У штабе палітыка Дарафееў адказваў за інфармацыйную частку і аналітыку. Але ж у другі тур выбараў Бяссмертны не прайшоў.
Маляваныч (Аляксандр Ждановіч)
Імя мінскага акцёра Аляксандра Ждановіча, напэўна, вядомае не надта шырокаму колу тэлегледачоў. Але амаль кожны ўзгадае Маляваныча, якога Ждановіч граў амаль 20 гадоў у перадачы «Калыханка». Першы выпуск выйшаў ажно ў 1996 годзе!
Але ў 2015 годзе тэлевізійная кар'ера Ждановіча скончылася.
«Чаму? Ну, прыйшлі новыя людзі, захацелі штосьці там памяняць… Пытанне не да мяне», — кажа Ждановіч.
Сёння Аляксандр Ждановіч працягвае граць у тэатры. Акрамя таго, ён шмат працуе з дзецьмі. Ждановіч — заснавальнік і кіраўнік дзіцячага тэатра-студыі «Радасць» для дзяцей-інвалідаў і сірот пры Свята-Елісавецінскім манастыры, мастацкі кіраўнік Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы».
Сяргей Філімонаў
У 1990-х беларусы даведваліся пра апошнія навіны міжнароднага шоу-бізу і кінапрэм'еры праз перадачу «Відзьма-Нявідзьма». Першы выпуск выйшаў у 1992 годзе.
Яе стваральнік і вядучы Сяргей Філімонаў па адукацыі гісторык. 20 гадоў ён выпускаў перадачу на БТ, пасля на канале СТБ.
Але ў 2011 годзе супрацоўніцтва з Філімонавым спынілі. Цяпер ён працуе на тэлеканале «Белсат», дзе з 2012 года і па сёння выходзяць новыя выпускі культавай перадачы.
Дзмітрый Шэпелеў
Кар'ера будучага тэлевядучага і свецкага льва пачалася даўно: тады яшчэ вучань 9 класа Шэпелеў стаў вядучым перадачы для падлеткаў «5Х5». Шоу выходзіла ў жывым эфіры.
Пасля Шэпелеў працаваў дыджэем на радыё, жыў ва Украіне, дзе вёў разнастайныя шоу на мясцовых каналах. А ў 2008 годзе яго запрасілі ў Маскву, весці караоке на Першым канале.
Пасля Шэпелеў канчаткова перабраўся на расійскае ТБ, вёў шэраг паспяховых забаўляльных праектаў. Але пастаянным героем свецкай хронікі ён стаў пасля трагічнага рамана з поп-зоркай Жаннай Фрыске.
У 2013 годзе спявачка зацяжарала ад Шэпелева, і падчас абследавання ў яе знайшлі неаперабельную пухліну мозгу. Фрыске нарадзіла здаровага сына Платона, спрабавала лячыцца, але ў 2015 годзе памерла. Шэпелеў падтрымліваў сваю каханую, а пасля яе смерці нават выпусціў кнігу «Жанна», прысвечаную Фрыске.
Сёння Дзмітры Шэпелеў працягвае працаваць на расійскім Першым канале, ён вядзе перадачу «На самай справе». Гэта чарговая «малахаўшчына»: ток-шоу, на якім удзельнікі абмяркоўваюць сямейныя канфлікты зорак ці адно аднаго. Пры гэтым удзельнікі шоу падключаныя да дэтэктараў хлусні.
Люцыя Лушчык
Мініяцюрная бландзінка з галівудскай усмешкай упершыню з'явілася на Першым музычным тэлеканале. Тады яе праца называлася модным словам «ві-джэй».
На Першым музычным Лушчык правяла 6 гадоў. Пасля перайшла на АНТ. Сёння Люцыя ўжо і не бландзінка, і нават не Лушчык — яна выйшла замуж за бізнэсоўца Андрэя Герашчанку і ўзяла яго прозвішча.
З Герашчанкам і яго былой жонкай Ілонай звязаны скандал, у які трапіла Люцыя. Ілона і Андрэй Герашчанкі пасля разводу не маглі вырашыць, з кім застанецца іх дачка. Да спрэчак далучылася і новая жонка бізнэсмена Люцыя, якая, натуральна, падтрымала мужа.
Але паціху скандалы забыліся. Цяпер Люцыя Герашчанка —тэлевядучая канала АНТ. Працуе ў перадачах «Наша раніца» і «Хіт на сняданак».
Аляксандр Зімоўскі
Прозвішча Зімоўскага — і па сёння сінонім узорнага дзяржаўнага прапагандыста.
Гэтага не адмаўляў і ён сам: «Я прапагандыст у чыстым выглядзе. Я казаў людзям, што пісаць, што гаварыць і якія мусяць быць акцэнты».
Цягам шасці гадоў (1995—2001) Зімоўскі быў аўтарам і вядучым «інфармацыйна-аналітычнай» праграмы «Рэзананс», у якой пляжыў апазіцыю і ўхваляў лукашэнкаўскую ўладу.
Пасля «Рэзанансу» Зімоўскі ўзначальваў спачатку Сталічнае тэлебачанне, затым Белтэлерадыёкампанію. Але ў 2010 годзе Зімоўскага замянілі Генадзем Давыдзькам.
Чым сёння жыве Зімоўскі, дакладна невядома. Сам ён называе сябе «медыякансультантам». Былы тэлевядучы шмат часу праводзіць у Пецярбургу, але часта яго бачаць і ў Мінску.
Аляксандр Аверкаў
Яшчэ адзін прапагандыст — былы вядучы «Контураў» Аляксандр Аверкаў.
Цікава, што Аверкаў мае акцёрскую адукацыю, але яго ж кар'ера ў кіно абмежавалася другаснымі серыяламі.
Спачатку Аверкаў вёў на АНТ навіны. У 2002 годзе стаў вядучым «Контураў», якія падсумоўвалі вынікі тыдня. Але ж у 2015 годзе Аверкава знялі з эфіру.
Яшчэ адзін цікавы факт: калісьці Аверкаў агучваў ваўка Вову з «Калыханкі».
Сёння Аверкаў працягвае працу на АНТ, працуе вядучым у дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання.
Каментары