Меркаванні

Шрайбман: Адмовіцца ад зашкварнасці на карысць рэпутацыі — таксама прагматызм

Бываюць сітуацыі, калі для палітыкаў, якія прымаюць рашэнні, персанальныя палітычныя рызыкі ад нейкіх міжнародных здзелак з таксічным партнёрам суб'ектыўна становяцца куды больш небяспечнымі, чым рызыкі ад страты даходаў на гэтых здзелках. Як гэта працуе ў адносінах Беларусі з еўрапейскімі суседзямі, разважае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

У многіх экспертаў у міжнародных адносінах ёсць такі падыход да аналізу дзеянняў дзяржаў: усе робяць толькі тое, што ім выгадна. З гэтым цяжка спрачацца, пакуль з гэтага сцвярджэння не пачынае квітнець высакалоба-цынічная, а асабліва папулярная ў пост-СССР, выснова пра тое, што «ўся іх рыторыка аб правах чалавека нічога не вартая, праглынуць што заўгодна, калі гаворка ідзе пра бабкі, якія яны могуць страціць».

Часта за гэтым хаваецца банальная схільнасць ацэньваць іншых па сабе. Чужыя ідэалы складана зразумець, калі іх не падзяляеш. У нейкі момант прасцей перастаць верыць, што іншы таксама здольны іх падзяляць, і проста палічыць яго крывадушнікам.

І таму дзеянні ідэйнага апанента прасцей тлумачыць такімі ж прыземлена-шкурнымі інстынктамі і жаданнямі, зыходзячы з якіх прызвычаіўся дзейнічаць ты сам.

Менавіта таму беларускія ўлады і іх прыхільнікі часта задаюць пытанні, у тым ліку затрыманым апанентам: «А чаго вам не хапала пры вашых заробках?»

Яны не могуць змясціць ў сваю карціну свету думку, што ў кагосьці спектр патрэбаў шырэйшы, чым у іх. І што акрамя пажраць, выпіць і купіць тачку, там ёсць і астатнія ўзроўні піраміды Маслоу.

Адсюль і вечная фіксацыя на «значыць вам заплацілі». Задарма б толькі вар'ят выйшаў на вуліцу, калі ў яго поўны халадзільнік і рахунак у банку, праўда?

Вяртаючыся ў міжнародную палітыку, я не схільны прыпісваць усім экспертам і каментатарам, якія гэтак жа тлумачаць паводзіны дзяржаў — праз шкурную зацікаўленасць — няздольнасць зразумець, што каштоўнасці бываюць рознымі. Я думаю, тут, хутчэй, праблема ў вузкім разуменні, што такое прагматызм.

Вось Літва бярэ і блакуе пастаўкі беларускага калію праз свой порт, хоць не павінна была гэтага рабіць. Нават ЗША, на санкцыі якіх Вільня спасылаецца, не забаранялі такі транзіт.

З логікі экспертаў, пра якіх я пісаў вышэй, Літва дзейнічае непрагматычна. Яна прымае вельмі стратнае для сябе рашэнне і правакуе гандлёвую вайну, на якой страціць яшчэ больш. Непасрэдную выгаду атрымаюць толькі «Уралкалій» і канадцы, канкурэнты беларусаў на калійным рынку, і тыя парты, якія іх абслугоўваюць. Гэта відавочна не Літва.

Гэтак жа, але ў меншым маштабе, паводзіць сябе і Эстонія. Бо яна не абавязаная была цяпер ініцыятыўна пашыраць санкцыі на беларускія нафтапрадукты, але робіць гэта пасля таго, як журналісты высветлілі, што пад дазволеным таварным кодам Мінск пастаўляў іншыя, забароненыя нафтапрадукты. У выніку Эстонія губляе транзітныя даходы і таксама паводзіць сябе непрагматычна.

Праблема такога аналізу, а дакладней раскідвання ярлыкамі пра прагматычныя і непрагматычныя паводзіны, — у вельмі абмежаваным разуменні слоў «прагматычны інтарэс».

Бываюць сітуацыі, калі для палітыкаў, якія прымаюць рашэнні, персанальныя палітычныя рызыкі ад нейкіх міжнародных здзелак з таксічным партнёрам суб'ектыўна становяцца куды больш небяспечнымі, чым рызыкі ад страты даходаў на гэтых здзелках.

Прасцей кажучы, урады Літвы і Эстоніі палічылі, што працяг працы з Мінскам, нават дазволенай усімі санкцыйнымі рэжымамі, цяпер стаў настолькі рэпутацыйна небяспечным, што адмова ад такой цалкам прыбытковай справы ператварылася ў куды больш прымальную рызыку.

У гэтым сэнсе іх рашэнні не перасталі быць прагматычнымі. Яны проста ўключылі ва ўраўненне яшчэ адзін фактар, які адмаўляюцца бачыць або разглядаць сур'ёзна некаторыя каментатары. Я б назваў гэта «феноменам зашкварнасці».

Тут, вядома ж, няма адзіных стандартаў. Зашкварнасць беларускай улады і куплі ў яе тавараў, якія знаходзяцца фармальна не пад санкцыямі, але ў падсанкцыйных сектарах, — розная для розных заходніх сталіц.

Тое, што зашкварна ў Літве, абсалютна нармальна ў якой-небудзь міжземнаморскай краіне.

І нават гэта не адзінае скрыжаванне. У працэсе прыняцця рашэнняў на іншай талерцы шаляў ад зашкварнасці нейкага рэжыму заўсёды ляжыць адносная важнасць гэтага рэжыму і супрацоўніцтва з ім.

Кіеў можа глядзець на падзеі ў Беларусі з такой жа лютай злосцю, як Вільня (хай і па сваіх прычынах), але бензін і бітум самі сабой не з'явяцца. У выніку даводзіцца трываць зашквар, купляць паліва ў «памагатых акупантаў», але да еўрапейскіх санкцый не далучацца.

Таму ісціна пазнаецца ў балансе зашкварнасці і выдаткаў ад разрыву адносін.

Для некаторых краін столі іх уласнай зашкварнасці, здаецца, наогул не існуе з-за таго, наколькі яны важныя для ўсіх. Кітай і яго выхаваўчыя канцлагеры для уйгураў — адзін з прыкладаў. Ніхто, ці амаль ніхто ў свеце за гэта Пекін не спрабуе сур'ёзна пакараць, абсякаючы сабе гандаль з Кітаем.

Таму я і не кажу пра нейкую барацьбу маралі і прагматызму. Я далёкі ад думкі, што нават свабодна выбраныя палітыкі кіруюцца толькі этычнымі ідэаламі і высокімі каштоўнасцямі. Проста, аналізуючы іх учынкі, трэба ўлічваць усе фактары, а не толькі тыя, што вымяраюцца грашыма.

Любое ўсвядомленае дзеянне на міжнароднай арэне — праява прагматычнага разліку канкрэтных палітыкаў у канкрэтны момант. Проста некаторым аўтарытарным рэжымам хапае рэсурсу пераканаць сваіх партнёраў заплюшчыць вочы на сваю зашкварнасць, а некаторым — не.

Беларускай уладзе ў гэтым сэнсе пашанцавала не так, як больш магутным аўтакратам або тым, у каго суседзі і важныя гандлёвыя партнёры падзяляюць іх антыдэмакратычныя погляды. Хочацца паводзіць сябе па-афрыканску, але собіла (хай і часткова) залежаць ад еўрапейцаў, у якіх іншае ўспрыманне таго, што такое добра і што такое кепска.

Мы бачым, што ступень зашкварнасці працы з Мінскам ужо такая, што як мінімум для балтыйскіх уладаў становіцца нармальным і прагматычным наносіць самім сабе эканамічную шкоду, абы не запэцкацца ў вачах сваіх СМІ, выбаршчыкаў і палітычных апанентаў.

Чым далей у лес рэгіянальнай эскалацыі і рэпрэсій, тым у большай колькасці краін шалі будуць схіляцца менавіта ў гэты бок — выбару пакараць Мінск, хай нават коштам эканамічнай шкоды самім сабе. Таму што страты амаль для ўсіх пасільныя, а зашкварнасць — ужо не зусім.

Чытайце таксама: 

Шрайбман: Мы блізкія да вычарпання эфекту страху з боку чытачоў незалежных СМІ

Ці могуць улады паспрабаваць фізічна ліквідаваць лідараў апазіцыі ў эміграцыі? Адказвае Шрайбман

«Лукашэнка будзе думаць аб тым, што рабіць з новай канфігурацыяй улады, калі пабудуе яе». Highlights з інтэрв’ю Арцёма Шрайбмана

Каментары

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

У Беластоку выклікалі «на паядынак» і збілі да страты прытомнасці 16-гадовага беларуса5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →