Прэзідэнцкая газета апублікавала сёння перадавіцу, прысвечаную хакейнаму клубу «Дынама» Мінск. Аўтар — вядомы журналіст Сяргей Канашыц
У сёлетнім сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі «Дынама», якое зрабіла стаўку на беларускіх гульцоў, выступае крайне няўдала. Пасля 43 гульняў клуб трывала асеў на апошнім месцы ў Заходняй канферэнцыі з 42 ачкамі. Адставанне ад пераапошняга месца складае восем ачкоў, а ад зоны плэй-оф — 24. Апошнім матч «Дынама» прайграла ў Ханты-Мансійску з лікам 0:6, гэта самая буйная параза беларускага клуба ў КХЛ.
« … У чарговым матчы выязнога турнэ хакеісты мінскага «Дынама» саступілі ў Ханты-Мансійску «Югры». Не проста прайгралі, а выставілі перад супернікамі абедзве шчакі і сказалі: «Бі!»
Так і хвасталі іх тры перыяды, — іранізуе газета. — Параза 0:6 — самая буйная ў гэтым сезоне. Бо да гэтага моманту здавалася, што былі для дынамаўцаў часы і горай. (…) Так, прайгравалі. Але ж біліся. Ваявалі. Абыякавых не было ні ў кіраўніцтве, ні на пляцоўцы, спрабавалі расці, выпраўляць сітуацыю.
А сёння пасля паразаў замест злога ашчэру на дынамаўскім твары атрымліваецца ўбачыць толькі хлопанне вейкамі і разгубленае маўчанне. Міла для фігурнага катання, а для хакея неяк не камільфо».
«З 43 праведзеных матчаў чэмпіянату КХЛ мінскае «Дынама» ў гэтым сезоне ў асноўны час здабыла толькі 11 перамог. Статыстыка жахлівая да звону ў вушах. Якая б'е абухом па галаве. Скажы хто-небудзь пра гэта дружным заўзятарам «Дынама» год таму — і такога празорцу проста пабілі б. Бо гэта ўяўлялася неймаверным! Але вось — ёсць.
Што ні робяць — усё недарэчы. Трэнераў на пераправе памянялі. Склад перакройваюць, мяняючы левы чаравік з правым, а правы — з левым. Дзіўна, але не дапамагае!
Не адгадалі з ніводным легіянерам, так і не запоўніўшы адведзеную квоту. Тасуюць гульцоў, то адпраўляючы іх у фарм- клуб, то вяртаючы назад, а сонца з-за хмар не праглядвае, вынік не паляпшаецца, а наадварот. Як у анекдоце. Раніца. Туман. Ручай на ўскрайку лесу. З поля да лесу падыходзіць паляўнічы. З лесу да ручая — лось з вялікага бадуна. Лось пачынае піць. Паляўнічы падыходзіць да яго на адлегласць два метры і пачынае цэліцца. Лось п'е. Паляўнічы страляе. Лось працягвае піць. Паляўнічы зноў страляе.
Лось працягвае піць і паныла мармыча: «Вось п'ю я, п'ю, а мне ўсё горш і горш…»
0:6 ад «Югры» — гэта, вядома, перабор. Можа, кагосьці пакараць ўжо час, аштрафаваць, павысіць голас, шпурнуць графінам у сцяну ці сказаць у распранальні моцнае слоўца?
А то складаецца ўражанне, што ўсё і ўсіх задавальняе, што каманда проста сканчвае сезон, без усялякіх канкрэтных мэтаў і імкненняў.
Або так і будзем шэптам казаць, што так, праблема ёсць, мы яе бачым. Але трэба ж не толькі бачыць, а вырашаць. Хоць бы паспрабаваць. Зрабіць хоць нешта, акрамя таго, што яшчэ раз адправіць брамніка Мільчакова ў Жлобін, а на наступны дзень вярнуць яго назад.
Ды ён больш у дарозе часу праводзіць, чым на трэніроўках, кажучы фігуральна.
Гэта ўжо з іншага анекдота сітуацыя. «Братка, дапамажы, машына не заводзіцца!» — «А ты па колах стукаў?» — «Так». — «А руль круціў? « — «Так, і фарамі міргаў». — «Тады прабач, не ведаю нават, як табе дапамагчы…»
Што такое «Югра»? «Югра» — гэта 11-я каманда Усходняй канферэнцыі, якая таксама не трапляе ў плэй-оф. І ў якой 12 перамог у асноўны час у гэтым сезоне. Хакеісты там не мацнейшыя, чым у «Дынама», умовы не лепшыя.
Дык адкуль гэтыя пакорлівыя 0:6? Гэта ж правал! Гэта ганьба. І ўсё роўна маўчок. Гэта маўчанне забівае больш за ўсё.
Ніхто ж нават не падумаў перад заўзятарамі папрасіць прабачэння, вось у чым справа. Як быццам нічога не адбылося, нібы так і трэба, накшталт звычайная і звыклая сітуацыя. Або сапраўды ўжо прывыклі? Тады іншае пытанне: навошта такая звычка хакеістам зборнай Беларусі перад хатнім чэмпіянатам свету? Бо быццам бы як перад пачаткам сезону казалі, што «Дынама» будзе базавым клубам нацыянальнай каманды. Што ж гэта база — без выніку і характару.
Гэтак Глену Хэнлану прыйдзецца выступаць не ў ролі трэнера зборнай, а ў вобразе рэаніматара — экстрана і ў кароткі час вяртаць хакеістаў да жыцця. Або не выклікаць іх у зборную, што ён ужо практыкуе, адмаўляючыся ад некаторых кандыдатаў. Але навошта тады наогул нам такое « Дынама»?
Пытанняў шмат, адказаў — не. Пытанні выйграюць у гэтым матчы у адказаў, як «Югра» ў «Дынама» — без варыянтаў, усухую. Вось яшчэ адно пытанне: ці раззлаваліся дынамаўцы на сябе пасля сакрушальнага канфузу ў Ханты-Мансійску?
Не развучыліся яшчэ злавацца наагул? Даведаемся сёння. Пачатак матчу супраць «Аўтамабіліста» ў Екацярынбургу ў 16.00.
Каментары