У Рагачоўскім раёне на месцы выяўлення цела васьмігадовага хлопчыка, які 21 жніўня знік без вестак у вёсцы Красніца, працуе следча-аператыўная група. Следчыя адпрацоўваюць некалькі версій гібелі дзіцяці, у тым ліку крымінальнага характару, паведамляе прэс-служба СК па Гомельскай вобласці.
Дзіця бавіла летнія канікулы ў бабулі. Апошні раз пенсіянерка бачыла ўнука на вуліцы каля дома прыкладна ў 10.00. У другой палове дня, калі дзіця не вярнулася дамоў, сваякі разам з аднавяскоўцамі пачалі яго шукаць.
Cамастойна ўстанавіць месцазнаходжанне хлопчыка не ўдалося, і наступнай раніцай маці зніклага звярнулася па дапамогу ў праваахоўныя органы.
Да пошукавых мерапрыемстваў акрамя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў далучыліся супрацоўнікі РАНС, «Асвода», раённага аддзела адукацыі, работнікі лясгаса, валанцёры. Яны прачэсвалі вёскі, абследавалі палі, лясы, азёры.

23 жніўня ў каналізацыйным адстойніку было знойдзенае цела дзіцяці, поўнасцю пагружанае пад ваду.
Паводле папярэдняга заключэння эксперта, смерць наступіла ў выніку ўтаплення. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці прызначаная судова-медыцынская экспертыза.
Пры першым аглядзе месца здарэння ўстаноўлена, што збудаванне з каналізацыйнымі водамі ўяўляе сабою калодзеж дыяметрам 6 метраў і глыбінёй прыкладна 5 метраў, практычна на ўсю глыбіню ўмантаваны ў зямлю. Паверхня збудавання накрытая бетоннымі плітамі. У цэнтры рэзервуара размешчаная тэхнічная адтуліна шырынёй 1 метр, прызначаная для візуальнага назірання за ўзроўнем напаўнення рэзервуара. Праём паміж плітамі агароджаны металічнымі прутамі. Рэзервуар уваходзіць у сістэму фільтравання палёў і знаходзіцца на балансе КЖЭУП «Рагачоў».
Следчыя адпрацоўваюць некалькі версій гібелі дзіцяці. Разглядаецца як крымінальны характар таго, што адбылося, так і версія няшчаснага выпадку.
Беражыце дзяцей, дадалі ў Следчым камітэце.
Каментары