Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі ўпраўлення наркакантролю ГУУС Мінгарвыканкама канфіскавана самая буйная для сталіцы партыя спайсу і выяўлена лабараторыя па яго вырабе.
Як паведамляе ГУУС, вечарам 28 лістапада ў гаражным масіве па вуліцы Пятра Глебкі аператыўнікамі сталічнага наркакантролю, спецыялістамі кіналагічнай службы пры сілавой падтрымцы байцоў САХР былі затрыманы двое братоў-мінчан 1989 і 1990 гадоў нараджэння. У іх гаражы была выяўлена буйная партыя гатовай курыльнай сумесі (больш за 3,9 кг), аснова для яе вырабу (больш за 70 кг), вялікая партыя хімічных прэкурсораў (больш за 2,5 кг), з дапамогай якіх вырабляўся спайс, а таксама лабараторыя па яго вытворчасці.
Вытворчы працэс, а таксама ўзважванне і фасоўка ажыццяўляліся непасрэдна ў гаражы.
Акрамя спецыяльнага абсталявання для вытворчасці і ўпакоўкі была выяўлена вадкасць з утрыманнем спірту для вырабу міксаў, сістэма паветраадводу, вялікая колькасць пакецікаў для фасоўкі.
Як паведамілі ва ўпраўленні наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі (УНіПГЛ) ГУУС, затрыманыя выраблялі спайс буйнымі партыямі і распаўсюджвалі гатовы прадукт больш дробным збытчыкам, якія прадавалі яго непасрэдна спажыўцам. Прычым, як падкрэсліваюць аператыўнікі, спажыўцамі гэтага прадукту выступалі «вельмі маладыя людзі, у тым ліку і навучэнцы сталічных навучальных устаноў».
Паказальна, што непасрэдна ў дзень затрымання малодшаму з братоў быў вынесены прысуд за ўчыненне аналагічнага дзеяння. Ён быў прыгавораны да пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, і адпушчаны з залы суда (да суда ўтрымліваўся пад вартай).
Ва УНіПГЛ ГУУС таксама падкрэслілі, што ў выніку праведзенай 28 лістапада аперацыі да спажыўцоў не дайшло больш як 350 тысяч доз спайсу, а з незаконнага наркаабароту канфіскавана зелля больш як на 10 млрд. рублёў.
Каментары