Грамадства3939

Маці Кірылы Сілівончыка: Мой сын маладзец, і дзякуй тым, хто яму дапамагае

22-гадовага грамадзяніна Беларусі Маскоўскі акруговы вайсковы суд асудзіў да двух гадоў калоніі-пасялення за радыкальныя антырасійскія заклікі, змешчаныя Укантакце.

Малады чалавек быў прызнаны вінаватым па артыкуле «Публічнае апраўданне тэрарызму ці публічныя заклікі да яго». У Расіі справы па гэтым артыкуле падпадаюць пад юрысдыкцыю вайсковага суда, нават калі абвінавачаны — цывільная асоба.

Сісадмін публікаваў на сваёй старонцы ў сацсетцы тэксты і малюнкі у падтрымку Украіны і з асуджэннем расейскай агрэсіі.

У прыватнасці, заяўляе пракуратура, ён заклікаў «вярнуць Крым Украіне». Былі там і іншыя радыкальныя выказванні. Цалкам прысуду ніхто пакуль не бачыў — як паведамілі журналістам у судзе, дадзены прысуд не падлягае публікацыі на сайце. Не мае прысуду і адвакатка Сілівончыка Юлія Баранец.

Урыўкі з прысуду, тым не менш, апублікавала ў Фэйсбуку беларуская журналістка Кацярына Кібальчыч, што працуе на расійскім Першым канале.

Блізкія і дзяўчына Сілівончыка падтрымлівалі яго, але спачатку маўчалі, бо баяліся рэакцыі. Аднак цяпер і яны пачынаюць гаварыць.

«Для мяне гэта загадка, бо сын анідзе і ані ў чым не ўдзельнічаў, — расказала ў інтэрв'ю радыё «Свабода» Наталля Сілівончык, што жыве ў Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці і працуе ў сталоўцы. — У Маскве наймалі адвакатаў у абарону Кірыла. Усё ішло да таго, што абыдзецца штрафам. Але вайсковы суд павярнуў па-іншаму. Такіх палітычных разглядае вайсковы суд. Мы не падавалі касацыйную скаргу, бо гэта мінімальнае пакаранне, якое маглі даць».

Наталля Сілівончык на суд не ездзіла, бо здароўе ў яе не найлепшае. Кірыл наказаў ёй не прыяжджаць. Паездка ж вымагае вялікіх грошай — і на квіткі, і на начлег. Маці дазналася ад адваката, у чым звінавацілі сына: «Адвакатка сказала, што ён пісаў нешта ў артыкуле, каб Украіна й Беларусь ядналіся супраць агрэсіі Расеі. Украінская тэма — яна даволі актуальная, і шмат моладзі пра гэта выказваецца. Але чамусьці іх не арыштоўваюць і не саджаюць, а вось Кірыл папаўся. Закрадаюцца такія думкі: штосьці тут не так, бо казалі ж, што там нічога такога крымінальнага няма. І тут хапнулі. Ну што гэтыя мае тэлефанаванні? Каб я магла быць на месцы, а то магла б і са следчым пагутарыць, і з сябрамі».

Сілівончык працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе сістэмным адміністратарам завода. Затрымалі яго з сябрамі, але што з імі, пакуль невядома. 

Маці не верыць у тым, што сын заклікаў да тэрарызму. Кажа толькі, што не варта было нешта дрэннае пісаць пра Расею, калі ў ёй жывеш і працуеш.

Сына свайго Натальля Сілівончык ведае як шчырага патрыёта Беларусі. І называе «нацыяналістам» — у добрым сэнсе гэтага слова:

«Ён «нацыяналіст» — на беларускай мове размаўляе. Ён нават пытаўся: «Мама, як ты ставішся да таго, што я размаўляю на беларускай мове?» Я кажу: «Добра, добра. Маладзец! Беларуская мова наагул губляецца, а яна павінна развівацца. Прагрэс павінен быць». Цяпер атрымліваецца так, што нават беларусы не могуць расейскае слова перакласці на беларускае. Нават чытаць некаторыя па-беларуску не могуць. І размаўляюць хіба на мясцовым дыялекце. Так што яго беларускую мову я толькі вітала».

Натальля апавяла, што ў яе трое дзяцей. Муж памёр у сярэдзіне 90-х. Кірыл наймалодшы з дзяцей — у чэрвені яму будзе толькі 23 гады. Ён скончыў у Гомелі машынабудаўнічы каледж па спецыяльнасці «праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій». І паступіў на завочнае навучанне ў Гандлёва-эканамічны ўніверсітэт. 

«Працы [ў Гомелі] не было. Разумееце, ён год знемагаўся. А там ён зрабіў замоўшчыку праграму — як праграміст. Ён ім спадабаўся. Канечне, ездзіў спачатку на пробныя заданні. Ён, як выявілася, руплівы, адказны. Так і застаўся», — расказвае маці.

Маці ўдзячная ўсім, хто праз інтэрнэт уздымае голас за вызваленне сына, які цяпер у СІЗА ў Ніжнім Ноўгарадзе. Толькі ёй не надта верыцца, што гэта нешта зменіць у Кірылавым лёсе, бо ў Расеі свае законы, свае парадкі: «Што ў сына прыхільнікі ёсць — за гэта вялікі дзякуй. Але ў мяне сумнеў ёсць, што гэта дапаможа. Магчыма, каб ён быў у Беларусі, то — так, можа, і дапамагло б. А там жа Расея. У іх свае законы, у нас — свае. І, ведаеце, магчыма, больш на гэтую тэму і гаварыць не буду».

Каментары39

Цяпер чытаюць

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі4

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі

Усе навіны →
Усе навіны

Ці могуць старшакласнікі адмовіцца ад вучэбна-палявых збораў?

Куды цяпер едуць вучыцца беларускія студэнты — топ краін і тэндэнцый14

У ЗША пацвердзілі выпадак заражэння хантавірусам

Брытанец з падазрэннем на хантавірус высадзіўся на самы аддалены востраў свету. Лондан адправіў яму на дапамогу медыкаў-парашутыстаў3

Атамныя мары Савецкай Беларусі: Браслаў, Віцебск, Лукомль ці Палессе? Чаму на Беларусі так і не з’явілася маштабная сетка АЭС4

Прэм'ер Індыі заклікаў грамадзян ашчаджаць паліва і не купляць золата

«Мяч на іх баку». Рыжанкоў распавёў пра адносіны з Польшчай21

Трамп двума словамі ацаніў ідэі Ірана аб завяршэнні вайны2

Даследчыкі абверглі папулярнае меркаванне пра эфект гарызантальных ці вертыкальных палосак на адзенні3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі4

Ці варта купляць закінутую хату за адну базавую і колькі гэта каштуе насамрэч? Вось што расказваюць людзі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць