Здарэнні1111

КДБ «асядлаў» галоўнага канявода краіны

КДБ знайшоў першыя факты карупцыі ў спартыўных функцыянераў, якіх асабіста патрабаваў праверыць Лукашэнка.

Першым па этапе, відавочна, пойдзе кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі.

Афіцыйнай інфармацыі па карупцыйным скандалу ў Ратамцы пакуль няма. Але вядома, што Следчы камітэт ужо распачаў па матэрыялах КДБ першую крымінальную справу, прычым адразу ў дачыненні да генеральнага дырэктара ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі» Віктара Міхадзюка. Таго самага Міхадзюка, якога ў кастрычніку 2012 загадаў старанна праверыць Лукашэнка.

Віктар Міхадзюк — чалавек не публічны і не любіць асабліва свяціцца. У свой час ён займаў пасаду намесніка старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам», адкуль сышоў па ўласным жаданні. Потым Міхадзюк заняў крэсла генеральнага дырэктара РЦАП коннага спорту і конегадоўлі.

Ён стаў шырока вядомы ў кастрычніку 2012 года, калі на сходзе НАК Лукашэнка здымаў галовы спартыўных чыноўнікаў за правал на Алімпіядзе ў Лондане.
Пасля гэтага алімпійскага сходу многія паляцелі са сваіх скураных крэслаў, а вось Віктар Міхадзюк трапіў у самае пекла прэзідэнцкага гневу.

Як паведаміў у кастрычніку «Прэсбол», прыкладна праз гадзіну пасля пачатку сходу далі слова галоўнаму коннікі краіны, і Лукашэнка не стрываў і прадставіў яго асабіста:

«Цяпер вам раскажа Міхадзюк, як трэба базу алімпійскай падрыхтоўкі ствараць і адначасова палацы будаваць. Давайце, калі ласка. А то міністр прамаўчаў, памочнік таксама. Можа, вы раскажаце, як пілаваць, вазіць, будаваць, як коней за бясцэнак прадавалі, нагадаеце ці то Заічкаву, ці то яшчэ камусьці. Расказвайце. Гучна, выразна».

Віктар Міхадзюк спрабаваў апраўдацца словамі «мы за час працы нікому ніводнага каня не прадалі і не прадаем», але лепш бы прамаўчаў. Калі Міхадзюк дайшоў у сваім дакладзе да словаў, што «трэба падтрымаць конегадоўлю», прэзідэнт зноў не стрываў:

«Дык у вас жа сябрук з Міністэрства сельскай гаспадаркі, якому вы асабняк будуеце за акном. І ў вас кіраўнік федэрацыі — Міхаіл Іванавіч (Русы. — рэд.)».

І тут алею ў агонь падліў сам віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, які нечакана падняўся і загаварыў пра перспектывы падсправаздачнага яму віду спорту, пра планы на тры алімпійскія ліцэнзіі, а ў канцы пацвердзіў: «Так, былі выпадкі перапродажу коней».

«Ён жа сказаў, што не было!» — раззлаваўся прэзідэнт.

Русы паспрабаваў апраўдацца словамі «не ў яго», але не атрымалася.

«А мне кажуць, што ў яго. Пераправерылі. Пакараем інфарматараў, калі яны прэзідэнта дэзінфармуюць, — настойваў на сваім Лукашэнка і тут жа спытаў у Русага: — Гэта вы яму давалі каманду асабнякі будаваць для службовых асобаў?»

Віцэ-прэм’ер паглядзеў прэзідэнту ў вочы і на адным духу выпаліў: «Я такіх каманд не даю і не магу даваць». Адчуўшы падтрымку, Міхадзюк таксама паспрабаваў замацаваць свае пазіцыі: «Дом пабудаваны для спартоўцаў — па вашым даручэнні. Яны звяртаюцца, плацяць грошы».

«А калі знойдзем, што не так?» — спытаў прэзідэнт.

Дырэктар РЦАП трымаўся цвёрда: «Адказваю!»

Лукашэнка тут жа даў каманду старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю ўсё праверыць: «Падключыцеся! Знойдзеце хоць адзін цвік, а там не толькі цвікі — адразу ў следчы ізалятар!

Міхадзюк не здаваўся: «У нас людзі звярталіся…»

«Вось і пакажаце, якія людзі і дзе. Калі мяне дэзінфармавалі, я перад вамі публічна папрашу прабачэння.

Але калі нешта пацвердзіцца, вы адразу наручнікі купляйце, каб вам не чаплялі іх, бярыце і ідзіце туды, куды я сказаў. Я вам гэтага не дарую.
Мы не такія багатыя, каб абслугоўваць тут асобных кітоў, якія яшчэ і лайдачаць. І майце на ўвазе: прэзідэнта небяспечна падманваць», — прыгразіў Лукашэнка.

Кастрычніцкі гнеў прэзідэнта з нагоды справаў у РЦАП коннага спорту і конегадоўлі паўстаў не выпадкова. Спартыўныя чыноўнікі загадзя рыхтаваліся да наганяю ад Лукашэнкі і нават падшуквалі сабе пераемнікаў на выпадак страты цёплага месца.

«Вы яшчэ інтрыгі плецяце. Качан кажа: „Мяне здымуць, дык давайце Міхадзюка паставім“. Таму што гэта свой будзе чалавек. Камбінацыя нармальная — можна далей будаваць асабнякі. Глядзіце, каб у турму не загрымелі з такіх пасад!» — абураўся Лукашэнка.

Правяралі Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі некалькі месяцаў. Прычым галоўную скрыпку ў гэтай справе чамусьці граў не Камітэт дзяржкантролю, як загадаў кіраўнік дзяржавы, а КДБ.

І ўрэшце кампрамат на Міхадзюка знайшлі.

Віктару Міхадзюку інкрымінуецца здзяйсненне злачынства па ч.2 арт.424 КК Беларусі (злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі). Справу ў сваю вытворчасць, улічваючы яе важнасць і асабістую зацікаўленасць прэзідэнта, узяў цэнтральны апарат Следчага камітэта.

Паводле папярэдніх дадзеных, падазраваны з верасня 2011 па кастрычнік 2012 года, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, прынёс шкоду установе «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі» ў памеры больш за 39 млн рублёў.

Сума зусім не тая, каб выклікаць абурэнне кіраўніка дзяржавы, таму можна выказаць здагадку, што гэта толькі пачатак.
І калі КДБ пойдзе далей, то ў распрацоўку можа трапіць не толькі Міхадзюк, але і яго абаронцы і лабісты.

Дарэчы, цяпер абавязкі генеральнага дырэктара ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі» выконвае Сяргей Новікаў. Пра лёс самога Міхадзюка пакуль нічога не вядома.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла24

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла галоўны доктар 3‑й стаматалогіі Мінска2

Ціханоўская: Кантакты з рэжымам могуць быць карыснымі, але санкцыі ЕС трэба захаваць10

«Мы чакалі цябе». Як венесуэльцы сустракалі Марыю Мачада ВІДЭА3

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў71

Маленькага сына забітай у Ізраілі беларускі хоча забраць сям’я Алі, падазраванага ў забойстве. Дзед ідзе ў шарыяцкі суд14

Севярынец расказаў, як на з’ездзе БХД лавілі агентаў33

Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў «Паспалітага рушэння»5

На аўкцыёнах прадалі дзве канфіскаваныя кватэры Аляксандра Азарава5

Апошні бой Нетаньяху? Ізраіль рыхтуецца да парламенцкіх выбараў — першых пасля 7 кастрычніка і вайны1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла24

Трагедыя з 30‑гадовай доктаркай са Старобіна — пайшла выдаляць зуб мудрасці і памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць