Кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў лічыць няправільнымі і контрпрадуктыўнымі спробы супрацьпастаўляць еўразійскую інтэграцыю і «Усходняе партнёрства». Пра гэта ён заявіў журналістам па выніках праведзенага сёння ў Маскве сумеснага пасяджэння калегій знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі.
«Перакананыя ў тым, што ёсць усе падставы спалучаць працэс еўрапейскай і еўразійскай інтэграцыі, прычым рабіць гэта не на аснове прыняцця аднабаковых падыходаў Еўразвяза, а на аснове выпрацоўкі ўзаемапрымальных кірункаў супрацоўніцтва», — сказаў расійскі міністр.
Ён заявіў, што Масква заклікае Еўразвяз не выкарыстоўваць праект «Усходняга партнёрства» ў ідэалагізаваных мэтах. «Калі гавораць аб ініцыятыве «Усходняга партнёрства», практычна рэгулярна згадваецца Расея як перашкода для развіцця супрацоўніцтва паміж ЕС і краінамі СНД», — сказаў Сяргей Лаўроў.
На думку кіраўніка расійскага МЗС, Еўразвяз аказвае беспардонны ціск у рамках «Усходняга партнёрства» на краіны СНД. «Мы ні на каго не ціснем, мы толькі просім з улікам існуючых абавязацельстваў загадзя зразумець, якія будуць наступствы, каб потым ніхто ні на каго не крыўдзіўся», — сказаў Сяргей Лаўроў.
Міністр растлумачыў, што пазіцыя Масквы палягае ў тым, што права падпісваць або не падпісваць адпаведныя дакументы з Еўразвязам — суверэнны выбар любой з дзяржаў-удзельніц «Усходняга партнёрства».
«Паколькі ў Расіі з большасцю дзяржаў СНД існуюць дамоўленасці ў эканамічнай сферы, мы проста па-таварыску, па-сяброўску папярэджваем, што выбар на карысць змены, лібералізацыі эканамічных сувязяў з Еўразвязам пацягне наступствы для нашага ўзаемнага гандлю, таму што мы хочам абараніць свой рынак, сваю прамысловасць, сваю сельскую гаспадарку», — сказаў Сяргей Лаўроў
Каментары