Эканоміка33

Калектыў «Белграна» просіць Адміністрацыю прэзідэнта выратаваць завод ад цяперашняга кіраўніка

Калектыў ААТ «Белгран» напісаў ліст кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандру Косінцу, папрасіўшы яго выратаваць прадпрыемства ад яго цяперашняга кіраўніка Аляксандра Філіповіча, які вядзе завод да банкруцтва.

Як cказана ў звароце, некалі ААТ «Белгран», якое сёння ўваходзіць у склад ДВА «Мінскбуд», было магутным прыбытковым прадпрыемствам. Аднак апошнія кіраўнікі, па меркаванні работнікаў, фактычна ператварылі ААТ «Белгран» у завод-банкрут. Па сведчаннях работнікаў, якія яны прыводзяць кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, зараз прадпрыемства мае сукупныя страты ў памеры 15 млрд рублёў.

Аснова цяперашняга фінансавага недабрабыту, пішуць работнікі, была закладзена былым дырэктарам Генадзем Рашчупкіным, у дачыненні да якога два гады таму была заведзеная крымінальная справа па падазрэнні ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Пазней пракуратурай Партызанскага раёна Мінска ў дачыненні да былога дырэктара было таксама распачатая крымінальная справа па ч.2 арт.424 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Па дадзеных пракуратуры, былы дырэктар ААТ «Белгран», жадаючы пазбегнуць адказнасці за невыкананне плана па выпуску гатовай прадукцыі і атрымаць матэрыяльную выгаду, даў указанне падначаленым унесці заведама недакладныя звесткі аб прыняцці на склад гатовай прадукцыі, якая фактычна туды не паступала. Названыя дзеянні паслужылі падставай для налічэння дырэктару і іншым работнікам неабгрунтаваных даплат на суму каля 15 млн рублёў.

Калі арыштавалі дырэктара, выканаўцам яго абавязкаў стаў Аляксандр Філіповіч, які, як сцвярджаюць работнікі, нават не мае вышэйшай адукацыі. Між тым менавіта ён апошнія два гады і кіруе ААТ «Белгран». Як пішуць аўтары звароту, Аляксандр Філіповіч змог стаць в.а. дырэктара не дзякуючы сваім ведам і кампетэнтнасці, а з дапамогай асабістых сувязяў у Адміністрацыі прэзідэнта і Мінгарвыканкаме. Ён фактычна працягнуў разбуральную дзейнасць былога дырэктара, пішуць працаўнікі прадпрыемства.

«Уся яго дзейнасць зводзіцца да лётання па кабінетах «Мінскбуда» і выпрошвання грошай на зарплату. Прычым зарплату сабе і ІТР ён налічвае нядрэнную, нават свайму асабістаму кіроўцу сёння плаціць 10 мільёнаў, у той час як рабочы-распілоўшчык, які працуе ў пякельных умовах на састарэлым абсталяванні, атрымлівае не больш за 3 мільёны», — пішуць аўтары паслання ў Адміністрацыю прэзідэнта. Як сцвярджаюць яны, ААТ «Белагран» ужо некалькі гадоў запар не выконвае ні адзін з прагнозных паказчыкаў эканамічнай дзейнасці. Аднак цяперашні в.а. дырэктара Аляксандр Філіповіч у такой сітуацыі пачуваецца досыць добра.

Аўтары паслання ўказваюць таксама на вялікія страты, якія прадпрыемства панесла выконваючы заказ УП «Мінскметрабуда» па аздабленні новых станцый метро ў сталіцы. З бюджэту ў рамках дзяржпраграмы па будаўніцтве метрапалітэна для закупкі ўральских камянёў была выдзелена велізарная сума, але ААТ «Белгран» купіў камяні ў фірмы «Лайме», прадставіўшы яго як афіцыйнага дылера расійскага вытворцы. Аднак пасля таго, як грошы былі выплачаныя, высветлілася, што фірма на самай справе не дылер, а звычайная пасрэдніцкая структура. За нямэтавае выкарыстанне бюджэтных сродкаў на прадпрыемства былі накладзеныя штрафныя санкцыі ў памеры больш за мільярд рублёў.

Акрамя таго, у пасланні на імя кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта прыводзіцца факт незаконнай перадачы ў заклад банку часткі асноўных сродкаў прадпрыемства ў выглядзе аб'екта нерухомасці ў Мінску.

«Просім жорстка ўмяшацца», — просяць Аляксандра Косінца работнікі ААТ «Белгран».

Зоймецца Адміністрацыя прэзідэнта вывучэннем названых фактаў, альбо спусціць уніз, альбо наогул пакіне без увагі, пакажа бліжэйшы час. Як і тое, наколькі апісаныя ў калектыўным звароце факты адпавядаюць рэчаіснасці. Пакуль гэта толькі пазіцыя работнікаў, а не судовы прысуд. Але сам факт такога звароту ўжо сведчыць пра многае. Зрэшты, не выключана, што ў гэтай сітуацыі Аляксандру Філіповічу або «Мінскбуду» таксама ёсць што сказаць. З нецярпеннем чакаем іх каментароў.

Каментары3

Цяпер чытаюць

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты7

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Усе навіны →
Усе навіны

Міністр сувязі: Абмежаванні мабільнага інтэрнэту закрануць 1,7 мільёна беларусаў22

Сябар Усера Анатоль Вайцяхоўскі папрасіў дапамогі ў польскага суддзі-ўцекача Томаша Шміта11

З 1 лютага вырастуць «узроставыя» даплаты да пенсій

Прэзідэнтам Балгарыі стала Іліяна Ётава1

У Мінсувязі патлумачылі пра абмежаванне мабільнага інтэрнэту7

Сястра крымінальніка з магілёўскай турмы абурылася станам брата. І тут пачалося10

З ліпеня можна будзе папаўняць рахункі па нумары тэлефона3

Габрыэлюс Ландсбергіс: Ціханоўская ніколі не адступала, ніколі не баялася6

Запуск расійскага аналага Starlink перанеслі з-за правалу вытворчасці спадарожнікаў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты7

Як у галечы співалася радня Лукашэнкі? Малавядомыя факты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць