Грамадства

Страйк Шродынгера? Як прайшоў першы дзень анансаванай забастоўкі і чаго чакаць далей

На пачатак лістапада Беларускае аб’яднанне рабочых абвясціла старт агульнанацыянальнай забастоўкі. Пра тое, што з гэтага выйшла, распыталі лідара аб'яднання Сяргея Дылеўскага, Андрэя Саннікава, які падтрымаў стачку, і палітолага Валера Карбалевіча.

На этапе падрыхтоўкі да стачкі ад яе дыстанцыяваліся дэмсілы. Як Святлана Ціханоўская, так і Павел Латушка, а таксама прадстаўнікі рабочага руху адзначылі, што страйк не падрыхтаваны як мае быць і ў сённяшніх умовах наскокам быць зроблены не можа.

Ілюстрацыйнае фота

У каментары «Нашай Ніве» Андрэй Саннікаў расказаў перадгісторыю. Паводле яго слоў, як толькі ідэя забастоўкі была агучаная, ён меў шэраг сустрэч са штабамі Ціханоўскай і Бабарыкі, а таксама прадстаўнікамі НАУ.

«Я адразу падтрымаў ініцыятыву Сяргея Дылеўскага, бо лічу, што гэта вельмі важная з’ява. Нам патрэбны элемент рабочай сілы ў Беларусі, які пад ціскам амаль знік.

І тое, што існуе спроба арганізацыі рабочых, якія могуць паўстаць асобнай моцнай групай у Беларусі, можна толькі вітаць. Штабам і актывістам я сказаў, што лічу гэтае дзеянне вельмі карысным для сітуацыі ў Беларусі, і папрасіў: калі няма згоды адразу, каб не было супрацьдзеянняў. Усе на гэта пагадзіліся.

Сяргей Дылеўскі — гэта сапраўдны лідар, які дбае аб правах рабочых. А вось тыя людзі, якія кажуць, што яны яшчэ не падрыхтаваныя да забастоўкі, — да іх у мяне ніякага даверу няма», — выказаўся Андрэй Саннікаў.

Як альтэрнатыва стачцы была прапанаваная ініцыятыва народнага каранціну — самазахавання беларусаў ва ўмовах драматычнай сітуацыі з каранавірусам (застацца дома, каб уратаваць здароўе, калі ўлады не прымаюць дастатковыя меры для супрацьдзеяння пандэміі).

У выніку сам Сяргей Дылеўскі напярэдадні анансаванай ім забастоўкі прапаноўваў у сваім звароце да дэмсілаў і актываў кампраміс: 

«Калі вы па якіх-небудзь прычынах лічыце немагчымым падтрымаць пачатак агульнанацыянальнага страйку, назавіце гэтую падзею як вы сабе хочаце — страйк, самаізаляцыя ці народны каранцін — і падтрымайце народ Беларусі!» 

Сяргей Дылеўскі

Што ў выніку?

Сам Сяргей Дылеўскі лічыць, што першы дзень прайшоў нават лепш, чым яны самі планавалі.

«Па стане на 16-ю гадзіну па мінскім часе ў бот Беларускага аб’яднання рабочых напісала каля 20 тысяч чалавек, якія засталіся дома. Гэта людзі з разнастайных прадпрыемстваў, студэнты, прадстаўнікі прыватнага бізнэсу. Мы не можам раскрываць падрабязнасці ў мэтах бяспекі». 

Фота з тэлеграм-канала аб'яднання рабочых

Як былі верыфікаваныя паведамленні ў боце? Па словах Сяргея Дылеўскага, праз актыў у Беларусі, па фота з дома (у тым ліку з працоўнымі дакументамі). Сярод таго, што дасылалася, было нямала фэйкавых паведамленняў.

«Цяпер ужо відавочны першапачатковы недалік нашай каманды: трэба было звяртаць больш увагі на інфармацыю, якую нам дасылаюць, адсейваць хлусню, укіды з боку дзяржорганаў.

Але агулам працэнт пацверджаных заяў пра стачку склаў каля 75-80%. Мы ведаем, што на Мінскім трактарным заводзе ў некаторых цэхах з 600-700 штатных супрацоўнікаў не былі на працоўным месцы ад 200 да 250, на першым рудаўпраўленні «Беларуськалія» на пляцоўцы пад’ёму з розных прычын не было каля траціны супрацоўнікаў, на Мінскім аўтамабільным заводзе ў некаторых цэхах таксама не выйшлі на працу.

На шэрагу прадпрыемстваў цягам дня праводзіліся «ідэалагічныя прапрацоўкі», дзе ідэолагі расказвалі рабочым пра распачаты ў краіне страйк».

Пазітыўнымі вынікі першага дня знаходзіць і Андрэй Саннікаў.

«Пасля 25 гадоў ціску на незалежныя прафсаюзы і на рабочых нельга чакаць, што ўсё адновіцца адразу і што заводы масава стануць. Людзі праявілі асаблівую мужнасць, я вітаю гэта і лічу, што яны заслугоўваюць павагі.

Гэта толькі пачатак фарміравання моцнай рабочай сілы. Я і мае калегі, паплечнікі прытрымліваюцца трох крокаў, якія вырашаць сітуацыю ў Беларусі і прывядуць да змен: стачка, пратэсты і міжнародныя санкцыі. І мы робім усё, каб гэта падтрымаць». 

Фота з тэлеграм-канала аб'яднання рабочых

Што будзе далей? 

Сяргей Дылеўскі абяцае, што аб'яднанне рабочых не спыніць працу, пакуль не будуць выкананыя галоўныя патрабаванні. Сярод іх — спыненне палітычных рэпрэсій, пачатак перамоў наконт мірнай перадачы ўлады дэмакратычным сілам, выкананне канстытуцыйных правоў грамадзян.

«Мы будзем патрабаваць ад незалежных СМІ, ініцыятыў і лідараў падтрымліваць беларусаў, сачыць за сітуацыяй і не перашкаджаць беларускаму грамадству будаваць новую Беларусь», — удакладняе план дзеянняў Дылеўскі. 

Ілюстрацыйнае фота

Ён не выключае аб’яднання з іншымі дэмсіламі ў дзеяннях, у тым ліку каардынацыю з іншымі ініцыятывамі рабочага руху.

«Яшчэ раз паўтаруся: няма ніякай розніцы, ці падтрымліваеце вы страйк, забастоўку, народны каранцін ці лакдаўн. Важна, што вы падтрымліваеце народ Беларусі і заклікаеце іх застацца дома і захаваць сваё жыццё і здароўе. Адзінае, магу сказаць дакладна: з моманту заснавання беларускага аб'яднання рабочых прайшло паўгода, і нам хапіла гэтага часу, каб падрыхтавацца да стачкі, наколькі гэта магчыма».

Што кажуць палітолагі?

З пункту гледжання палітолага Валерыя Карбалевіча, задача арганізаваць менавіта агульнанацыянальны страйк у сённяшніх умовах была нерэальнай: 

«Страйк можа адбыцца ва ўмовах агульнанацыянальнага ўздыму, пратэснага руху, калі грамадства моцна палітызаванае. Такое назіралася недзе ў другой палове жніўня і ў пачатку верасня мінулага года. Тады тэарэтычна страйк мог адбыцца. А сёння са спадам пратэсту, пэўнай дэпалітызацыяй грамадства, з масавымі рэпрэсіямі і палітычнай міграцыяй разлічваць на масавы страйк не выпадае.

Гэты заклік не спрацуе на прамысловыя прадпрыемствы: у беларускім пратэсце не рабочыя складалі асноўную рухальную сілу. Гэта быў сярэдні клас, айцішнікі, людзі, якія працуюць у недзяржаўных установах. Згадайце народную забастоўку, анансаваную Святланай Ціханоўскай на 26 кастрычніка мінулага года: тады прыпынілі працу, у асноўным, прыватныя кампаніі, службы сэрвісу, пункты грамадскага харчавання».

Ілюстрацыйнае фота

На думку Карбалевіча, масавы страйк магчымы ў выніку новага пратэснага выбуху.

«Страйкі, як і рэвалюцыі, не адбываюцца па загадзе палітыкаў ці палітычных цэнтраў. Гэта здараецца ў выніку нейкага збегу абставін, але гэта досыць рэдкая з’ява».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

Усе навіны →
Усе навіны

Белы дом пагражае судзіць у ЗША экіпаж захопленага танкера. Масква пацвердзіла, што на борце расіяне28

Boston Dynamics пачынае серыйную вытворчасць робата-гуманоіда Atlas. Ён пойдзе працаваць на заводы Hyundai1

Цудаў не будзе для тых, хто спадзяваўся схуднець без дыеты. Папулярнае інтэрвальнае галаданне не дзейнічае без дэфіцыту калорый6

«А ты служыў?» Віталь Карпанаў адслужыў на Раство ў царкве6

Рэкордны адток. Як за 2025 год змянілася колькасць беларусаў у Літве17

Сям'я Лукашэнкаў у топе. Хто папулярны ў рускай Вікіпедыі?5

Зяленскі прапанаваў ЗША захапіць Кадырава па прыкладзе Мадура25

ЗША захапілі яшчэ адзін танкер ценявога флоту. Гэта ўжо другое затрыманае судна за апошнюю гадзіну16

Помнік першай беларускай нафце ўзяты пад дзяржаўную ахову1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

«Муж сышоў з Сіплым і Малым». Імаверна, пад Краматорскам украінцы адным махам кончылі трох беларускіх наёмнікаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць