Грамадства1111

Хлопца з Берасцейшчыны забралі ў войска здаровым, а праз паўгода ён памёр ад раку

Перад сьмерцю прасіў маці, каб не адпраўляла малодшых братоў у войска.

19-гадовы Андрэй Андрыянаў зь вёскі Дзяглі Жабінкаўскага раёну праходзіў тэрміновую службу ў адной з вайсковых часьцей Берасьця. Раптоўна ён захварэў і 25 сьнежня 2014 году памёр. Маці падазрае, што сына ў войску білі. Вайскоўцы гэта адмаўляюць.

Алена Андрыянава сустрэла карэспандэнта Свабоды каля сваёй хаты ў чорнай хустцы. Яна пахавала сына некалькі месяцаў таму, але толькі цяпер вырашыла распавесьці пра сваю бяду журналістам. Ёй дагэтуль ня выдалі канчатковага лекарскага заключэньня аб сьмерці сына. З гэтай прычыны, кажа спадарыня, у яе і ўзьнікаюць падазрэньні, што ў справе сьмерці яе сына нешта ўтойваецца.

Маці ля магілы сына

Памерлы сын Андрэй да прызыву ў траўні 2014 году ў войска працаваў у мясцовым калгасе трактарыстам. Быў асноўным кармільцам сям’і, бо Алена гадуе дзяцей адна, бяз мужа. Пасьля сьмерці Андрэя ў 40-гадовай спадарыні засталося яшчэ трое дзяцей.

Прызвалі ў траўні, а ў верасьні — зьлёг у лякарню

«Быў здаровы да войска, ніякіх сур’ёзных хваробаў не было. Ужо ў верасьні з войска даведалася пра яго сур’ёзную хваробу. Ён мне сам патэлефанаваў і сказаў, што ляжыць у вайсковай мэдычнай частцы. Я паехала, ён мне казаў, што ў яго балеў левы бок. Казаў, што нейкія снарады вазілі, разгружалі, ды сьпіну надарваў. У вайсковай мэдычнай частцы ў яго прыступ быў, страціў прытомнасьць, тады яго накіравалі ў Берасьцейскую абласную лякарню. Яны мяне выклікалі праз пару дзён і сказалі, што ў яго пухліна галаўнога мозгу, пухліна пазваночніка, карацей, увогуле ўвесь левы бок», — распавяла Алена Андрыянава.

Алена Андрыянава з паведамленьнем пра сьмерць сына

Пытаюся, ці сказалі, ад чаго ў яго маглі зьявіцца гэтыя пухліны:

«Я пыталася, ніхто мне нічога не сказаў. Не разумею, як гэта, калі ў войска абсалютна здаровага хлопца адпусьціла. Як гэта магчыма? Прыяжджалі мы да яго на прысягу — здаровы хлопец! А тут раптам…» — адказвае Алена.

Дыягназ

Зь Берасьця вайскоўца накіравалі ў рэспубліканскі анкалягічны цэнтар у Бараўлянах, дзе 25 сьнежня Андрэй памёр. Маці дагэтуль ня мае канчатковага заключэньня аб прычынах сьмерці. Ёй даслалі толькі папярэдняе, ды яшчэ паведамленьне з ваенкамату пра тое, што «шараговец Андрыянаў Андрэй Віктаравіч, 1995 году нараджэньня, прызваны на вайсковую службу 16 траўня 2014 году […], праходзіўшы службу ў вайсковай часьці 11921, захварэў, дыягназ: астэасаркома 10 груднога пазванка з мэтастазаваньнем у лёгкія, плечавыя косткі, скроневую долю галаўнога мозгу зьлева, паталягічны пералом шыйкі левага пляча».

Астэасаркома — гэта нядобраякасная пухліна касьцявых тканак. Паводле інфармацыі ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдыцынскай радыялёгіі імя Аляксандрава», у Беларусі апошнія дзесяць гадоў штогод рэгіструецца 90–140 выпадкаў гэтай небясьпечнай хваробы. Астэасаркома характарызуецца агрэсіўнасьцю, хуткім мэтастазаваньнем. Найбольш выпадкаў гэтай хваробы рэгіструецца ў маладых людзей да 30 гадоў, часьцей — мужчын.

Алена паказвае рэнтгенаўскія здымкі памерлага сына

Лекары кажуць, што часта пухліны разьвіваюцца пасьля траўмы. Або траўма можа спрыяць, каб хвароба працякала хутчэй.

Камэнтуе лекар-траўматоляг, кіраўнік інфармацыйна-кансультацыйнай установы «Шэгамэдкансульт» Іван Шэга:

«Можа быць, што яго забіралі ўжо зь недыягнаставаным захворваньнем гэтым. То гэта пракол мэдычнай камісіі, якая яго аглядала. Астэасаркома даволі хутка разьвіваецца, але не за два месяцы, ды з такім мэтастазаваньнем. Звычайна — паўгода, крыху даўжэй. І хвароба пэўны час можа і бязь нейкіх сымптомаў працякаць. Чым жа яна і небясьпечная, анкалёгія — што на першай і другой ступені ніякіх скаргаў няма».

Спадар Шэга пацьвярджае, што траўмы могуць садзейнічаць паскарэньню ці правакаваньню астэасаркомы.

Надарваўся, носячы снарады, ці яго білі?

Алена Андрыянава кажа, што не выключае, што хвароба ў яе сына магла зьявіцца і пасьля зьбіцьця. Спадарыня спрабавала высьветліць гэта ў лекараў, але яны такой інфармацыі не пацьвярджалі.

Алена кажа, што шмат разоў прасіла ў сына, каб ён прызнаўся, ці білі яго. Сам малады чалавек катэгарычна гэта адмаўляў. Казаў толькі, што насіў снарады і надарваў, маўляў, сьпіну:

«Адзінае, што ён сказаў, ад чаго ў мяне і ёсьць нейкія сумненьні, гэта — каб я не пускала малодшых братоў у войска», — кажа Алена.

У вайсковай часьці 11921 Берасьця катэгарычна адмаўляюць, што Андрэя Андрыянава маглі біць, як увогуле адмаўляюць любыя праявы «дзедаўшчыны»:

«Гэта непраўдзівая інфармацыя, я не магу з вамі гаварыць, да пабачэньня», — толькі і сказаў афіцэр на тым баку тэлефоннага дроту.

У Жабінкаўскім ваенкамаце таксама адмовілі падобную вэрсію і распавялі, што Андрэй Андрыянаў захварэў у войску, бо на момант прызыву быў прызнаны здаровым:

«Адпавядаў крытэрам адбору і накіраваньня на вайсковую службу. Не было ніякіх падставаў меркаваць, што ён не адпавядае па катэгорыях прыдатнасьці. Як і 100 працэнтаў, што яго ня білі», — кажа вайсковы камісар Жабінкаўскага ваенкамату, падпалкоўнік Андрэй Ануфрыюк.

Фатаздымак з прысягі Андрэя стаіць у хаце на відным месцы

Старэйшы сын — пахаваны, сярэдняму — выдалі вайсковы білет

Алена Андрыянава распавяла, што вайскоўцы дапамаглі з арганізацыяй пахаваньня, прыяжджалі на могілкі.

У жанчыны яшчэ трое дзяцей — два сыны, 16 і 18 гадоў, і 12-гадовая Насьця, якая вучыцца ў жабінкаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей з захворваньнямі зроку. Старэйшаму з сыноў, якія засталіся, Аляксандру, ужо выдалі вайсковы білет, у войска ён ня пойдзе. Хлопец робіць у калгасе трактарыстам, цяпер ён — кармілец сям’і, заробак аддае маці.

Алена выхоўвае дзяцей адна. Іх бацька памёр больш як дзесяць гадоў таму. Жывуць небагата, Алена працуе ў калгасе рознарабочай. Трымаюць курэй, коз, парсючка. Сын Саша кажа, што трактарысту ў сэзон пасяўной ды жніва можна зарабіць досыць добра, а так заробкі невялікія — каля 2 мільёнаў.

Алена кажа, што па сьмерці сына сям’і будзе выплочвацца пэўная дапамога, дзеля якой яна зьбірае дакумэнты.

Каментары11

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі11

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Уладзімір Макей заўсёды браў на працу ссабойкі і казаў, што ў доме павінна пахнуць свежапрыгатаванай ежай8

Латыш пражыў 15 гадоў у Англіі і раптам пераехаў у глухую беларускую вёску. Цяпер трымае гусей і бажыцца, што шчаслівы20

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі4

«Страйк пакупнікоў». Чалы спрагназаваў зніжэнне цэнаў на кватэры6

Будаўніцтва трэцяй чаргі Зялёналужскай лініі метро: што ўжо зроблена і што яшчэ наперадзе1

Іран цалкам гатовы да «зацяжной вайны»7

У Будапешце затрымалі сем супрацоўнікаў украінскага Ашчадбанка з дзясяткамі мільёнаў даляраў35

Ці можна прадказаць рэвалюцыю? Навукоўцы прапануюць некалькі формул

Новыя, сучасныя лекі ці даўнія, ранейшыя прэпараты: у якіх пабочак больш?

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі11

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць