23 жніўня ў Валожынскі РАУС патэлефанавалі жыхары вёскі Бузуны і расказалі, што ў іх ноччу невядомыя паламалі ў чатырох гаспадароў бетонныя агароджы.
Аператыўна-следчая група, што выехала на месца здарэння, у хуткім часе знайшла вінаватых, якія самі ва ўсім прызналіся.
Расказвае старшы следчы Валожынскага РАСК Сяргей Лапцік:
— Аказалася, што трое сяброў, мінчан, якім 21 год, у канцы жніўня прыехалі адпачыць на возера ў вёску Бузуны.
У суботу, 22 жніўня, яны пачулі музыку з боку вёскі. Вырашылі, што гук ідзе з мясцовага клуба, пайшлі патанцаваць.
Аднак музыка іграла ў двары мясцовага жыхара, які ў гэты дзень адзначаў юбілей. Гаспадары сказалі, што клуба ў вёсцы няма, а незапрошаных гасцей яны на сваім свяце не чакаюць.
Хлопцы засмуціліся, што патанцаваць не атрымаецца, і двое з іх са злосці сталі ламаць агароджы.
Заведзена крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства». Хлопцам пагражае да шасці год пазбаўлення волі.
Каментары