Грамадства88

Дамініка Левандоўская: біяграфія, ад нараджэння да смерці

Сьмерць 23-гадовай Дамінікі (Эльміры) Левандоўскай узрушыла нашых чытачоў. Дзяўчына дапамагала тым, каго незаконна садзілі на суткі пасьля Плошчы-2010 і маўклівых акцый. А сама, аказваецца, з дзяцінства пакутавала ад анкалогіі і памерла ад раку зусім маладой.

Больш пра Дамініку Левандоўскую чытайце ў новым выпуску папяровага тыднёвіка «Наша Ніва».

А тут, ніжэй, яе сябры Клёк, Тацяна Быкоўская, Дзьмітры Заплешнікаў разам з маці Дамінікі Надзеяй Васільеўнай і яе сястрой Тацянай пішуць ёй вянок памяці.

Дзіця зь імем Левандоўская Эльміра Вячаславаўна нарадзілася 22 жніўня 1989 г. а 1:18 ночы ў Гарадзенскай вобласьці, г. Ліда: прыгожая дзеўчынка зь ямінкамі на шчочках (кажуць, «анёл пацалаваў»).

Не па гадох разумнае, дзіця расло ў сям’і з маці і старэйшаю сястрой, у дзіцячы садок не хадзіла. У 1992 г. пераехалі ў г. Узду, дзе пачалася школа.

Дзіця было рухавым, самастойным даверлівым, добрым, гарэзлівым, вельмі ўпартым у дасягненьні мэты. І калі, картавячы, задзіралася з настаўніцаю ў школе, настойвала на сваім — нават тады гэта заставалася вясёлаю гульнёю, а ня злымі дарослымі разборкамі. У чатыры гады ведала літары, умела лічыць, складаць, адымаць, чытаць вершы, пісаць многія літары.

Ва Ўзьдзе — гаспадарка: сьвіньні, трусы, сабакі, каты. Аднойчы зь яйка вылупілася зусім дохленькае качаня, і дзіця, якое вельмі любіла жывёлак, узялося яго гадаваць: забрала ложак, коўдру, падушачку ад лялькі — вельмі стараліся выхадзіць качаня. Не атрымалася.

Старэйшая сястрычка шыла для дзіцяці нагавічкі — крывавата, але малодшае насіла — магчыма, каб парадаваць.

«Можа, гэты чалавек парадуецца!» — адзін з галоўных стымулаў для дзіцяці.

Вельмі моцна дзіця любіла сваю бабулю Надзею Васільеўну, якая распавядала яму казкі, чытала. Яны хадзілі разам у лес, на рэчку. Усё жыцьцё дзіця любіла родны край, прыроду, жывёл.

Першы клас — 1996 г. (СШ № 2, г. Узда). Пашанцавала і зь першай настаўніцай (Ганна Канстанцінаўна). Яна заўважыла ў гэтым далікатным і трохі сарамлівым дзіцяці Чалавека, які ня здольны да здрады. Настаўніца і дагэтуль называе сваю навучэнку «Анёл наш зямны»... Навучалася дзіця добра, вырасла і стала вельмі нецярплівым ў дачыненьні да несумленных людзей: заўсёды ўсё скажа ў вочы, а не за сьпінай, і ня толькі аднаклясьнікам, але і настаўнікам. Спрачалася, калі бачыла несправядлівасьць (гэтага ў школе, вядома, ня любяць).

Ці то падчас прызямленьня яго зачапіла аскепкам, ці то ад таго, што ў нашым сьвеце занадта шмат зла і ўсялякае шкоднае дрэні ў паветры,

але неўзабаве — у 2002 годзе — у яго выявілі карбункул (рак) печані. Абсьледаваньні, лекаваньне... але дзіця нікому ня скардзіцца, стараецца як мага болей зрабіць для родных, сяброў, для дзяцей, якім трэба дапамога.

Не па-тутэйшаму моцнае, дзіця працягвала жыць — і жыць так, быццам у кожную наступную сэкунду можа здарыцца выбух — і сьвету ня стане. Жыць так, што ўбачыш яго і скажаш: «Я ня ведаў жыцьця!»

Хадзіць па парэнчах маста з заплюшчанымі вачыма (спачатку са страхоўкаю, бо разумнае ж!);
самастойна з адным заплечнікам аўтаспынам паехаць на мора, жыць там два тыдні, а ў адказ на перасьцярогі наконт небясьпек у дарозе фыркаць і расказваць, якія цудоўныя людзі вакол: падвязуць ды яшчэ і пачастуюць!

Дзіця — вэгетарыянец, — і гэта ня той выпадак, калі проста «жывёлак шкада»: ён можа абгрунтаваць вам кожны пункт свайго харчаваньня, расказаць на хіміка-біялягічным узроўні, што з чым есьці можна, што — ня варта, а што ўвогуле шкодна ўжываць.

Дзіця, ад якога немагчыма адвесьці позірк: падсьвядома ня можаш паверыць, што такое бывае ў гэтым сьвеце, і вочы яшчэ і яшчэ раз зыркаюць на гэты цуд.

Калі дзіця лаецца або сварыцца, гэта выглядае так, быццам чхае анёлак.

Калі праходзіцца кемлівым розумам і вострым языком па вашых забабонах — у некаторых нестае іншых довадаў, апроч фізычных (аднойчы нейкі «фа» так ледзь не забіў дзіця: хацеў трапіць у твар, а ў выніку трапіў у жывот — якраз у печань).

Дзіця, якое любіць увесь сьвет, і таму — у першую чаргу альтруіст. Жаданьне рабіць нешта дзеля іншых і разам зь іншымі, дзеля ўсяго сьвету, уменьне любіць — такія натуральныя, прыроджаныя, што сама прырода сарамліва апускае вочы.

Хіпі? Так, дзіця сонца і ветру, мора, аблокаў і вясёлкі, веснавы ветрык — маленькі магутны ветрык, які можа пракарміць ня толькі сябе, але й тых, хто побач.

І — ні кроплі інфантыльнасьці. Адказнае — звышадказнае! — дзіця, самастойнае і звышсамастойнае, але занадта любіць людзей, каб рабіць ім балюча.

Ня любіць, каб яго шкадавалі. Таму — мала хто ведаў, у якім стане арганізм дзіцяці. Бо актыўнае шкадаваньне прыносіць шкоду.

Дзіця хацела пайсьці на мэдыцынскі факультэт, але родныя пераканалі адмовіцца (вялікія нагрузкі на крохкі арганізм) — таму на хімічным факультэце БДУ ў 2007 г. зьявілася сваё маленькае звышактыўнае калючае сонца, якое пачало добрасумленна і старанна навучацца на эколяга — хаця ў Беларусі сапраўднаму, упартаму і апантанаму эколягу амаль няма месца.
Але гэта не перашкаджала дасьледаваць, вывучаць і выкрываць экалягічныя праблемы, а таксама адначасова ўдасканальваць сваё кухарскае майстэрства (у тым ліку з дапамогаю ведаў хіміі) і абараняць сваім невялічкім целам гэты сьвет ад рознага паскудзтва. І ў той самы час — дапамагае дзеткам з анкалягічнага цэнтру, дзецям-сіратам, дзецям, якім трэба дапамога ў лекаваньні.

Дзіця вельмі любіла жыцьцё — і ненавідзела несправядлівасьць, бардак у краіне і грамадзтве.

Палітыка — брудная справа? Гэта залежыць ад чысьціні вас саміх. Дзіця бачыла хваробы і там, дзе адны людзі маюць уладу над іншымі — і бараніла тых, на каго нападаюць, да каго ставяцца несправядліва. І не запэцкалася. Вы бачылі, як мужыкі адводзяць вочы, калі некага цягнуць у аўтазак? Дзіця да разьбітых у кроў каленак адбівала «сваіх» ад нацкаваных людзей з дручкамі.

Таму — і акцыі маўклівага пратэсту, і Плошча, і дняваньне ля Акрэсьціна, каб дапамагчы і перадаць «арыштантам» патрэбнае (а часта і проста вясёлае, забаўнае, каб не сумавалі), і Новы год пад вокнамі на Акрэсьціна з запаленымі агеньчыкамі.

«Дапамагаць іншым» — гэта не вырашэньне, гэта, прабачце за патас, спосаб жыць — жыць так, быццам ты ў гэтым сьвеце ненадоўга — выходзіш з дому, бачыш раскіданы мурашнік, дапамагаеш мурашам і ідзеш далей. І ня важна, што для мурашоў ты нараджаесься і паміраеш. У гэтым сьвеце-мурашніку дзейнічаць інакш дзіця ня ўмела. Проста таму, што разважае на іншым узроўні.

Размаўляць па-беларуску ў Беларусі — значыць не засьмечваць культурную прастору, паводзіць сябе экалягічна. Відавочнае вырашэньне для дзіцяці, якое пра гэта задумалася.

Спрабавалі дамагчыся перасадкі печані за мяжой, але ў нашай краіне просты сьмяротны гэтага зрабіць ня мог...
Гэтае дзіця нельга не любіць, яно — як Сонейка ў нашым сьвеце зла і несумленнасьці. Шмат хто карыстаўся дабрынёй, і гэта крыўдзіла дзіця, але яно ўсё пакідала ў сабе: ніколі і нікому ніякіх папрокаў.

У пэўны час нэрвовае навучаньне на хімфаку прымусіла ўзяць акадэмічны «адпачынак». Адпачынак? Ха!

Дзіця, якое страшэнна любіць гатаваць — іншым. Само яно часам харчуецца, як птушанятка: сядзіць побач з вамі і адкалупвае ў вас кавалачкі ежы — кажа, так нашмат смачней. І, безумоўна, мае рацыю.

Такога кухара — без папярэдняе прафэсійнае адукацыі, бяз «сувязяў» узялі спачатку ў адну рэстарацыю, уразіліся (а які б твар быў у вас, каб вы даведаліся, што вось гэтую шыкоўную мясную страву гатаваў вэгетарыянец, які ні кропелькі вашае мярцьвечыны не пакаштаваў?), заўважылі і адразу ж прапанавалі кухарыць у іншым месцы — дзе і вальней, і зручней. Але маленькі кухар настолькі любіць гатаваць, што працуе адразу ў двух месцах.

Вядома, дзіця стамлялася: «стомлены але шчасьлівы».

І аднойчы, стомленае, захварэла — у кастрычніку 2012 г.: кашаль, боль у лёгкіх, — доўга не хацела лекавацца.
Лекары пачынаюць думаць то на адно, то на другое (анкалягічны пацыент з кашлем: бактэрыі ці мэтастазы?), лекуюць адно, лекуюць другое, апэрацыя, перакідваюць зь лякарні ў лякарню, нарэшце — хіміятэрапія: адна, другая... сёмая. Дзіця кажа, што ня ўмеюць у Беларусі гэта рабіць (і такі сапраўды — ня ўмеюць), што ад хіміі толькі горш, але калі ў яго пытаюцца, што ж тады рабіць, адказвае: «Нічога ня трэба, я стаміўся». Павялічваецца доза абязбольваньня («плястыр», «Кетаралак»): боль моцны і няспынны.

Дзіцяці было вельмі цяжка, але яно змагалася, не здавалася, падтрымлівала іншых. Страшнае, што многія дзіця кінулі, пакінулі адно — і гэта для яго было невыносна, не было падтрымкі ў барацьбе за жыцьцё. Маці было вельмі балюча за яе і крыўдна, бо яна ведала, колькі дзіця дапамагала людзям — і маральна, і матэрыяльна.

Дзіця настолькі ня скардзілася, што завітаць да яго ў лякарню пабачыць — яшчэ тая задача: вельмі ж яно ня любіць, калі яго бачаць у бездапаможным або слабым стане. Таму сапраўдны стан ведалі зусім няшмат людзей.

Змагаліся доўга і пакутліва. Страшна было глядзець на гэтыя пакуты і боль.
Лекары казалі: «Які моцны ЧАЛАВЕК, як яна змагаецца, ня кожны дарослы гэта вытрымае». Дзіця казала, што ня трэба такога лекаваньня, але — лекавалі, і павольна забівалі.

23-га сьнежня дзіця піша: «Тата, забяры мяне да сябе». Абураецца: як можна паміраць, калі такая цьвёрдая зямля? Людзям жа будзе цяжка выкопваць магілу.

Вясна. Дзіця ў рэанімацыі, з кіслароднай трубачкай у носе.
Афіцыйная мэдыцына — абязбольвае, а па-за ёю шукаюцца і знаходзяцца травяныя зборы, якія ў першы ж тыдзень пачынаюць дапамагаць.

Пятніца, дзіця вясёлае, балбоча. Сьпіць. І ўночы. У рэанімацыі. Алькаголік — з тых, каго ў рэанімацыі гораду Ўзда вяртаюць да «жыцьця», — крычыць праз шкло так, што дзіця прачынаецца ў халодным поце, і ад гэтага часу — яшчэ суткі з паловаю — яму робіцца толькі горш, і ў нядзелю, 26 траўня, а 15:01, з намі застаецца толькі маленькае цела.

Цела дзіцяці, якому хацелася пяшчоты, любові, увагі, клопату.

Дзіця ў апошнія хвіліны казала, што пакінула запіску, але гэтую запіску дагэтуль ніхто нідзе ня можа знайсьці.

Каментары8

Цяпер чытаюць

Акрамя зняцця санкцый, ЗША перадалі Лукашэнку найноўшыя амерыканскія лекі для пахудання

Акрамя зняцця санкцый, ЗША перадалі Лукашэнку найноўшыя амерыканскія лекі для пахудання

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка зноў заявіў, што пасінелымі пальцамі за ўладу не трымаецца, але і заўтра не сыдзе20

Лукашэнка даў заданне новаму генпракурору выставіць рахунак адказным за генацыд38

Новым генпракурорам стаў гэбіст Дзмітрый Гара. Раней ён узначальваў Следчы камітэт16

Гэбіст Канстанцін Бычак узначаліў Следчы камітэт12

На фасадзе мінскага гандлёвага цэнтра запусцілі самы вялікі ў краіне экран2

Чацвёра загінулых ад перадазіровак — наркадылеру прысудзілі 24 гады, яго жонцы амаль столькі ж3

Расклад беларускіх набажэнстваў на Каляды ў Польшчы

Паштовую станцыю ХІХ стагоддзя прадаюць у Віцебскай вобласці

Загінулую жанчыну знайшлі пры разборы перакрыццяў дома ў Гомелі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Акрамя зняцця санкцый, ЗША перадалі Лукашэнку найноўшыя амерыканскія лекі для пахудання

Акрамя зняцця санкцый, ЗША перадалі Лукашэнку найноўшыя амерыканскія лекі для пахудання

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць