Архіў

Агнявы стоўп Эўропы

На Этну — самы вялікі вулькан Эўропы — узьнімаўся Андрэй Катлярчук.

Падчас збораў у адпачынак на Сыцылію сябар параіў: «Абявязкова набудзь тур на Этну. Гэтае відовішча кожны чалавек абавязкова мусіць убачыць за сваё жыцьцё». Выконваючы параду, мы набылі тры квіткі, каб зрабіць выправу з найбліжэйшага гораду Таарміна на славуты вулькан. Кошт квітка вагаецца ад 55 эўра за тур з англамоўнаю да 70 эўра — з расейскамоўнаю экскурсіяй.

Этна — назва грэцкая і азначае «полымя». Грэкі калісьці складалі істотную частку насельніцтва Сыцыліі. Сама выспа была ў складзе Бізантыі, а места Таарміна з найвялікшым грэцкім тэатрам па-за межамі сучаснай Грэцыі было сталіцай Сыцыліі (сёньня сталіцай зьяўляецца Палерма).

Паводле мітаў, менавіта на Этне жыў бог полымя і кавальства Гефэст (ягоны рымскі адпаведнік — Вулькан). Тут бог Дыяніс пачаў разбудову першых вінаграднікаў і вытворчасьць найлепшага віна. Таму ня дзіўна, што сьвет ведае італьянскі вулькан пад грэцкаю назвай. Самі сыцылійцы называюць Этну «ля Мантанье» — гара. Захавалася таксама назва «Джэбеэль» (на працягу двух стагодзьдзяў выспай валодалі арабы).

Этна — самы вялікі вулькан Эўропы, абвешчаны нацыянальным паркам Італіі. Вышыня складае 3350 м, пэрымэтар — 200 км. Гара знаходзіцца на стыку дзьвюх кантынэнтальных плітаў — эўрапейскай і афрыканскай. Таму Этна — вулькан дзейны, яе актыўнасьць пачалася прыблізна 700 тысяч гадоў таму. Гара адносіцца да складанага тыпу вульканаў, бо мае тры дзейныя вялікія кратэры і процьму дробных «пабочных» кратэраў. Першыя выкіды Этны адбываліся пад вадою, утвараючы такім чынам Сыцылію. За вядомую нам гісторыю адбылося каля 135 вялікіх выбухаў. Гісторык Фукідыд пісаў, што ў V ст. выкіды магмы засыпалі горад Катанія, што за 20 км ад вулькану.

Толькі на працягу XX ст. вывяржэньні адбыліся ў 1908, 1910, 1911, 1917, 1923, 1928, 1942, 1947, 1950, 1957, 1971, 1974, 1979, 1983, 1992, 2001 і 2003 гадах. Падчас апошняга вывяржэньня магма, б’ючы з глыбіні 20 км, пульсавала на вышыні 70 м ад кратэру. Паток лавы тэмпэратурай 1.200 °C Цэльсія зьлізаў, як карова языком, 89 будынкаў. Але чалавечых ахвяраў, як заўсёды, не было — люд ведаў пра здарэньне загадзя. Адзіным спосабам уратаваць жытло зьяўляецца скіданьне бомбаў на шляху лавы, што дазваляе больш-менш пасьпяхова кіраваць яе струмянямі. У плянах італьянскага ўраду — стварэньне вялікіх фартэцый, што назаўжды абароняць сыцылійцаў ад наступных вывяржэньняў.

Чаму людзі жывуць ля вулькану?

Гэта разумееш падчас падарожжа, калі сьпякота пад +35°C падае на вышыні 2000 мэтраў да +20°C безь ніякага кандыцыянэру. Менавіта ля Этны жывуць самыя заможныя людзі Сыцыліі. З блёкаў лавы пабудаваны іх прыгожыя вілы і сялянскія дамы. Лава дае прыбытак, бо на ей вырошчваецца найлепшы вінаград ды лімоны і вырабляецца найсмачнейшае віно. З вышыні 2000 м да 2500 м вакол гары расьце прыгожы лес: бук, дуб, лістоўніца, арэшнік.

А 16-й наш аўтобус спыняецца ля вышыні 2500 мэтраў. Тут апошні прытулак чалавека. Шапікі з сувэнірамі (усё зроблена з лавы), тавэрна з мурзатым катом, рэшткі зьнішчанага вульканам гатэлю. Далей падарожжа на бязьлюдную вяршыню адбываецца на джыпах. Ужо празь дзесяць хвілін апынаемся нібы на Марсе. Фантастычны ляндшафт зь мёртвай лавы розных колераў і сухіх дрэваў толькі зрэдку парушаюць бараны. Вось дзе трэба было здымаць апошнюю сцэну блёкбастэру «Валадар пярсьцёнкаў»! Гід прапануе адкапаць каменьчыкаў з глыбіні 10 см. Яны настолькі гарачыя, што немагчыма трымаць іх у далонях. Кожны можа ўзяць кавалак на памяць — тут хопіць на ўсіх. Пачынаеш разумець, што гара жыве, што яна дыхае. Агнявое дыханьне ідзе з маленькіх норак, якія паўсюль. Але ўсё роўна робіцца ўсё халадней. Добра, што наш сябар папярэдзіў, каб мы ўзялі курткі і цёплы абутак. Але большасьць турыстаў пра гэта ня ведалі, таму ім прапанавалі вопратку і абутак у арэнду, па 3 эўра за штуку. Толькі самотны шатляндзец у кілце заўзята трымаўся ў футболцы, чым выклікаў павагу скандынаваў.

На вяршыню мы забраліся а палове на дзявятую пад захад сонца. Дарога была небясьпечнай, з прорвамі з усіх бакоў. Кабеты і мужчыны прыціхлі, жартавалі толькі дзеці — самая мужная частка чалавецтва. Нарэшце, мы на месцы. Тэмпэратура паветра панізілася да -3°C. Навокал ляжаў сьнег. Ад галоўнага кратэру нас аддзяляла 50 м. Вялізныя воблакі былі долу, зь дзіркі валіў дым. На вялікі жаль, падысьці да краю было забаронена. Не было і сыгнэту, каб кінуць яго на спачын ліха. Але момант быў такі велічны і незвычайны, што мы шчыра падзякавалі нашаму сябру за параду.

На зваротным шляху, галодныя і зьмерзлыя, мы заехалі ў самы высокі рэстаран Эўропы ў вёсцы на вышыні 2300 м. Елі, як звычайна, спагецці, але, калі каўтнулі белага мясьцовага віна коштам тры эўра за літар, раптам з жонкай пераглянуліся. Смак вясковага напою не саступаў элітным пляшкам коштам пад 30 эўра. Ля каміну былі вывешаны здымкі сям’і, што валодала рэстаранам, жыла і працавала тут. Аказалася, што гэтая сялянская сям’я дала трох чэмпіёнаў Італіі па лыжных гонках. На начным двары, засыпаным шышкамі, было +15°C. Недзе брахаў сабака. Пахла Беларусьсю.

Этна—Стакгольм

Каментары

Цяпер чытаюць

Мацкевіч: Ціханоўскую зняць, замяніць, пераабраць нельга. Не мучайцеся. Нельга — і ўсё28

Мацкевіч: Ціханоўскую зняць, замяніць, пераабраць нельга. Не мучайцеся. Нельга — і ўсё

Усе навіны →
Усе навіны

Прэзідэнт Балгарыі заявіў пра сваю адстаўку3

Джон Коўл: У канчатковым выніку мэта весці бізнэс з Беларуссю, вярнуць яе ў міжнародную супольнасць33

Тэмпературу вады ў трубах зменшаць пасля заўвагі Лукашэнкі18

Стаў вядомы змест ліста лідараў Нарвегіі і Фінляндыі, які выклікаў рэзкую рэакцыю Трампа10

Амаль 800 тысяч беларусаў жывуць за межамі краіны25

З 1 лютага працоўныя пенсіі павялічацца на 10%3

Журналісту Алегу Супрунюку ў калоніі не даюць карыстацца слыхавым апаратам1

У Еўропе абмяркоўваюць стварэнне як альтэрнатывы НАТА новага абарончага саюза з удзелам Украіны9

У Італіі беларус разграміў хірургічнае аддзяленне бальніцы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мацкевіч: Ціханоўскую зняць, замяніць, пераабраць нельга. Не мучайцеся. Нельга — і ўсё28

Мацкевіч: Ціханоўскую зняць, замяніць, пераабраць нельга. Не мучайцеся. Нельга — і ўсё

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць