У Беларусі плануюць забараніць курэнне ва ўсіх грамадскіх месцах
Праект антытытунёвага закона, які прадугледжвае забарону курэння практычна ва ўсіх грамадскіх месцах, плануецца вынесці на шырокае абмеркаванне.
Як паведаміла загадчыца аддзела грамадскага здароўя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вольга Бартман 16 мая на
Паводле яе слоў, у канцы красавіка адбылося пасяджэнне міжведамаснага савета пры Саўміне па папярэджанні і прафілактыцы п’янства, алкагалізму, наркаманіі і спажывання тытуню. Савет прызнаў мэтазгодным уключэнне ў план падрыхтоўкі на 2014 год праекта закона «Аб абароне здароўя насельніцтва ад наступстваў спажывання тытуню і ўздзеяння навакольнага тытунёвага дыму».
Было дадзена даручэнне стварыць міжведамасную рабочую групу па распрацоўцы гэтага законапраекта і апублікаваць яго на сайце Міністэрства аховы здароўя.
Цяперашні варыянт законапраекта, зазначыла Бартман, прадугледжвае поўную забарону курэння практычна ва ўсіх закрытых памяшканнях — установах адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя, грамадскага харчавання, на вакзалах, у грамадскім транспарце, на працоўных месцах.«Хаця забарона на працоўных месцах, магчыма, яшчэ будзе абмяркоўвацца», — дадала спецыяліст.
Паводле звестак на канец 2012 года, у Беларусі курылі 30,5% насельніцтва. Сярод мужчын доля курцоў складае 46,8%, сярод жанчын — 16,2%.Пастаянна кураць 20,5% насельніцтва, ад выпадку да выпадку — 10%. Палова насельніцтва схільныя да пасіўнага курэння.
Пры гэтым Бартман зазначыла, што спажыванне тытуню ў Беларусі зніжаецца. Для параўнання: у 2001 годзе доля курцоў складала 41,6%. Згодна з апошнімі звесткамі, 55,6% курцоў хацелі б пазбавіцца ад гэтай залежнасці. Асноўнай прычынай жадання кінуць курыць з’яўляецца ўсведамленне і разуменне таго, што курэнне шкодзіць здароўю (67,7%). 7,2% апытаных прызналіся, што ім удалося адмовіцца ад курэння.
Каментары