«Катастрофа». Эксперты пра скарачэнне насельніцтва Беларусі на 154 тысячы за два гады: «Гэта далёка не поўныя лічбы»
Паводле апошніх звестак Белстата, насельніцтва Беларусі за 2021 год скарацілася на рэкордныя 94 тысячы чалавек. І гэта пасля скарачэння на 60 тысяч за 2020-ы. «Наша Ніва» спытала ў экспертаў, што больш за ўсё ўплывае на гэты працэс і наколькі афіцыйныя лічбы адлюстроўваюць рэальнасць.
Мінск больш не двухмільённік
Старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў вылучае два асноўныя фактары, якія ўплываюць на скарачэнне насельніцтва.
«Па-першае, гэта пандэмія. Статыстыка ад Белстата паказвае нам на наступствы кавіду, якія раней не адлюстроўваліся ў афіцыйнай статыстыцы. Па-другое, мы маем справу з некалькімі хвалямі міграцыі, якія адбыліся пасля падзей 2020 года. Пры гэтым варта разумець, што значная частка тых, хто з'ехаў з краіны, ніяк не адбіліся ў статыстыцы Белстата», — адзначае эксперт.
У сітуацыі, якая склалася, ёсць і свае асаблівасці. Насельніцтва ў рамках усёй Беларусі скарачалася і раней, але ў той жа час, за кошт унутранай міграцыі ў сталіцы і іншых буйных гарадах яно павялічвалася.
За ўвесь пасляваенны перыяд насельніцтва Мінска пастаянна расло. Тэндэнцыя перапынілася толькі ў 2020 годзе. Тады мінчукоў паменшала на 10 тысяч чалавек. У 2021 годзе скарачэнне колькасці жыхароў сталіцы працягнулася, і Мінск недалічыўся яшчэ 13 тысяч чалавек, пасля чаго горад страціў статус двухмільённіка.
Падобную сітуацыю можна назіраць і ў іншых буйных гарадах, напрыклад, у Гродне і Брэсце, якія раней таксама стабільна раслі.
На думку Генадзя Коршунава, узровень уплыву гэтых двух фактараў істотна розніцца ў залежнасці ад рэгіёна.
«Кавід больш паўплываў на колькасць насельніцтва на перыферыі. У малых населеных пунктах пражывае больш людзей старэйшага веку. Там горшы ўзровень медыцыны, чым у буйных гарадах, таму там мы можам адзначаць менавіта фактар пандэміі. Пратэсты, а значыць і рэпрэсіі, у такога тыпу населеных пунктах калі і мелі месца, то ў невялікіх маштабах. Адпаведна, эміграцыйны фактар там аказваў меншы ўплыў.
У Мінску наадварот былі сур'ёзныя пратэсныя настроі, мноства людзей былі вымушаныя з'язджаць, асцерагаючыся рэпрэсій. Таму ў сталіцы найбольш важнымі фактарамі, на мой погляд, аказаліся палітычны і эканамічны.
Тое ж самае можна сказаць і пра Берасцейшчыну, дзе яшчэ да выбараў 2020 года былі пратэсты, звязаныя з будаўніцтвам акумулятарнага завода. Адпаведна, там і рэпрэсіі пачаліся раней, чым па ўсёй краіне. У Гродне пасля выбараў таксама быў моцны пратэсны рух і рэпрэсіі, якія адбыліся пасля», — адзначае суразмоўца.
Плюс — менавіта жыхарам заходніх абласцей заўсёды было прасцей з'ехаць з краіны.
«У гэтых рэгіёнах было шмат людзей з шэнгенскімі візамі, многія мелі карту паляка. У іх традыцыйна больш сувязяў з суседнімі дзяржавамі», — кажа спецыяліст.
Тое, што адбываецца, Коршунаў называе трагедыяй для краіны і грамадства.
«Цяпер з краіны з'язджаюць тыя, хто павінен быў развіваць яе, будаваць эканоміку, плаціць падаткі. Гэтыя наступствы ўжо заўважныя ў медыцынскай сферы. Так, у Беларусі і раней назіраўся недахоп медыкаў, асабліва калі казаць пра рэгіёны, але цяпер з медыкамі наогул бяда. І далей будзе толькі горш, мы ўсе будзем адчуваць гэта на сабе», — лічыць эксперт.
Перапісы выяўляюць сотні тысяч «згубленых» беларусаў
Палітолаг, эксперт па пытаннях міграцыі Андрэй Елісееў адзначае, што даныя Белстата датычна рэальнай колькасці насельніцтва Беларусі маюць нізкую рэпрэзентатыўнасць.
«У статыстыку Белстата добра трапляюць тыя, хто прыязджае ў Беларусь, а вось з улікам тых, хто выязджае, там усё вельмі дрэнна. Згодна з правіламі, беларускім грамадзянам, якія адбываюць на ПМЖ у іншыя краіны, неабходна ў мясцовым Дэпартаменце па міграцыі і грамадзянстве атрымаць пашпарт са спецыяльнай серыяй (РР), а пасля стаць на ўлік у беларускім консульстве за мяжой.
Вядома, большасць беларусаў, якія змяняюць пастаяннае месца пражывання, гэтага не робяць, а таму іх выезд не знаходзіць адлюстравання ў афіцыйнай статыстыцы. Па гэтай прычыне штогод адбываецца сур'ёзны недаўлік эмігрантаў.
У выніку бачым, як перапісы насельніцтва выяўлялі сотню, а то і некалькі сотняў тысяч «згубленых» беларусаў (за 10 гадоў). Па той жа прычыне ў афіцыйных дакументах аб міграцыі даўно пайшоў памылковы тэзіс, што Беларусь нібыта мела станоўчае сальда міграцыі», — адзначае эксперт.
Зыходзячы з гэтага, у рэчаіснасці насельніцтва Беларусі за 2021 год зменшылася на куды большую лічбу, чым падаў Белстат. Паводле слоў Елісеева, афіцыйная статыстыка адлюстроўвае не маштабы эміграцыі, а перавышэнне смяротнасці над нараджальнасцю і памяншэнне колькасці замежнікаў, якія прыязджаюць у Беларусь.
Каб прыблізна зразумець маштабы міграцыі з Беларусі, мы паглядзелі статыстычныя звесткі з Польшчы. Па словах Елісеева, сярод краін ЕС менавіта ў Польшчу з'язджае каля 90% беларусаў.
«За перыяд са жніўня 2020-га да канца 2021-га толькі на падставе гуманітарнай візы, у рамках праграмы «Poland. Business Harbour» і на падставе міжнароднай абароны ў Польшчу перабраліся 23 тысячы беларусаў. Яшчэ адзін важны момант — каля 150 тысяч беларусаў маюць карты паляка. Гэты дакумент дазваляе атрымліваць нацыянальныя візы і мець доступ да рынку працы. Аднак статыстыкі, якая фіксавала б, дзе больш часу праводзяць ўладальнікі карт паляка, няма.
Значная частка беларусаў з'язджае ў Польшчу па працоўных візах. Усплёск цікавасці да працы ў Польшчы назіраецца з 2016 года, калі пасля дэвальвацыі расійскага рубля і эканамічнага крызісу ў Беларусі пачалася маштабная пераарыентацыя беларусаў з расійскага працоўнага рынку на польскі. Калі ў 2015 годзе толькі каля 5,5 тысячы беларусаў зарэгістраваліся на працу ў Польшчы па спрошчанай схеме працаўладкавання, то ў 2016 годзе іх было ўжо больш за 23 тысячы, у 2017 — ужо 58 тысяч. І гэтыя лічбы працягваюць расці», — кажа эксперт.
Поўнай статыстыкі па працоўных візах і відах на жыхарства за 2021 год статыстычнае агенцтва ЕС пакуль не апублікавала. Таму, кажучы пра колькасць беларусаў, якія з'ехалі з краіны ў мінулым годзе, прыходзіцца кіравацца няпоўнымі данымі за 2021 год.
Аднак нават гэтыя лічбы ўражваюць. Так, напрыклад, толькі Літва за 9 месяцаў мінулага года выдала беларусам больш за 4 тысячы гуманітарных віз. А са жніўня 2020 года па люты 2021 года 7490 беларусаў атрымалі часовы від на жыхарства ў Літве. Каля 500 нашых грамадзян атрымалі ВНЖ у Латвіі.
Мы ўваходзім у дэмаграфічную яму
Эксперт BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі таксама адзначае, што даныя Белстата толькі ў малой ступені адлюстроўваюць карціну, звязаную з эміграцыяй. Паводле яго слоў, у гэтай статыстыцы хутчэй адлюстроўваюцца паказчыкі нараджальнасці і смяротнасці.
«Менавіта высокая смяротнасць і нізкая нараджальнасць з'яўляецца найважнейшым крытэрыем, які аказвае ўплыў на статыстыку, якая публікуецца Белстатам.
Цяпер у дзетародны ўзрост ўваходзіць невялікае пакаленне народжаных у 1990-х. Таму цяпер мы ўваходзім у дэмаграфічную яму, якая небяспечная тым, што прыкладна да 2050 года ў нас колькасць пенсіянераў на аднаго працуючага павялічыцца ў паўтара раза. А ў нас па-ранейшаму функцыянуе кансалідаваная пенсійная сістэма.
Калі не рабіць ніякай рэформы, то прыйдзецца альбо павялічыць у паўтара раза падатковую нагрузку, альбо зніжаць пенсію».
На думку эксперта, менавіта нізкая нараджальнасць (1.38 дзіцяці на жанчыну), з'яўляецца нашай асноўнай праблемай, якая ўплывае на дэмаграфічныя паказчыкі, а высокая эміграцыя яе толькі пагаршае.
Каментары