Грамадства

Што зрабіў для Беларусі Павел Белавус, які не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту

Стваральнік Symbal.by Павел Белавус не выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Яго мусілі вызваліць у пятніцу ў 15:40. Блізкія Паўла не ведаюць, чаму яго працягваюць утрымліваць у няволі, паведамляе Symbal.by. Чым вядомы Павел, піша «Свабода».

Павел Белавус

15 лістапада затрымалі грамадзкага актывіста, стваральніка крамы Symbal.by Паўла Белавуса. Яго выклікалі на размову ў міліцыю аб 11 гадзіне, дадому ён не вярнуўся. Пазьней стала вядома, што ён у ізалятары на Акрэсьціна.

Яшчэ празь нейкі час зьявілася папярэдняя інфармацыя, што Паўла маглі затрымаць, бо ён даслаў камусьці поштай кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», якую беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкай.

Павал Белавус — адзін з заснавальнікаў і першы дырэктар культурніцкай пляцоўкі «Арт Сядзіба», стваральнік крамы Symbal.by, кіраўнік кампаніі «Годна», арт-мэнэджар, журналіст.

18 лістапада прайшоў першы суд над Паўлам, яго абвінавацілі паводле 2 артыкулаў КаАП: 19.11 (распаўсюджваньне інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць) і 19.12 (незаконны выраб і/або распаўсюджваньне мэтодык або іншых матэрыялаў аб спосабах вырабу выбуховых прыладаў і выбуховых рэчываў). Судзьдзя адправіў справу на дапрацоўку.

19 лістапада судзьдзя Ленінскага раёну Юлія Шут асудзіла Паўла Белавуса на 15 сутак ужо па іншым артыкуле — за «несанкцыянаваную акцыю» (ч. 1 арт. 24.23 КаАП).

Скончыў геафак, але хацеў быць журналістам

Павал нарадзіўся ў Лідзе, вучыўся на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце.

«Хоць і вучыўся на геафаку, хацеў стаць журналістам. Я паступаў туды, бо добра ведаў беларускую мову, матэматыку, і мне патрэбны быў трэці прадмет. І я такі: «О, геаграфія! Паеду паступаць на геафак». Але з другога курсу я пачаў пісаць, больш працаваў у журналісцкай сфэры. Дзякуючы геафаку, што я вучыўся ў Берасьці, я пазнаёміўся зь «Дзедзічам», які зацягнуў мяне ў актывізм», — расказваў пра сябе Павал.

Разам зь сябрамі заснаваў «Арт Сядзібу»

24 сьнежня 2011 году Павал Белавус разам зь сябрамі стварылі інфармацыйна-асьветніцкую арганізацыю «Арт Сядзіба». Праз канцэрты, лекцыі і забаўляльныя імпрэзы, якія рабіла «Арт Сядзіба» да беларушчыны масава далучалася моладзь па ўсёй краіне.

«Пашу я ведаю з 2009-га. Тады ён запомніўся мне сваім творчым і нестандартным падыходам. Мы разам распачыналі «Арт Сядзібу», рабілі імпрэзы, пераяжджалі з розных памяшканьняў, разам рабілі Symbal.by. Паша для мяне — гэта сапраўдны беларус, які імкнецца зрабіць усё, каб Беларусь і беларушчына былі папулярнымі і прывабнымі. І робіць усё гэта шчыра! Паша — найлепшы сябра, да якога можна зьвярнуцца па дапамогу, параду, будзь гэта вокладка, канцэпцыя новага альбому ці нейкая бізнэс-ідэя. Я заўжды ўпэўнены, што Паша не падвядзе», — кажа Зьміцер Афанасенка, лідэр гурту Amaroka.

Зрабіў вышыванкі ізноў моднымі, папулярызуе беларускую культуру

Пазьней Павал стварыў краму Symbal.by, якая папулярызавала рэчы і зьявы, прысьвечаныя беларускай мове, культуры і гісторыі. Вясной і летам 2020-га крама адшывала вялікія партыі ахоўных масак і перадавала іх мэдыкам па ўсёй краіне. Празь ціск уладаў на пачатку сакавіка 2021-га краму зачынілі.

У 2020 годзе Павал стварыў грамадзкую кампанію «Годна», якая прасоўвае сучасную нацыянальную ідэю Беларусі. У ёй каманды маладых людзей стваралі культурныя і гістарычныя праекты.

«Для мяне Паша — ня проста калега і сябра, ён як старэйшы брат, у якога заўсёды можна чамусьці навучыцца. Ён марыць аб тым, каб Беларусь была беларускай. Паша вельмі шмат робіць для Беларусі, для таго, каб кожны адчуў годнасьць і гонар за сваю краіну, сваю мову і культуру, ганарыўся, што ён беларус. У яго гэта атрымліваецца, бо ў яго заўсёды шмат ідэй, гараць вочы, ён натхняе тым, наколькі ён любіць сваю працу, сваю місію», — кажа мэнэджарка кампаніі «Годна», сяброўка Паўла Аліна Герашчанка.

Вось што пра Паўла і яго дзейнасьць кажа яшчэ адзін сябра і калега, актор Беларускага Свабоднага тэатру Аляксей Сапрыкін.

«Паша ў найвышэйшай ступені справядлівы чалавек. Ёсьць такі знакаміты выраз: «Ну вы ж усё самі разумееце». І вось Паша на яго заўжды адказваў: «Не, не разумею, чаму я павінен гэта разумець?». І ён шчыра хоча палепшыць нашую краіну, шмат зрабіць для беларускай мовы, культуры, традыцыяў і гісторыі. Паша вельмі палымяны чалавек, ён вельмі моцна гарыць любой справай, якую ён пачынае рабіць. Для яго праца на ніве беларушчыны стала такім пакліканьнем, стала сэнсам жыцьця, таму што ён заўсёды нешта новае прыдумляе, падхоплівае, стаіць у авангардзе розных ідэяў. Ён адзін з самых палымяных людзей, якіх я сустракаў».

У Паўла ёсьць жонка Кацярына і двое малых дзетак: Сафія і Мірон.

«Паша вельмі любіць сваю сямʼю, сваіх дзетак. У яго нават ёсьць татуіроўкі з іх імёнамі: на адной руцэ імя дачушкі, а на другой — імя сынка», — дадае сяброўка Аліна.

«Я ведаю Пашу як чалавека, які шчыра любіць Беларусь», - дадае яшчэ адзін сябра Паўла.

Каментары

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Выйшаў доўгачаканы працяг культавай украінскай гульні S.T.A.L.K.E.R. У Расіі геймераў прыстрашваюць не гульнявой, а рэальнай зонай за дзяржздраду4

Стрыжак расказаў, чаму Верамейчык не змог легалізавацца ў Еўрасаюзе45

Cambridge Dictionary назваў слова 2024 года

У ЗША заклікаюць панізіць гандлёвы статус Кітая да ўзроўню Беларусі1

У Тайландзе жанчына метадычна забіла цыянідам 14 сяброў 

Навукоўцы знайшлі спосаб зрабіць памідоры саладзейшымі1

Расія наносіць масіраваны ракетны ўдар па Украіне4

У Германіі памёр навуковец Міхаіл Ерамец. Ён нарадзіўся ў Пінску1

У Гродне і раёне ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны32

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →