Меркаванні

Давід і Галіяф: параўноўваем сілы расійскай і ўкраінскай армій

Цяпер украінская армія — ужо не тая, якая не супраціўлялася падчас акупацыі Крыма ў 2014 годзе. Колькасць баяздольнага персаналу за сем гадоў вырасла з 6000 да амаль 150 000 чалавек. І тым не менш, сілы ўсё яшчэ не роўныя, напрошваецца параўнанне Фінляндыі з СССР у 1940 годзе. Вайна, калі яна пачнецца, будзе нагадваць бітву Давіда і Галіяфа.

Украінскія вайскоўцы. Фота: Мінабароны Украіны.

У 2014 годзе, падчас акупацыі Крыма, расійскія салдаты не сустрэлі вялікага супраціўлення. Украінская армія знаходзілася ў вартым жалю стане. У салдат не было бронекамізэлек, яны насілі старыя савецкія каскі, няздольныя спыніць кулі. Танкі і бронетэхніка не ездзілі: не было запчастак і паліва. Армія была разваленая і карумпаваная. Тыя падзеі прымусілі ўкраінцаў прачнуцца і пачаць сур’ёзныя рэформы ў вайсковай сферы.

Цяпер украінская армія не мае практычна нічога супольнага з арміяй, якая існавала да акупацыі Крыма і вайны на ўсходзе Украіны. Улада ў Кіеве мянялася, увага да арміі заставалася нязменная.

Паводле справаздачы Кангрэса ЗША за чэрвень 2021 года, колькасць баяздольнага персаналу ўкраінскай арміі вырасла прыкладна з 6000 вайскоўцаў да амаль 150 000 чалавек.

Паводле ацэнак кіеўскага Цэнтра абаронных рэформ, ва Украіне налічваецца каля 250 000 дзеючых вайскоўцаў. Паводле ацэнак Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў — 209 000 вайскоўцаў і 1 млн рэзервістаў, 250 000 з якіх маюць баявы вопыт.

З 2014 года Украіна актыўна мадэрнізуе свае танкі, бронетэхніку і артылерыйскія сістэмы.

Калі ў 2014 годзе Украіна траціла на абарону 1,5% свайго валавага унутранага прадукту, то ў 2020 годзе гэтая доля дасягнула 4,1% ВУП (што склала каля 5,9 млрд даляраў). У 2021 годзе Украіна траціла на абарону 6,1% свайго бюджэту. Гэтая доля выдаткаў на абарону істотна большая, чым у краінах НАТА. Але іх нават і блізка нельга параўноўваць з гіганцкімі лічбамі Расіі.

Доля расходаў на абарону ў Расіі блізкая да ўкраінскай, але Расія мае большую і мацнейшую эканоміку, таму ў абсалютных лічбах нашмат апераджае Украіну ў ваенных расходах.

Расійскія вайскоўцы. Фота: Мінабароны Расіі.

Аналітыкі мяркуюць, што рэальны вайсковы бюджэт Расіі знаходзіцца дзесьці ў межах 150—180 мільярдаў даляраў. Гэта каласальная сума, якая дае Маскве практычна бязмежныя магчымасці, дазваляе спакойна перакідваць да межаў з Украінай цэлыя арміі і не турбавацца пра цану такіх манеўраў. 

З 2014 года Украіна атрымала ад заходніх партнёраў беспрэцэдэнтную падтрымку, эквівалентную 14 мільярдам даляраў. 

Галоўная дапамога прыходзіла ва Украіну з ЗША. Амерыка пастаўляла ва Украіну радыёабсталяванне, ваенна-транспартныя грузавікі і супрацьтанкавыя ракеты Javelin. Вялікабрытанія, Польшча і Літва таксама пастаўлялі Украіне абарончую зброю. Былі мадэрнізаваныя ракетныя сістэмы.

Але самай нечаканай дапамогай Украіне стала пастаўка Турцыяй беспілотнікаў Bayraktar TB2, якія змянілі ход вайны ў Нагорным Карабаху, а таксама паўплывалі на сітуацыю ў Лівіі і Сірыі. Выкарыстанне беспілотнікаў з’яўляецца адным са спосабаў для Украіны адолець адставанне ў авіяцыі, але наўрад ці дроны, як і джавеліны, радыкальна зменяць баланс сіл. Супрацьтанкавыя ракеты Javelin маюць далёкасць дзеяння каля 2,5 км, яны могуць толькі затрымаць прасоўванне танкаў.

Акрамя таго, некаторыя расійскія танкі маюць абарону ад супрацьтанкавых комплексаў. Больш за тое, расіяне могуць паспрабаваць знішчыць большасць аператараў супрацьтанкавых комплексаў артылерыяй яшчэ да таго, як іх танкі трапяць у зону дзеяння ракет.

Процітанкавыя ракеты Украіне паставіла і Брытанія. Гэта важны сігнал, які паказвае не толькі гатоўнасць Украіны нанесці ўдар па расійскіх сілах з дапамогай гэтай зброі, але і паказвае гатоўнасць Брытаніі яшчэ больш падтрымаць Украіну ў выпадку вайсковага ўварвання.

Ваенная мадэрнізацыя Украіны была не толькі колькаснай, але і якаснай. Украінцы дасягнулі велізарнага прагрэсу ў пытаннях навучання і падрыхтоўкі да баявых дзеянняў, планавання абароны. 

Інструктары НАТА пачалі праводзіць з украінскімі вайскоўцамі трэнінгі і адмысловую вайсковую падрыхтоўку, каб наблізіць украінскую армію да заходніх стандартаў, палепшыць камунікацыю і ўзмацніць камандны патэнцыял. Усё пачыналася з узаемадзеяння на ўзроўні батальёнаў, а цяпер заканчваецца міжбрыгадным узаемадзеяннем з задзейнічаннем новых тэхналогій і відаў узбраення.

Заходнія краіны пачалі актыўна дзяліцца з украінцамі і разведвальнымі данымі. Дзякуючы ім Украіна бачыць, што адбываецца на мяжы і за мяжой. Глыбіня маніторынгу — да 400 км.

Таксама ўкраінская армія мае зусім іншую матывацыю і маральны дух, чым у 2014 годзе. Украінскія вайскоўцы загартаваліся ў актыўных баях 2014—2015 гадоў і маюць вялікі баявы досвед. Усё гэта робіць украінскую армію грозным праціўнікам.

Яшчэ адзін важны аспект — у адрозненне ад 2014 года, калі Расія і будзе ўрывацца на ўкраінскія тэрыторыі, там яна сустрэне варожае да Расіі насельніцтва, якое істотна адрознівеацца па сваіх каштоўнасцях і палітычных перавагах ад жыхароў Крыма і Данбаса. Гэта павялічвае імавернасць вайсковага і партызанскага супраціву.

Ды і расійскім уладам будзе складаней абгрунтаваць сваім жа грамадзянам неабходнасць уварвання — да мацерыковай Украіны расіяне адчуваюць меншую прыхільнасць, чым да Крыма. 

Галоўнае слабае месца Украіны — авіяцыя. Мадэрнізацыя ваенна-паветраных сіл Украіны была нязначнай. Большасці бамбавікоў і знішчальнікаў краіны больш за 30 гадоў, а кваліфікацыя пілотаў нізкая. Калі Расія і захоча пачаць вайну, яна будзе мець ашаламляльную перавагу ў паветры, Украіне будзе вельмі цяжка падтрымліваць баланс сіл.

У Кіева таксама слабая, не самая сучасная супрацьпаветраная абарона і не стае комплексаў для барацьбы з беспілотнікамі. Украіна так і не пераканала ЗША перадаць ёй комплексы Patriot.

Яшчэ адно слабае месца — флот. Цяпер узбярэжжа Украіны абараняюць катары берагавой аховы. Супрацьстаяць Чарнаморскаму флоту Расіі такімі сродкамі немагчыма. 

Украіна дамовілася з Турцыяй аб будаўніцтве чатырох карветаў з ракетным узбраеннем. Але першы з іх, згодна з планам, будзе спушчаны на ваду толькі ў 2023 годзе. 

Масква мае каласальную перавагу ў ракетах і авіяцыі. Украіна можа сутыкнуцца з патэнцыйна жахлівымі наступствамі ў выніку татальнага нападу, што можа падарваць маральны дух краіны. Расія, тэарэтычна, мае магчымасць метадычна знішчаць вайсковыя часткі Украіны дыстанцыйна з дапамогай такой зброі, як балістычныя ракеты «Іскандэр».

У адкрытай татальнай вайне Украіна наўрад ці зможа перамагчы, але расійскае ўварванне дорага будзе каштаваць Маскве як у фінансавым, так і ў вайсковым плане.

Ва Украіне налічваецца 209 000 — 255 000 дзеючых вайскоўцаў разам з мільёнам рэзервістаў, гэта з’яўляецца высокім паказчыкам для краіны падобнага маштабу. Агульная колькасць расійскага войска, уключаючы рэзервістаў, перавышае тры мільёны чалавек.

Ва Украіне шмат танкаў — 2596. І бронетэхнікі — 12 303 адзінак. Таксама вялікая колькасць артылерыі — 2040 батарэй. Але ў параўнанні з Расіяй, якая мае самы вялікі ў свеце арсенал танкаў і займае трэцяе месца па колькасці артылерыі, гэта не так і шмат.

Інфаграфіка, якая параўноўвае ўзбраенні і жывую сілу Расіі і Украіны. Аўтар: Al Jazeera.

Таксама варта памятаць і пра ядзерны арсенал, які ў Расіі ёсць, хоць і састарэлы. Украіна ад яго адмовілася ў 1990-я гады, як і Беларусь, па настойлівай просьбе Захаду. 

Паводле рэйтынгу Global Firepower за 2022 год, Расія ў рэйтынгу магутнасці займае другую пазіцыю і саступае толькі ЗША, Украіна — на 22-м месцы.

Па колькасці насельніцтва Украіна саступае Расіі амаль у чатыры разы.

Калі Масква змусіць беларускую армію ваяваць на сваім баку, то розніца ў жывой сіле і тэхніцы будзе яшчэ большай. Аднак на вайне баявы дух часам значыць больш, чым статыстыка. Гісторыя памятае паспяховае супраціўленне Фінляндыі Савецкаму Саюзу ў 1940-м і В'етнама Кітаю — у 1979-м. Усё залежыць ад рашучасці бакоў і ад гатоўнасці саюзнікаў дапамагаць.

Чытайце таксама: ЗША не будуць адпраўляць ва Украіну вайскоўцаў

Каментары

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі13

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Уладальніка гродзенскага блога S13 адправілі яшчэ на 15 сутак арышту

Кітай не шкадуе ніякіх грошай, каб перакупіць тэхналагічныя таленты3

Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?4

Васіля Верамейчыка прызналі палітвязнем

Наталля Пяткевіч: Тыкток стаў нашай ядзернай зброяй27

Катэдж у Мінску з саўнай і басейнам прадаюць амаль за 400 тысяч даляраў5

Мінадукацыі зацвердзіла 10 «запаветаў» для школьнікаў і бацькоў10

Журналісты ацанілі, колькі ўкраінцаў загінула ў вайне з расіянамі20

Ціханоўская не будзе заклікаць беларусаў ісці на выбары і пратэставаць66

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі13

Святкаваць трэці падзел Рэчы Паспалітай, даплачваць Гігіну і адсунуць Марзалюка: як Расія хоча перапісаць гісторыю Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →