Грамадства

Рыхтуе мёртвых да пахавання і аб’ядноўвае ябацек-інфлюенсераў. Што вядома пра блогера Голікава?

Да сёлетняй перадвыбарчай кампаніі ролікі берасцейца Аляксея Голікава на яго ютуб-канале зрэдку набіралі пад тысячу праглядаў, хаця ён і стараўся закранаць гарачыя тэмы рэгіёна: напрыклад, будаўніцтва акумулятарнага завода і звязаныя з гэтым пратэсты або каранавірус. Усё змянілася пасля выбараў: Голікаў пачаў штампаваць рэпартажы з пратэстаў і хутка прыйшоўся даспадобы дзяржаўнай прапагандзе як адказ «няправільным» блогерам.

Аляксей Голікаў.

Праклаў шлях на тэлебачанне мовай варожасці

Са сваім абраным курсам Голікаў хутка ўзяў інтэрв’ю ў залатога пяра Андрэя Мукавозчыка, Юрыя Васкрасенскага, запрасіў да сябе на размову «беларускую Сабчак» Ксенію Лебедзеву. Менавіта на канале ў Голікава з’явілася вялікая размова з экс-міністрам МУС Юрыем Караевым.

Аляксей выразна акрэсліў сваю пралукашэнкаўскую пазіцыю, падаючы яе як адзіную правільную. Па-першае, ён яшчэ да выбараў падтрымліваў ідэю таго, што каранавірус — гэта псіхоз і сусветная змова. Землякоў-пратэстоўцаў называў «бчб-упырамі», «цемрашаламі», тымі, каго трэба перавыхаваць і ізаляваць. Яшчэ 12 жніўня Голікаў адкрыта падтрымаў гвалтоўныя дзеянні сілавікоў, параўнаўшы іх з неабходнасцю «выхаваць па ягадзіцах жонку, якая адмовілася гатаваць сняданак».

З такой пазіцыяй і поглядам на жыццё блогер хутка праклаў сабе шлях на беларускае тэлебачанне: 7 снежня на СТБ стартавала яго аўтарская рубрыка пад назвай «Голікаў». Прэм’еру падалі пад «соусам»: вы ж любіце інтэрнэт і блогераў, вось вам блогер, вось мы даём яму свабодна і аб’ектыўна выказвацца. Але ў першым жа выпуску Голікаў пайшоў па тых жа тэмах, што і Азаронак. Вось толькі адна з цытат:

— Асабіста ў мяне да бела-чырвона-белай сімволікі няма агіды. Ёсць яснае разуменне пра разбуральныя намеры людзей, у чыіх руках гэты сцяг. Ёсць разуменне патрэбы на заканадаўчым узроўні прызнаць гэту сімволіку экстрэмісцкай, забароненай і па законе пераследаваць яе папулярызацыю. Сёння частка беларусаў, падманутая блогерам Сцёпам і грамадзянкай Светай, пазначаюць сябе гэтым сцягам. Яны ясна паказваюць і кажуць: «Калі мы прыйдзем да ўлады, мы будзем рэзаць і вешаць лукашыстаў і ябацек». То бок, гэты сцяг персанальна ім прынясе ўсёдазволенасць, а ўсім іншым — смерць. 

Менавіта Голікаў курыруе аб’яднанне так званых праўладных блогераў у імя захавання краіны. Першы іх з’езд прайшоў 12 снежня. Падзея была паказаная ў рэпартажы на дзяржаўным тэлебачанні. На сустрэчы засвяціліся такія персоны, як Мішка Беларус, Яўген Валодчанка, Юрый Увараў, і вядомы ўдзельнік мітынгаў «За бацьку» і аўтапрабегаў Цімур Прахін.

Скрыншот з відэа з'езда праўладных блогераў.

Зарабляе тым, што рыхтуе людзей да пахавання 

Пры ўсёй агрэсіі, якую блогер непрыхавана выказвае ў эфіры да землякоў, Голікаў стварае сабе імідж ідэальнага гаспадара і сем’яніна. Блогер жанаты, гадуе чатырох дзяцей. Мае зямельны ўчастак з агародам, каровай і авечкамі. На жыццё зарабляе здачай у арэнду доміка і прадпрымальніцтвам у сферы танатапрактыкі. Танатапрактык — гэта той самы чалавек, які рыхтуе мёртвых да пахавання ў эстэтычным плане. Спецыялісты бальзамуюць памерлых людзей, грыміруюць, мыюць, падбіраюць ім адзенне.

Акрамя гэтага, Голікаў зарэгістраваны ў базе вядучых, гатовых правесці любое мерапрыемства — ад канцэрта да вяселля. Яго можна было заўважыць з мікрафонам у руках на рэгіянальных дзяржаўных святах.

У мінулых інтэрв’ю Голікаў шчыра прызнаваўся, што ён не журналіст, журналісцкай адукацыі не мае. Пры гэтым цягам года займаў пасаду намесніка рэдактара газеты «Брэсцкі кур’ер». Тэмы інтарэсаў у якасці карэспандэнта — той жа акумулятарны завод, дармаеды, экалогія, праца чыноўнікаў.

Дарэчы, уважлівыя беларусы яшчэ ў кастрычніку адзначылі, што з усіх мерапрыемстваў у Брэсце блогер вёў стрымы, не маючы акрэдытацыі журналіста, пры гэтым дапускаў паклёп — па гэтым і іншым парушэннях міліцыю папрасілі правесці праверку. Ні па адным з фактаў відавочных парушэнняў Голікаў не быў прыцягнуты да адказнасці.

У гэтым годзе Голікаў атрымаў спецпрэмію у конкурсе рэгіянальных СМІ.

Сярод агучаных мар блогера — узяць інтэрв’ю ў Ісуса Хрыста і Аляксандра Лукашэнкі, калі б была такая магчымасць. А таксама ў «трох грацый» — Калеснікавай, Ціханоўскай і Цапкала.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом пагражае судзіць у ЗША экіпаж захопленага танкера. Масква пацвердзіла, што на борце расіяне28

Boston Dynamics пачынае серыйную вытворчасць робата-гуманоіда Atlas. Ён пойдзе працаваць на заводы Hyundai1

Цудаў не будзе для тых, хто спадзяваўся схуднець без дыеты. Папулярнае інтэрвальнае галаданне не дзейнічае без дэфіцыту калорый6

«А ты служыў?» Віталь Карпанаў адслужыў на Раство ў царкве6

Рэкордны адток. Як за 2025 год змянілася колькасць беларусаў у Літве17

Сям'я Лукашэнкаў у топе. Хто папулярны ў рускай Вікіпедыі?5

Зяленскі прапанаваў ЗША захапіць Кадырава па прыкладзе Мадура25

ЗША захапілі яшчэ адзін танкер ценявога флоту. Гэта ўжо другое затрыманае судна за апошнюю гадзіну16

Помнік першай беларускай нафце ўзяты пад дзяржаўную ахову1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць