Грамадства2323

Фанат-антыфашыст: Не трэба змешваць Пагоню з палітыкай. Маці збітага падлетка: Заявы не пісалі ні я, ні сын

У сераду 18 лістапада міліцыя апублікавала відэа, на якім фанат калінкавіцкага футбольнага клуба «Вертыкаль» збівае заўзятара «ЮА-Буд-Жыткавічы».

«Кажы: «Я адпісваюся ад антыфашысцкага руху», — патрабуе крыўдзіцель. 

У дачыненні да нападніка Яўгена П. была распачатая крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства». Цяпер юнак знаходзіцца ў гомельскім СІЗА. Скандальнасці справе дадаў той факт, што Яўген быў у майцы з «Пагоняй».

«У каго яшчэ ёсць пытанне «Прычым тут Пагоня?» — было напісана ў суправаджальным твіце ад імя міліцыі.

Каб больш даведацца пра гэту гісторыю, Еўрарадыё звязалася з сябрамі падазраванага, дырэктарам яго навучальнай установы і пацярпелым, які, аказваецца, не звяртаўся ў міліцыю пасля інцыдэнту. 

Той самы 17-гадовы фанат Яўген, які на відэа збівае антыфашыста, навучаецца на будаўніка ў адной з устаноў Мазыра.

«Па Жэні ніякіх пытанняў раней не ўзнікала. Ні па навучанні, ні па наведванні, ні па паводзінах, — канстатуе дырэктар вучэльні. — Яго маці — сацыяльны педагог у школе. Таму калі я пабачыў гэты ролік, то спачатку паверыць не мог, што гэта сапраўды Жэня».

«Ён нацысцкіх поглядаў не прытрымліваецца, — пераконвае Андрэй, сябар падазраванага па фанацкай трыбуне. — Я раскажу вам, як было. Бойка з тымі фанатамі завязалася не таму, што адны фашысты, а іншыя — антыфашысты, а таму, што хлопцы з Жыткавічаў — выскачкі. Яны займаюцца дурыстыкай, выкабеньваюцца. Нашы хлопцы проста гулялі па горадзе, а групоўка Жыткавічаў іх пачалі правакаваць, абражаць. Вось з чаго пачалося. Тыя сталі ў стойку, адрэналін, завязалася бойка. Апаненты далі дзёру, а адзін з іх забег у тупік. З ім пачалі размаўляць».

Еўрарадыё: Гутарка многіх шакавала…

Сябар падазраванага: Там быў старэйшы хлопец, які прыехаў у Жыткавічы на машыне. Ён дыктаваў Жэню, якія пытанні трэба задаваць.

Еўрарадыё: Чаму Яўген выкарыстоўваў Пагоню?

Сябар падазраванага: Таму што гэта старадаўні герб Беларусі. А ён — за Беларусь. Ён нармальны хлопец, займаўся спортам, не мае шкодных звычак.

Еўрарадыё: Як так атрымалася, што відэа трапіла ў інтэрнэт?

Сябар падазраванага: Адзін хлопец гэта здымаў. Усім на тэлефоне паказаў, а потым сказаў, што выдаліў. А ўвечары яно з’явілася ў сацсетках у пасце «Паездка ў Жыткавічы». Яно правісела двое сутак. Аўтару ўвесь час казалі: «Выдалі». Ён не слухаўся. А калі выдаліў, было ўжо 3000 праглядаў. А праз тыдзень проста на ўрокі прыехала міліцыя і вывела Жэню ў кайданках.

На відэа падазраваны выглядае вельмі пагрозліва. У яго ўласным фотаархіве такой агрэсіўнасці не бачна. А вось неанацыскія сімвалы на старонцы ў Яўгена знаходзім. Па суседству з Пагоняй гэта выглядае жахліва.

Што праўда, праявы неанацызму з боку фанатаў на стадыёне заўважаныя не былі, кажа вядомы заўзятар ФК «Вертыкаль» Васіль Паўлоўскі, які дапамагае клубу ў арганізацыйных пытаннях.

«Увогуле з фанатамі не маю нічога супольнага. Выходзіць, яны так любяць клуб, раз такім чынам выкарыстоўваюць яго імя, — абураецца Паўлоўскі. —Што яны прапагандуюць, не ўяўляю. Магчыма, для іх гэта проста забава, а для мяне клуб — сэнс жыцця. «Вертыкалі» гэта сітуацыя вельмі нашкодзіла. Знайшоў спонсараў — і з-за гэтага скандалу яны ад нас адвярнуліся».

Еўрарадыё звязалася з 16-гадовым Віктарам, якога біў падазраваны. Трубку перахоплівае маці пацярпелага. Яна абураная тым, што МУС выставіла інцыдэнт на паказ:

«У мяне тэлефон чырвоны, мне сёння ўсе знаёмыя тэлефануюць. Заяву не пісала ні я, ні Віця. Але ў выніку тлумачэнні давялося даваць цягам чатырох гадзін. Той, хто біў, займаецца барацьбой. У іх там спартовыя прынцыпы, вагавыя катэгорыі. Але яны супраць усіх правілаў напалі на сына. Добра, што ўсё абышлося, усе мы пад Богам ходзім. Усе знаёмыя ў шоку ад гэтага відэа. Проста ўрод. Па-іншаму яго не назавеш».

Фанат-антыфашыст: «Пагоня — гэта агульны трэнд, які нельга змешваць з палітыкай. Сімвал выкарыстоўваюць усе»

Яшчэ некалькі гадоў таму фанаты-антыфашысты былі адной з наймацнейшых каляфутбольных груповак Беларусі. Але пасля развалу клуба «Партызан» рух развівацца перастаў. Адзін з аўтарытэтных фанатаў-антыфашыстаў пракаментаваў Еўрарадыё допіс прэс-службы МУС:

«Мы таксама выкарыстоўваем «Пагоню» і ўсё часцей схіляемся да беларускай мовы. Шкада, што майку з гістарычным сімвалам надзяваюць баны [ад «бон», «бонхед» — слэнгавае слова на неанацыст]. Але гэта сведчыць пра агульную папулярнасць сімвала. Гэта трэнд. Не трэба змешваць Пагоню з палітыкай. Пагоня — гэта велічнасць беларускай гісторыі. Адукаваны чалавек і патрыёт Беларусі не можа адмаўляць значнасці гэтага сімвалу»

Каментары23

Цяпер чытаюць

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Усе навіны →
Усе навіны

Байдэн судзіцца з адміністрацыяй Трампа праз уласныя мемуары1

Знойдзены манускрыпт чарнакніжніка з Радашковіч, які лічылі страчаным7

Іран заявіў аб удары па амерыканскай авіябазе. ЗША нанеслі новыя ўдары па Іране7

Японія ў палоне маштабнай алергіі. У гэтым вінаваты праект 1950‑х гадоў2

«Арменія — гэта ўжо не абрабаваная вамі і вашымі партнёрамі краіна». Пашынян рашуча адказаў Лукашэнку18

У праваслаўнай парафіі на поўдні Польшчы царкоўная ўрачыстасць ператварылася ва ўслаўленне Расіі. З пратэстам выступілі лемкі33

Драма ў жывым эфіры: чорны бусел прагнаў ад гнязда арлана-белахвоста ВІДЭА

У Мінску пачалі будаваць першы аб'ект трэцяй кальцавой дарогі

На гродзенскіх пляжах з'явілася незвычайная тэхніка. Яна будзе працаваць усё лета2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Няўдалае тэхнічнае рашэнне дорага абышлося арганізатарам галасавання ў Каардынацыйную раду

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць