Ва Уруччы хочуць збудаваць праваслаўную царкву ў балгарска-візантыйскім стылі
Непадалёк ад скрыжавання вуліц Шугаева і Русіянава ва Уруччы мае паўстаць храм. Пройдзе грамадскае абмеркаванне — падрабязнасці апублікаваныя на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна.

Храмавы комплекс можа з'явіцца праз дарогу ад жылой забудовы. Найбліжэйшы дом — Шугаева, 23/2. Цяпер там пустка, сказана ў тлумачальнай запісцы да праекта, паведамляе Onliner.by.


Пабудуюць царкву (яна будзе прысвечаная святой пакутніцы Таццяне), капліцу з фантанам і званіцу. Гэтая зона будзе агароджаная. Пры царкве ўладкуюць спартыўную і дзіцячую пляцоўкі, месца для ціхага адпачынку — гэтую частку адкрыюць для ўсіх. Цікава, што да цокальнага паверха царквы будзе прымыкаць паркоўка, яе хочуць размясціць пад цэнтральнай плошчай комплексу.


Адзначаецца, што ўсе аб'екты будуць невысокімі. Вось асноўныя параметры: вышыня асноўнай часткі храма — 12 метраў, асноўнай часткі званіцы — 7,53 метра, вежы — 16 метраў.
Распрацоўшчык праекта — індывідуальны прадпрымальнік архітэктар В. Арабей.


Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 22 верасня па 6 кастрычніка ў электронным выглядзе. З матэрыяламі можна азнаёміцца на сайце адміністрацыі Першамайскага раёна ў раздзеле «грамадскія абмеркаванні» і ў вестыбюлі мясцовага выканкама. Заўвагі і прапановы прымаюць у пісьмовай форме да 6 кастрычніка.
У іншым месцы Уручча з'явіцца яшчэ адна царква. Гэта справа ўжо вырашаная, грамадскае абмеркаванне прайшло летам. Аб'ект з назвай «Храм Сабора Беларускіх святых» з'явіцца на ўзвышшы ля офіснага цэнтра «Порт» і побач з могілкамі «Уручча», у межах праспекта Незалежнасці, а таксама Ложынскай і Шафарнянскай вуліц.
Каментары
мда?
ну пасля храма (храмішча) усіх святых, з-за якога ледзь не перайменавалі вуліцу Каліноўскага во Всхесвятскую гэта так ужо - мелачы
давайце паглядзім, ці шмат беларускага ў гэтым Афанасіі Брэстскім...
і чаму храм яму не ў Брэсце, раз ён Брэсцкі, га, шэу?