Літаратура33

Ганна Севярынец. Баба Маруся

Баба Маруся была тая яшчэ пісьменніца. Сюжэт, драматургію, вартага героя і трапную дэталь вылоўлівала з прасторы вокамгненна, пару хвілінаў разважала, смакавала, нанізвала дакументальную праўду на мастацкую выдумку, спрабавала нават на голас — і на табе, вось гатовая гісторыя ўжо трымціць пад сэрцам, просіцца на волю, а як вырвецца, квітнее? раскошнымі фарбамі на летнім санцапёку.

Яе гісторыі, расказаныя смачнай трасянкай, складаюць мой асабісты залаты фонд беларускай літаратуры, маю спадчыну.

Вiка i мiлiцыянер

Ты пытаешся, як там Вiка? Нармальна Вiка. Сыночка нарадзiла, у Рэчыцы жыве. Бацька iхны, праўда, кiнуў iх, Вiка адна малога росцiць. Спрабавала яна на работу ўстроiцца, хацела ў прасцiтуткi пайсцi. Ага… Пайшла яна туды на сабяседаванне, ну, туды, дзе там хто ў прасцiтуткi гэтыя набiрае, але ж не прынялi яе, сабяседаванне яна не прайшла. Рашыла яна тады закончыць жыццё самаўбiйствам. Пазванiла ў мiлiцыю i кажа: прыходзьце да мяне, пажалуйста, я тут жыццё самаўбiйствам буду заканчываць, дык за сынам маiм прысматрыця. Ну, мiлiцыянер ёй кажа: пачакайце, жэншчына, пакуль што самаўбiйствам жызнь не канчайце, я зараз прыйду. Прыйшоў, пагаварыў з Вiкаю, ну, яна i перадумала. Работае там дзесьцi ў Рэчыцы цяпер…

Пластмасавае сэрца

Ты ж ведаеш, Анька, Балабінчыкаў тых, з-пад Барца? У iх яшчэ стагi сена леташнiя стаяць, гнiюць. Гэты ж Балабінчык таксама iнвалiд. Наш дзедушка iнвалiд, i ён. Толькi наш дзед настаяшчы iнвалiд, а пра Балабінчыка я табе раскажу. Празналi яны, што iнвалiдам i сена бясплатна даюць, i льготы ўсякiя, i пенсiя ў iх большая. I сталi яны думаць, як бы i iм iнвалiдамi здзелацца. Ага, думаюць, трэба з дактарамі пасаветавацца. Павезлi у Рэчыцу да ўрачоў яечкi, мяса, кабана спецыяльна забiлi, падаркi ўсякiя. Думалi ўрачы, думалi, што з Балабінчыкам рабiць, i прыдумалi: уставiлi яны яму пластмасавае сэрца, зашылi ў грудзi i напiсалi, што iнвалiд. Ты чуў, ты бачыў, што прыдумалi? I цяпер iм i сена, i пенсiя, i забор калхоз пакрасiў. А наш дзедушка так i не папросiць нiчога нiколi, хоць i самы настаяшчы iнвалiд.

Дамова з Богам

Цi веру я ў Бога? Не знаю, унучачка. Калi ён есць, дак у мяне ж у кожным куточку iконы паразвешаны, у ручнiчках, усе як трэба… А калi яго няма, дык iконы ж тыя есцi не просяць…..

Правiльнае пахаванне

Э-э-э, Анька, пра Васiля ты пытаешся…. Памёр летась Васiль. Пайшоў кароў пасвiць ды i ўпаў там. Вечарам каровы iдуць, а пастуха няма. Маня, жонка ягоная, пабегла на поле, а ён ляжыць. Яна думала, ён п'яны, а ён мёртвы. Ну, паклiкала мужыкоў, прывезлi яго… Ага… Пахароны Маня харошыя здзелала, очэнь харошыя… I стол накрыла, людзей назвала, багата так усё… Ну, i прычытала яна над гробам тожа хораша, так: (прыпамiнае, дзелавiтым тонам) ах ты ж мой Васiлёчак…. на каго ж ты мяне пакiнуў…. як жа ж я цяпер без цябе… Карацей, хораша так прычытала, правiльна, маладзец.

Былі сярод яе гісторый і трагічныя.

Пра мамку

Калі вашага дзедушку на вайне параніла, ён ляжаў у госпіталі. Бацька іхны таксама на фронце быў. А мамка з шасцёрамі дзецьмі — ва Унорыцы бедавала. І вось памірае яна ад тыфу. І дзеці застаюцца адныя: Акуліна старэйшая, ёй пятнаццаць год, і малыя, самай малодшай, Марыйцы, тры. Есці няма чаго, надзець няма чаго, малыя плачуць. І тады Акуліна стала хадзіць з імі на мамкіну магілку. Утрам устануць, пакорме яна іх што там знойдзецца, возьмуцца за ручкі і ідуць чэраз усю дзярэўню на кладзьбішча. Там ля мамкі сядуць, Акуліна ім песенькі пяе, валосікі расчэсвае, нейкую траўку рвуць. Як вечар — апяць за ручкі бяруцца і дамой ідуць. І так кажны дзень. Хто глядзеў —ва ўсіх сэрца рвалося. Тады напісалі на фронт бацьку. І яго ў сорак чацвертым адпусцілі дамой, каб дзяцей ужо глядзеў.

***

Яна любіла сюжэты і ў жыцці. Зрабіць з чарговага пазачарговае, са звычайнага — авантурнае, са штодзённага — неверагоднае было для яе ўлюбёнай справай. Аднойчы, памятаю, баба Маруся таемным шэптам паклiкала мяне з хаты ў агарод. Зайшлi мы за хлеў, у высокую зелянiну. Тут баба раптам скiнула з сябе мурзатую хатнюю сукенку, вокамгненна нырнула ў святочнае ўбранне, сунула старое адзенне мне ў рукi i зашаптала:

— Праз тры гадзiны вынесеш мне гэтае сюды ў гарод. Хацiм з дзеўкамi троху пасядзець, суседа нашага прыгласiлi, стол накрылi… Я халоднае ўзяла, агурочкаў, рыбы той з халадзiльнiку, тут во, у батве схавала. Дзеду нiчога не гавары, я не хачу, штоб ён знаў. Калi запытае, скажаш, што травы пайшла свiнням рваць.

Дзед мой быў чалавек надзвычай міралюбівы, дарэчы.

***

Пасля пнеўманіі ляжала мая баба зусім слабая. За восемдзесят шэсць год яна не хварэла ніколі, гэта была першая і апошняя яе хвароба: калі летась па Беларусі прайшоўся Хаўер, закідаўшы агароды снегам і затрымаўшы пасяўную, баба Маруся, босая, у адным амаль што халаціку, пасадзіла пад лапату сотку ранняе бульбы.

Я сядзела побач з ложкам, пільна ўглядаючыся ў выпіску з гісторыі хваробы, і намагалася адшукаць хоць якую-небудзь надзею ў пераліку дыягназаў і лекаў. І раптам пабачыла дадзеныя пры паступленні ў бальніцу: рост — 149. А я і не заўважала, что баба мая — такая маленькая. Каб троху павесяліць даражэнькую хворую, якая ўжо і не ўставала, і не размаўляла амаль, кажу:

— Ой, бабуля, а што гэта вы ў нас, такая маленькая заўсёды былі? Ці стапталіся за жыццё?

Баба Маруся нават прыўзнялася. Подых сюжэта калыхнуў фіранкі на вокнах.

— Заўсёды была, унучачка. Заўсёды была маленькая. З-за гэтага я і за дзедушку вашага замуж пайшла. У мяне ж кавалераў многа было. Надта многа. А толькі ўсе яны гаварылі мне: харошая ты, Маруся, а толькі нам па росце не падыходзіш. А дзедушка ваш на адной назе з фронта прыйшоў, якраз яму маленькая дзевачка была патрэбна.

* * *

Тры бабіны сыны не адыходзілі ад яе ложка да самага канца. Гатавалі ёй прысмакі, якіх яна не магла есці, прычэсвалі сівыя валасы, пад рукі вадзілі паглядзець у акно на Дняпро…

Апошнія словы яна сказала сярэдняму:

— Дзяржы мяне за рукі, глядзі мне ў вочы.

Яна ўмела рабіць моцны фінал.

* * *

Ганна Севярынец нарадзілася ў Мінску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Выкладчык, журналіст. Аўтар праекта «Аксамітавая Беларусь» на беларускім жаночым партале Velvet.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі70

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

ЗША і краіны Еўропы падрыхтавалі прапановы плана падтрымкі Украіны пасля вайны1

Навукоўцы даказалі марнасць інтэрнэт-спрэчак: ніхто не мяняе думку, а вынікі не рэпрэзентуюць большую частку грамадства20

Навуковец папярэдзіў пра схаваныя рызыкі для здароўя ад бутыляванай вады1

Сэрвіс Kolobike пачаў распрадаваць свае ровары. Кампанію чакае рэарганізацыя ці ліквідацыя2

Дачка міністра Маркава абвінаваціла Павука ў планаванні серыі тэлефонных тэрарыстычных атак падчас УНС13

З'явілася першае ФОТА Паўла Севярынца пасля вызвалення18

Суд у Екацярынбургу палічыў, што расійскую армію дыскрэдытуе верш Маякоўскага стогадовай даўніны2

Футбаліста, які асуджаў гвалт у 2020‑м і напад на Украіну, прымусілі за гэта каяцца1

Пазняк пра Бабарыку і Калеснікаву: Ніякая турма не пераробіць такіх102

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі70

Пуцін: Еўрапейскія падсвінкі спадзяваліся пажывіцца на развале Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць