Грамадства33

Былы палітзняволены Павел Спірын месяц жыў у лесе ў Літве. Навошта?

Побач з намётам хадзілі ласі і казулі. Ён назіраў за драпежнымі птушкамі, заўважаў сляды жывёлінаў, слухаў начныя гукі лесу.

Павел Спірын. Фота з архіву героя публікацыі

Блогер і былы палітычны вязень Павел Спірын ад 20 верасня начаваў у намёце ў Віленскім раёне Літвы. Быў без тэлефона і сувязі, сядзеў на дыеце. Ён расказаў «Белсату», навошта гэта зрабіў.

Павел Спірын выйшаў на волю 4 лістапада 2025 года, цалкам адбыўшы тэрмін. Блогера затрымалі ў верасні 2020‑га і асудзілі на 4,5 гады калоніі за «распальванне варожасці». Перад заканчэннем тэрміну яму прысудзілі яшчэ год зняволення за «злоснае непадпарадкаванне» патрабаванням адміністрацыі калоніі.

Блогер толькі ў жніўні атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве, які дазваляе афіцыйна працаваць, а цяпер падаўся на ўцякацтва. Жыве Спірын у арэндным доме недалёка ад Вільні, які дзеліць з гаспадаром. Ён працягвае працу ў інфармацыйнай сферы, таксама падпрацоўвае ў рамонце аўтамабіляў і на будоўлі. І кажа, што яму хапае даходу на базавыя рэчы.

Тым не менш, у Літве Спірыну захацелася цішыні і магчымасці самому вырашаць, як праводзіць кожны дзень:

«Пасля пяці гадоў, праведзеных у турме, я зразумеў, што чалавек можа стаміцца ад пастаяннай прысутнасці іншых людзей. Увесь гэты час я быў у замкнёнай прасторы сярод вялікай колькасці арыштантаў, падпарадкоўваўся ўсталяванаму распарадку і не мог распараджацца ўласным жыццём».

«Перазагрузка з абнаўленнямі завершаная»

Беларус распытаў гаспадара дому, у якім жыве, пра месцы для ціхага адпачынку з крынічнай вадой — далей ад буйных населеных пунктаў, але не ў поўнай глушы. Узяў намёт і спальнік ды выправіўся ў лес без тэлефона і камп’ютара, каб «адпачыць ад людзей, аднавіць сілы і паступова прывыкнуць да вольнага жыцця».

У лесе блогер сам выбіраў, калі прачынацца, гуляць, гатаваць ежу або проста сядзець і думаць.

«Прачнуўся раніцай, выйшаў з намёту, паглядзеў на дрэвы або проста пастаяў у цішыні. Мне не трэба было падтрымліваць размову, падладжвацца пад іншых людзей або пастаянна сачыць за тым, што адбываецца навокал», — кажа ён.

Побач з намётам, паводле Спірына, хадзілі ласі і казулі. Ён назіраў за драпежнымі птушкамі, заўважаў сляды жывёлінаў, слухаў начныя гукі лесу.

«Свабода палягае не толькі ў магчымасці быць там, дзе хочацца, але і ў праве самастойна прымаць рашэнні», — кажа ён.

Спірын падкрэсліў, што не збіраўся выпрабоўваць сябе холадам і меў усё неабходнае для начлегу:

«А навошта мне пазбаўляць сябе здароўя, якое я ледзь захаваў у зоне?»

Інфармацыю пра тое, што ў лесе ён галадаў, блогер патлумачыў строгім абмежаваннем харчавання. Паводле яго, ён еў невялікую колькасць лёгкай ежы — «па жменьцы», напрыклад арэхаў, а пасля паступова вяртаўся да звычайнага рэжыму.

«Чаму расчараваўся? Вядома ж, не»

Спірын таксама адхіліў меркаванне, што вырашыў адасобіцца праз расчараванне ў беларускім дэмакратычным руху.

«Чаму расчараваўся? Вядома ж, не. Цяпер такі перыяд, калі актыўнасць зніжаная. Таму многія людзі, асабліва тыя, хто любіць рух, каб усё было хутка, засмучаюцца, што ўсё ідзе занадта павольна. Хочацца хутчэй, а не атрымліваецца», — сказаў ён.

Паводле блогера, яго запрашаюць у розныя праекты, ён працягвае камунікаваць з іншымі беларусамі і працаваць у інфармацыйнай сферы.

«Пабыўшы месяц у лесе, вярнуўся ў дом, дзе жыў раней. Перазагрузка з абнаўленнямі завершаная, я зноў працягваю працу на карысць Беларусі», — падсумаваў Спірын.

Блогер кажа, што і раней практыкаваў такія выхады ў лес: увесну таксама жыў на прыродзе, але менш за месяц. Плануе паўтарыць гэты досвед і наступнаю вясною.

Каментары3

  • Отец Засандалий
    26.10.2026
    Осталось заняться уринотерапией.
  • Ад турмы не заракайся
    26.10.2026
    Отец Засандалий , пасядзіш некалькі гадоў у лукашыскай турме, і сам звар'яцееш.
    А прысесці можа кожны.
  • бывае
    27.10.2026
    Отец Засандалий , калі пераблытаў нататнік у тэлефоне і вэб-старонку з секцыяй каментароў і падзяліўся планамі...
    з.ы. Паўлюку - найхутчэй знайсці раўнавагу ў жыцці.

Цяпер чытаюць

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца3

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца

Усе навіны →
Усе навіны

Ціханоўскі заявіў, што цяпер у кожным стрыме будзе ўключаць відэа з Мелказёравым па некалькі разоў45

Прыхільны Трампу прэзідэнт Парагвая пайшоў у адстаўку пасля краху аднаго з мясцовых банкаў1

Дэлегацыя Магілёўскай вобласці брала ўдзел у адкрыцці помніка «героям СВА» на Смаленшчыне10

У крымскім СІЗА загінула выкладчыца харкаўскай моўнай школы, якая прыехала да бацькоў4

Прарасійскага актывіста з Латвіі, які ваяваў з бел-чырвона-белым сцягам, у Расіі прымусілі падпісаць вайсковы кантракт і адправілі на вайну6

Акцёра Расэла Брэнда прызналі вінаватым у сэксуальных злачынствах3

«Джэй Дзі, каханенькі!» Тролінг Эль-Саеда на адрас Вэнса завірусіўся ў сацсетках26

Каля мяжы з Беларуссю Расія пабудуе яшчэ адну АЭС4

Еўрасаюз не прывабіла прапанова Трампа аднавіць закупкі газу ў Расіі праз ЗША1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца3

А што будзе, калі вярнуцца ў Беларусь? Кажуць жа, што рэпрэсіі заканчваюцца

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць