МВФ раіць беларускім уладам прытрымлівацца гнуткага абменнага курсу
Міжнародны валютны фонд раіць беларускім уладам прытрымлівацца гнуткага абменнага курсу. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Дэвід Хофман на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 кастрычніка.
«Уладам трэба забяспечыць большую гнуткасць абменнага курсу ва ўмовах жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі», — сказаў ён.
Адказваючы на пытанні БелаПАН, кіраўнік місіі МВФ растлумачыў, што гнуткасць абменнага курсу неабходная для падтрымання канкурэнтаздольнасці нацыянальнага экспарту на знешніх рынках:
«Калі абменны курс не з'яўляецца гнуткім, зарплаты і цэны растуць хутчэй, чым у іншых краінах (асноўных гандлёвых партнёрах), гэта прыводзіць да зніжэння канкурэнтаздольнасці беларускай прадукцыі».
Пры гэтым Хофман адзначыў, што неабходныя і іншыя меры ў сітуацыі, якая характарызуецца нарастаннем дэфіцыту рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу.
«Пагаршэнне плацежнага балансу Беларусі выклікана комплексам фактараў — знешніх і ўнутраных. Было запаволенне росту ў Расіі, ёсць пытанні з гандлем калійнымі ўгнаеннямі і нафтай», — сказаў Хофман.
Ён даў зразумець, што значны ўнёсак у пагаршэнне паказчыкаў плацежнага балансу ўнесла і стымуляванне ўнутранага попыту.
«Пагаршэнне плацежнага балансу выклікана таксама хутчэйшым ростам зарплат і павелічэннем мэтавага крэдытавання.
Таму, каб вырашыць праблему, што ўзнікла, неабходна прымяняць комплексны падыход, які павінен прадугледжваць жорсткае кіраванне ўнутраным попытам», — падкрэсліў Хофман.
Кіраўнік місіі фонду зазначыў, што адной з неабходных мер з'яўляецца абмежаванне даходаў насельніцтва.
«У прыватнасці мы лічым, што неабходна рэзка скараціць рост заработнай платы і мэтавага крэдытавання — двух галоўных фактараў узмацнення дысбалансаў.
Акрамя таго, неабходныя дадатковыя меры па карэкціроўцы пагаршэння сальда дзяржаўнага бюджэту», — рэзюмаваў прадстаўнік МВФ.
Каментары