Спорт

Расказваем пра беларускага весляра, які паехаў ваяваць за Украіну 

Ветэран беларускага веславання Павел Шурмей зрабіў заяву пра тое, што ён у якасці добраахвотніка едзе абараняць Украіну ад расійскага нападу. Успомнім, чым вядомы гэты спартовец.

Павел Шурмей з жонкай Аленай Бурак. Крыніца гэтага і наступных фота: старонка Паўла Шурмея Укантакце.

У сваім звароце Шурмей адзначыў: «Я на шляху ў брацкую Украіну, каб дапамагчы брацкаму ўкраінскаму народу ў барацьбе з гэтай фашысцкай расійскай агрэсіяй. Нас, беларусаў, якія будуць ваяваць на баку Украіны, вельмі шмат».

Удзельнік дзвюх Алімпіяд

Шурмею 46 гадоў. Падчас актыўнай кар’еры яго асноўнай дысцыплінай было парнае веславанне.

Павел выступаў за Беларусь на летніх Алімпійскіх гульнях у 2004 і 2008 гадах (адпаведна — афінская і пекінская алімпіяды), абодва разы — у чацвярным парным веславанні.

У 2004 годзе каманда Шурмея заняла чацвёртае месца ў сваім заездзе і кваліфікавалася ў паўфінал, дзе прыйшла да фінішу трэцяй. Гэта дазволіла спартоўцам прайсці ў фінал, у якім чацвёрка Шурмея заняла апошняе месца сярод шасці прадстаўленых каманд.

Што да Гульняў 2008 года, на іх чацвёрка Шурмея таксама прайшла ў паўфінал, але там заняла апошняе месца. Каманды з такім вынікам трапляюць не ў фінал А (дзе і праходзіць барацьба за медалі), а ў менш прэстыжны фінал Б, дзе беларусы занялі 5 месца, і ў выніковым заліку аказаліся 11-мі.

Рэкардсмен па веславанні ў памяшканнях

Двойчы — у 2004 і 2005 гадах — Павел Шурмей выйграваў турнір CRASH-B Sprints, то-бок чэмпіянат свету па веславанні ў памяшканнях. У 2013 і 2017 гадах Шурмей браў на гэтым турніры срэбра.

Патлумачым, што на турніры спартоўцы спрабуюць свае сілы ў веславанні на спецыяльных трэнажорах Concept2.

Беларускі вясляр нават мае ў гэтым відзе спорту свае рэкорды. Ён уладальнік двух сусветных рэкордаў у звышцяжкай вагавай катэгорыі ва ўзросце 40-49 гадоў на дыстанцыі 1000 і 2000 метраў.

Жанаты на ўкраінцы, якая мае ордэн

Жонка Шурмея — вяслярка Алена Бурак з украінскага Мікалаева. У адрозненне ад мужа, яна мае за сваімі плячыма пакуль што толькі адну Алімпіяду. Алена прадстаўляла Украіну на летніх Алімпійскіх Гульнях — 2016 у акадэмічным веславанні, дысцыпліна «парная двойка». Украінскія спартсменкі занялі ў фінале чацвёртае месца.

Бурак мае ў сваім актыве і медаль буйнога міжнароднага турніра. На летняй Універсіядзе-2013 двойка, у складзе якой была ўкраінка, заваявала бронзу. А ў 2017 годзе Бурак, як чэмпіёнка Сусветных гульняў па веславання на эргаметрах (трэнажоры, — заўв. «НН») нават атрымала ордэн «За заслугі» ІІІ ступені.

Спартсменка, як і яе муж, цяпер засяродзіла ўвагу на веславанні ў памяшканнях. І ў яе атрымліваецца няблага: напрыклад, на пачатку лютага Алена стала чэмпіёнкай свету на дыстанцыі 500 метраў.

Любіць актыўныя віды адпачынку

Калі прагледзець старонку Паўла Шурмея ў сацыяльнай сетцы, бачна, што вясляр не супраць таго, каб пабавіць час актыўна. Вясляр яўна ведае, што з сябе прадстаўляюць паляванне, рыбная лоўля і плаванне з аквалангам.

Родам з Ліды, але шмат часу праводзіў ва Украіне

Шурмей — ледзьве не самы тытулаваны вясляр з Ліды. Тут ён пачынаў вучыцца веславанню ў мясцовай спартовай школе, ды і пазней неаднаразова вяртаўся ў родны горад.

Як прызнаваўся сам спартовец, яго жыццё шмат у чым было звязанае з падарожжамі. Часам атрымлівалася трэніравацца ў ЗША, замежныя спаборніцтвы таксама не дазвалялі шмат бываць дома.

Але, як казаў Шурмей, ён таксама праводзіў шмат часу ва Украіне, на радзіме жонкі. Мо адсюль і жаданне абараніць краіну, якая ўжо стала яму не чужой.

Чытайце яшчэ:

Як сусветны спорт падтрымлівае Украіну

Меліціна Станюта: Учора я атрымала дзве адмовы ў працы праз мой беларускі пашпарт. Але гэта ўжо не мае значэння

Каментары

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Усе навіны →
Усе навіны

Украінец Аляксандр Усік зноў перамог Тайсана Ф'юры і абараніў тытул чэмпіёна свету па боксе ў суперцяжкай вазе4

«Мы не маем кур'ераў у Беларусі». Ініцыятыва Dissidentby пракаментавала фільм на АНТ

Пракурор назваў магчымы матыў атакі ў Магдэбургу4

Жыццёвыя драмы Аляксандра Саладухі: ад прафнепрыдатнага артыста да праўладнага мільянера33

Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй3

Сталі вядомыя тэхнічныя характарыстыкі звышсакрэтных дронаў, якія ЗША пастаўляюць Украіне5

Вучоныя выявілі сувязь мікрапластыку з шэрагам цяжкіх захворванняў1

У Іране будуць мяняць рыялы на туманы. Амаль за паўстагоддзя людзі так і не прывыклі да новай назвы5

У Расіі працягваецца марафон падпалаў і выбухаў у публічных месцах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Галоўнае
Усе навіны →